Крыніцай выразу паслужыў евангельскі тэкст (Лука, 9, 58). Ісус сказаў пра сябе беспрытульнаму бедняку: «Лісіцы маюць норы і птушкі свае гнёзды, а сын чалавечы не мае дзе прыхінуць галаву».
Галасаваць (прагаласаваць) абедзвюма рукамі за кого, за што. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. голосовать обеими руками, укр. голосувати обома руками). З вялікай ахвотай і поўнасцю падтрымліваць каго-, што-н. — Палешукі абедзвюма рукамі галасуюць за Саветы, — адказаў Галавін, — аднак баяцца, што адна Беларусь не выстаіць супраць белапольскіх легіянераў (І. Гурскі. Вецер веку).
Утвораны па аналогіі з ужо існуючым фразеалагізмам хапацца абедзвюма рукамі за што (гл.). У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.
Галопам па еўропах. Запазыч. з руск. м. (галопом по европам). Павярхоўна, не сур’ёзна, не ўдаючыся ў дэталі (рабіць што-н.). Аўтар нават не перагарнуў падручнікі, не кажучы ўжо пра тое, каб прайсціся па іх хоць бы ў сваёй манеры «галопам па еўропах» (Р. Шкраба. Супраць нігілізму і дылетанцтва ў літаратуразнаўстве).
Паходзіць ад назвы апублікаванага ў 1928 г. артыкула рускага паэта А. А. Жарава. У артыкуле апісваецца кароткая паездка аўтара па краінах Еўропы.
Ганяць гусей. Уласна бел. Ужыв. у дачыненні да п’янага са значэннем ‘ісці хістаючыся’. Лядзяш, ацяжэлы, лічы, віснуў на Алесевым плячы і, як кажуць, ганяў гусей — хістаўся ўбакі, гроб нагамі зямлю, падаў (Г. Далідовіч. Гаспадар-камень).
Склаўся на аснове аднайменнага свабоднага словазлучэння ў выніку яго метафарызацыі. Пастух, гонячы чараду гусей, мусіць ісці ўслед за імі не па прамой, а па ламанай лініі.
Гарадзіць плот. Уласна бел. Выкручваючыся ў размове, гаварыць глупства, выдумляць што-н. Янка, Янка! Што віляеш? Каго за нос водзіш? Ці мяне за дурня маеш? Што ты плот гародзіш? (Я. Колас. Як Янка забагацеў).
Выраз генетычна каламбурнага характару. Склаўся ў выніку адначасовай рэалізацыі прамога і пераноснага значэнняў дзеяслова гарадзіць (‘ставіць што-н.: паркан, плот і пад.’ і ‘гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць’) з далейшым дапаўненнем каламбурна выкарыстанага дзеяслова экспрэсіўным дадаткам плот.
Гарачая галава. Калька з франц. (têle сhаudе) ці ням. (еіn hіtzіgеr Корf) м. Нястрыманы, неразважлівы чалавек, які захапляецца, дзейнічае паспешліва. Хто пра іх паклапоціцца, абароніць ад такіх гарачых галоў, як ротмістр Ягашын? (І. Шамякін. Першы генерал).
Абодва кампаненты сэнсава суадносяцца з такімі ж словамі свабоднага ўжывання ў пэўных іх перыферыйных значэннях ці адценнях: гарачы — са значэннем ‘запальчывы, нястрыманы’: «Юра гарачы, упарты» (Я. Бяганская); галава — з адценнем ‘чалавек як носьбіт якіх-н. уласцівасцей, якасцей’: «Букрэй быў вядомы ў батальёне як адважная, смелая, камбінатарская галава» (Я. Колас). Дарэчы, у ням. м. прыметнік hіtzіg абазначае ‘гарачы, запальчывы’, а складаны назоўнік Ніtzkорf — ‘запальчывы чалавек’.
Гарматнае мяса. Калька з франц. м. (сhаіr а сапоп). Салдацкая маса, асуджаная на знішчэнне, на пагібель. Гарматнае мяса скуплялі вярбоўшчыкі ўсюды ў цёмных прытонах зямлі (П. Панчанка. Да ганебнага слупа!).
Крылаты выраз належыць франц. пісьменніку Ф. Шатабрыяну, які ў памфлеце «Пра Банапарта і Бурбонаў» (1814) пісаў, што пры Напалеоне пагарджалі чалавечым жыццём і Францыяй, а «навабранцаў называлі сыравінай і гарматным мясам».
Геркулесавы слупы чаго. Ужыв. ва ўсходнесл., польск. і некаторых іншых мовах са значэннем ‘вышэйшая, крайняя ступень, мяжа чаго-н.’. Тры арыфметычныя дзеянні — складанне, адыманне і множанне — з’яўляліся геркулесавымі слупамі яго [Дамініка Ануфрыевіча] пісьменнасці (В. Івашын. Янка Купала).
Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія, міфы пра подзвігі Геркулеса. Першапачаткова геркулесавымі слупамі называлі дзве скалы на супрацьлеглых берагах Гібралтарскага праліва — «край свету», паводле ўяўлення старажытных грэкаў. Паставіў гэтыя слупы нібыта Геркулес, які прайшоў усю Афрыку і дасягнуў «канца зямлі».
Гісторыя з геаграфіяй. Агульны для ўсходнесл. м. Нечаканы ход падзей, непрадбачаныя абставіны. — Слухай, Свіст, а завошта ты ў лагер трапіў? — Ах, гэта доўгая гісторыя. Гісторыя з геаграфіяй. Была справа, ага (В. Быкаў. Жураўліны крык).