Даўней у школах царскай Расіі выкладаўся прадмет «гісторыя з геаграфіяй». Ад гэтай назвы і ўзнік фразеалагізм, які будуецца на каламбурным сутыкненні і адначасовым выкарыстанні двух значэнняў слова гісторыя: ‘вучэбная дысцыпліна’ і ‘здарэнне, выпадак’.
Глухая цяцера. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. глухая тетеря, укр. глуха тетеря). Ужыв. у дачыненні як да жанчыны, так і да мужчыны і абазначае ‘чалавек, які кепска чуе’. I так, відаць, Хвядосу было прыемна валтузіцца з возам, што ён не пачуў, калі падышла Насця. Яна пабаялася, каб хоць не злякаць гэтую глухую цяцеру, і яшчэ за колькі метраў моцна кашлянула: — Кхе-кхе! (В. Гардзей. Жыта ганьбу не заслоніць).
Утварыўся на аснове фразеалагізма глухі цецярук (гл.).
Глухі цецярук. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. глухой тетерев, укр. глухий тетерук). Мужчына, які кепска чуе. [Макрына: ] Тады сядзі на печы і не швэндайся па хатах!.. [Мікола: ] Але ў латах! Увесь у латах… ведама, бедны!.. [Макрына: ] Ото, глухі цецярук!.. (У. Галубок. Краб).
Склаўся на аснове назіранняў за паводзінамі цецерука ў часе такавання. Будучы вельмі асцярожнай і чуткай птушкай, цецярук на такавішчы, распусціўшы крылле, «песняю выклікае, падзывае сваю сяброўку» (А. Бялевіч) і тады нічога не чуе і не бачыць. У гэты час да яго можна лёгка падысці паляўнічаму.
Глядзець (глянуць) праз (скрозь) пальцы на каго, на што. Калька з ням. м. (durсh dіе Fіпдег sеhеn). Свядома не заўважаць што-н., знарок не звяртаць увагу на што-н. (часцей адмоўнае). Нават камісар брыгады Павел Адамавіч, вельмі строгі даўсялякіх «анархічных выбрыкаў», як ён казаў, на гулянку разведчыкаў глядзеў скрозь пальцы (І. Шамякін. Шлюбная ноч).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.
Глядзець праз ружовыя акуляры на каго, на што. Калька з ням. м. (durch rоsіgе Вгіllе sеhеn). Не заўважаючы недахопаў у кім-, чым-н., ідэалізаваць каго-, што-н. [Касцюшка] проста начытаўся кніг і глядзеў на жыццё, на свет праз ружовыя акуляры (І. Навуменка. Летуценнік).
Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.
Глядзець праз (цераз) чорныя акуляры на каго, на што. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. смотреть сквозь черные очки, укр. дивитися крізь чорні окуляри). Не заўважаючы нічога добрага ў кім-, чым-н., чарніць, ганьбаваць каго-, што-н. Адкульу цябе гэтая хвароба? На ўсё глядзіш цераз чорныя акуляры. Лазавенка цябе падседжвае, «топіць»… Ладынін яму дапамагае… (І. Шамякін. У добры час).
Узнік як антанімічнае ўтварэнне на аснове фразеалагізма глядзець праз ружовыя акуляры на каго, на што (гл.).
Глядзець у корань. Паўкалька з руск. м. (смотреть в корень). Унікаць у сутнасць, звяртаць увагу на самае істотнае, галоўнае ў якойсьці справе. Трэба глядзець… у корань! Дарогі назад няма, так і скажыце ўсім (І. Мележ. Подых навальніцы).
Крылаты выраз, аўтар якога К. Пруткоў. У яго «Думках і афарызмах» (1854) пад нумарам 6 ідзе: «Смотри в корень!»
Глядзець у лес. Гл. у лес глядзець.
Глянуць праз пальцы на каго, на што. Гл. глядзець (глянуць) праз (скрозь) пальцы на каго, на што.
Гнацца (пагнацца) за двума зайцамі. Агульны для ўсходнесл. м. Брацца адразу за некалькі спраў. Касцюшка ідзе да рэдактара з заявай аб звальненні. Нельга гнацца за двума зайцамі. Трэба выбіраць адно: работу ў газеце ці заняткіў аспірантуры (І. Навуменка. Летуценнік).
Паходзіць з прыказкі За двума зайцамі пагонішся, ніводнога не зловіш і знаходзіцца ў семантычнай сувязі з яе сэнсам ‘калі возьмешся адразу за некалькі спраў, не даб’ешся вынікаў ні ў адной’. Дзеяслоўны кампанент фразеалагізма набыў здольнасць рэалізаваць розныя формы: ганюся, гонішся, пагналіся і інш.
Гнуць <сваю> спіну (горб). Калька з франц. м. (соurbеr lе dos). Ужыв. са значэннямі ‘мардаваць сябе працай’ і ‘працаваць на каго-н.’ Цяпер рабочыя пакажуць, як з імі трэба абыходзіцца. Годзе гнулі свае спіны (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Парадак, пры якім адны пануюць, другія — гнуць на іх спіну, Рагамед лічыў асуджаным на пагібель (І. Навуменка. Смутак белых начэй).