Гады ў рады. Уласна бел. Занадта рэдка, з вялікімі, працяглымі прамежкамі (бываць дзе-н., бачыцца, сустракацца з кім-н., зайсці куды-н. і пад.). Жэня паехала, як многія тады, у Пецярбург, працавала там на панчошнай фабрыцы, гады ў рады наведваючыся ў Аўсянікі (Я. Брыль. Золак, убачаны здалёк). Зрэдку фразеалагізм ужыв. і з перастаноўкай кампанентаў (у форме рады ў гады). А кніжка ж не з тых, якія чытач бярэ і будзе браць у рукі толькі «рады ў гады» (Ф. Янкоўскі. Навукова, грунтоўна).
Знешняя нелагічнасць унутранай формы гэтага фразеалагізма вытлумачваецца тым, што тут спайка кампанентаў рэгулюецца рыфмай. У падобных рыфмаваных выразах фармальнае нярэдка пераважае над лагічным, семантычным. Магчыма, у аснове фразеалагізма — вобраз гадоў, выстраеных у рады. Абумоўлены рыфмай кампанент рады першапачаткова мог асацыіравацца з радзей, чым трэба, чым хацелася б. Параўн. у «Слоўніку беларускай мовы» І. І. Насовіча: рэдзь у рэдзь ‘вельмі рэдка’.
Газеты чытаць. Уласна бел. Галадаць (звычайна пра каня). [Ладымер: ] Мы старыя гаспадарскія хлявы паразбіралі, а новага не паробім, от на зіму і паставім коні на скавышы газеты чытаць (К. Чорны. Лета).
Склаўся, відаць, на аснове даўнейшага, зафіксаванага І. І. Насовічам выразу глагалы чытаць ‘іржаць, будучы без корму’, першапачатковае значэнне якога ‘гучна чытаць малітвы на пачатку ютрані — ранішняй царкоўнай службы’ Устарэлае і незразумелае глагалы было заменена словам газеты.
Галава варыць у каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. разумны, кемлівы, знаходлівы. Васька — маладзец: галава варыць у яго (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі).
Можна лічыць, што кампанент галава тут удзельнічае ў стварэнні агульнага фразеалагічнага сэнсу сваім зыходным, першасным значэннем ‘верхняя частка чалавечага цела, якая заключае ў сабе мозг’ — з патэнцыяльнымі семамі, якія ў слоўнікавых дэфініцыях не паказваюцца: ‘умяшчальня разумовых здольнасцей’. Параўн., напрыклад: «Галава ў яго не дурная…» (Ц. Гартны). Або: «Сэрца ў цябе залатое. А галава, дык я ўжо і не ведаю, як сказаць… міністэрская, не іначай» (К. Крапіва). Дзеяслоўны ж кампанент варыць выконвае фразеўтваральную функцыю. Параўн. паралелі ў некаторых іншых мовах: польск. głоwkа ргасujе (літаральна «галоўка працуе»), балг. сече главата (літаральна «працуе галава»), іспан. саbеzа сагburа (літаральна «галава карбюрыруе»), турэц. кufаsі іаlетеk (літаральна «галава робіць»).
Галава тлуміцца чыя, каго чым, кім. Уласна бел. Хто-н. уводзіцца ў зман, заблытваецца кім- ці чым-н. У маналозе даецца ясны адказ на ўсе гэтыя «быць альбо не быць», якімі ўжо каторае дзесяцігоддзе тлумяцца галовы неразумных людзей (В. Гігевіч. I сказана было…).
Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага тлуміць (дурыць) галаву (каму), першае значэнне якога — ‘знарок падманваць каго-н.’.
Галаву мыліць (намыліць) каму. Абазначае ‘моцна прабіраць каго-н., выгаворваць з дакорам’. Бывала, у нас, на Кубані, калі жніво, камбайн пастаіць у стэпе гадзіну, то таму камбайнеру галаву адразу намыляць. А тут!.. (І. Мележ. Мінскі напрамак).
Ужыв. толькі ва ўсходнесл. м., і гэта дало падставу некаторым даследчыкам звязваць узнікненне фразеалагізма з даўнейшай бестэрміновай салдацкай службай у Расіі, са звычаем брыць навабранцам ілбы, а значыць, і намыльваць галаву. На самай справе выраз намыліць (мыліць) галаву склаўся ў XIX ст. на аснове фразеалагічнай калькі з ням. м. (dеп Корf wаsсhеп — «галаву мыць»; параўн. у сучаснай польск. м.: zmуć — таксама калька з ням. м.). Ва ўсходнесл. м. атрымалася замена дзеяслоўнага кампанента словам той жа семантычнай групы (мыць — мыліць).
Галаву прыхінуць (прыхіліць, прытуліць) дзе, да каго. Калька з царк. — слав. м. (приклонить главу). Знайсці прыстанішча, жыць, знаходзіцца дзе-н. ці ў каго-н. А каму цяпер лёгка? Да самага Падмаскоўя ўсё спалена, зруйнавана, адны коміны стаяць, галавы няма куды прыхінуць (С. Грахоўскі. Ранні снег). Я прашу вас… мне каб толькі… галаву прыхіліць… дачакаць дню… (Э. Самуйлёнак. Будучыня).