5. Утварэнне на базе фразеалагізмаў дзеяслоўнага тыпу выразаў, структурна арганізаваных як двухсастаўны сказ. Так, на аснове звязваць (звязаць) рукі каму ‘пазбаўляць магчымасці свабодна дзейнічаць’ узнік фразеалагізм рукі звязаны ў каго ‘хто-н. пазбаўлены свабоды дзеянняў, магчымасці рабіць так, як хочацца’. Аналагічна ўтварыліся такія, напрыклад, выразы: вочы вялікія зрабіліся ў каго, канцы з канцамі зводзяцца ў каго, дзе, мячы скрыжоўваюцца дзе, святло праліваецца на што.
6. Утварэнне прыслоўных фразеалагізмаў на базе дзеяслоўных. Так, выразы ні вока ні бока, пад сукном, з затоеным дыханнем, з разбітым сэрцам сфарміраваліся на аснове дзеяслоўных фразеалагізмаў не глядзець ні вока ні бока, ляжаць пад сукном, затаіць дыханне, разбіваць (разбіць) сэрца каму, чыё.
Іншыя працэсы ўнутрыфразеалагічнай дэрывацыі непрадуктыўныя. Гл., напрыклад, як неаднатыпна ўтварыліся фразеалагізмы без задняй думкі, без цара ў галаве, да белых мух, да глыбіні душы, лезці смалой у вочы каму, да каго, на вярбе грушы растуць у каго, язык дрэнна падвешаны ў каго.
Калі фразеалагізм мае два значэнні, а то і больш, у слоўніку часта паказваецца, якое значэнне непасрэдна звязана з першаасновай і як складваліся іншыя значэнні.
У некаторых слоўнікавых артыкулах этымалагічная даведка адсутнічае, а этымалогія абмяжоўваецца паказчыкам, з якой мовы пэўны выраз скалькаваны.
Пры апісанні фразеалагізмаў выкарыстоўваюцца скарачэнні (гл. «Спіс скарачэнняў»).
Перш чым падаваць у алфавітным парадку слоўнікавыя артыкулы, ёсць неабходнасць асобна і больш падрабязна спыніцца на трох фразеалагізмах, этымалагізацыя якіх не ўкладваецца ў прынятую схему слоўнікавага артыкула.
1. Многія сучаснікі не ведаюць, што акадэмічны «Руска-беларускі слоўнік» (1953) укладаўся ў цяжкіх умовах ваеннага часу і ў першыя пасляваенныя гады і што ў яго складальнікаў і рэдактараў не было пад рукамі ні картатэкі, ні даведачнай літаратуры. А без шматтысячнай картатэкі з ілюстрацыйным матэрыялам як асновы любога слоўніка, перакладнога і тлумачальнага, цяжка пазбегнуць памылак. Напрыклад, рускі назоўнік кожимит (утварэнне ад «имитация кожи») пераклалі з парушэннем яго этымалагічнай матывацыі: скураміт. Фразеалагізму в порядке вещей у якасці адпаведніка даецца свабоднае словазлучэнне «звычайная рэч». Згаданы слоўнік пасля перавыдаваўся шмат разоў, але ва ўсіх выданнях так і захавалася: «в порядке вещей — звычайная рэч».
А між тым в порядке вещей — гэта паводле свайго ўзнікнення не ўласна рускі фразеалагізм, а калька з французскай мовы: с’еst dans J’оdre dеs сhоsеs (літаральна «гэта ў парадку рэчаў»). Таму ў форме ў парадку рэчаў ён мае ўсе падставы на функцыянаванне і ў беларускай літаратурнай мове. Сведчаннем яго нарматыўнасці з’яўляецца маўленчая практыка аўтарытэтных аўтараў. Ён шырока выкарыстоўваецца ў нашым друку. Вось толькі тры прыклады з вялікага мноства: «Цяжар таго, што застаецца толькі тваім, да болю ясны позірк на самога сябе збоку, незадавальненне сабой наогул і апошняй работай у прыватнасці. Няўжо гэта — у парадку рэчаў, нармальна?» (Я. Брыль); «Жонка бегала па магазінах, варыла, мыла бялізну, нават машыну вадзіла. Ён [муж] лічыў, што гэта ў парадку рэчаў» (І. Навуменка); «Тут усё ў парадку рэчаў А зямля так пахне зямлёй!» (А. Вярцінскі).
Як бачым, і ў нашай мове, гэтак жа, як у французскай, рускай і некаторых іншых, фразеалагізм ужываецца як выказнік, часцей пры дзейніку-займенніку гэта, і абазначае ‘звычайна, нармальна, натуральна’. Можна спадзявацца, што беларускія акадэмічныя слоўнікі ўключаць гэты выраз у фразеалагічны фонд мовы як неаспрэчны моўны факт.
2. У беларускай літаратурнай мове ёсць каля 300 фразеалагізмаў з нерэальным вобразам у іх аснове. Іх узнікненне — плён народнай фантазіі. Асобныя з іх склаліся і пад пяром пісьменнікаў. Напрыклад, К. Крапіва стварыў выраз выдраць лысаму валоссе, З. Бядуля — рыцар ночы, К. Чорны — адмыкаць адамкнёныя дзверы.
У аснову гэтых і падобных фразеалагізмаў пакладзены прыдуманыя, нерэальныя вобразы, вельмі многія з іх сэнсава алагічныя: ваду ў ступе таўчы, грушы на вярбе, дзірка ад абаранка, сёрбаць лапцем боршч, голаму за пазуху, як босаму разуцца, сабакам сена касіць, сем пятніц на тыдні, ад яйца адліць, вароты пірагамі падпёрты (у каго), выходзіць сухім з вады, абуць сэрца ў лапці, смаловы дуб, бярозавая каша, цырк на дроце і шэраг іншых залацінак народнай мудрасці.