Выбрать главу

Сюды можна было б аднесці і фразеалагізм птушынае малако, але гэта патрабуе некалькіх агаворак.

Па-першае, у адрозненне ад папярэдніх, ён інтэрнацыянальны, яго ўжываюць (з такой самай вобразнасцю, значэннем, стылістычнай афарбоўкай і аднолькавай ці пашыранай граматычнай структурай) не толькі славяне, але і грэкі, італьянцы, іспанцы, французы, літоўцы, татары, венгры, албанцы і шмат якія іншыя народы. Выраз з’яўляецца калькай з грэчаскай мовы: gаlа огпithon (літаральна «малако птушынае»). Ён неаднаразова сустракаецца ў творах старажытных грэчаскіх паэтаў, якія, апяваючы прыродныя багацці вострава Самаса, пісалі, што там ёсць нават птушынае малако.

Па-другое, у беларускіх, рускіх, украінскіх і польскіх тлумачальных і фразеалагічных слоўніках выраз падаецца не як двухкампанентны, а ў пашыранай граматычнай структуры — толькі (аднаго) птушынага малака няма (не хапае, бракуе) у каго — і абазначае ‘усяго ўволю, удосталь’. Напрыклад: «Пра Казіміра Ляшчынскага гаварылі, што ў таго не хапае толькі птушынага малака» (М. Парахневіч). Праўда, як будзе далей паказана, на самай справе ў нашай мове выраз існуе і як назоўнікавы — у форме птушынае малако.

Па-трэцяе, можна меркаваць, што на ўзнікненне гэтага фразеалагізма паўплывалі не прыдуманыя, а рэальныя з’явы з жывёльнага і расліннага свету. Як вядома, шмат якія птушкі, напрыклад галубы ці пінгвіны, кормяць сваіх птушанят падобнай на малако тварожыстай масай, што выпрацоўваецца ў валляку бацькоў-птушак. Біёлагі называюць такую ежу птушыным малаком. I яшчэ: ва ўсіх батанічных даведніках адна з раслін мае назву птушкамлечнік (оrnithодаlum), вядомую ўжо старажытным рымлянам. Гэта — цыбулевая расліна з бязлістым сцяблом (кветкавай стрэлкай) і прыкаранёвым лісцем. Сокам гэтай расліны, якую ў народзе называюць птушыным малаком, ласуюцца птушкі. Такім чынам, птушкамлечнік можна лічыць першым значэннем фразеалагізма птушынае малако. Прыклад з рамана З. Бядулі «Язэп Крушынскі»: «— Не бойся, маленькая, — супакойвае Настачка. — На табе птушынае малако! — Настачка нагінаецца, адрывае траўку пад назваю „птушынае малако“. 3 сцяблінак мяккай расліны паказваецца густы, як малако, сок».

Найбольш вядомае ж і ўсім знаёмае значэнне гэтага фразеалагізма — ‘нешта неверагоднае, казачнае, яўна немагчымае (часцей пра яду)’: «У нас, бывае, разбэшчваюць спартсменаў з самых юных гадоў Ты толькі выступі добра, а мы табе і птушынага малака не пашкадуем. Рэкорды спартсменаў адыходзяць, а звычка да птушынага малака застаецца» (М. Замскі); «У рэстаранах гэтых, казалі, хіба толькі птушынага малака не падавалі» (І. Шамякін); «Сакратар [паслаў мяне] да вас. У нёго, кажэ, все е, і картопля, і, калі захочаце, птушынае малако»(А. Макаёнак); «Лідачка старалася ўсяк дагадзіць яму. Каб захацеў ён птушынага малака, то, здаецца дастала б» (Г. Далідовіч); «Чаго ж у нас бракаваць будзе? Птушынага малака хіба?» (І. Козел). Дарэчы, у англійскай мове прыметнікавы кампанент фразеалагізма з гэтым значэннем іншы, канкрэтызаваны: рідеоп's тіlk (літаральна «галубінае малако»).

Птушыным малаком называюць яшчэ і вельмі смачны торт, а таксама цукеркі асобнага гатунку: «Няёмка спрачацца з прадстаўнікамі радыяцыйнай службы, бо няма ніякіх сумненняў, што яны добра ўяўляюць абстаноўку ў пацярпелых раёнах, калі іх не заманіш у забруджаныя мясціны нават птушыным малаком — дэфіцытам, які сапраўды вырабляецца з мясцовых прадуктаў у брагінскай кулінарыі» (А. Крыга); «Люда знайшла на вышках у саломе скрынку з-пад „птушынага малака“» (В. Бабкова).

3. Апошнім часам сталі даволі моднымі асобныя выразы і словы. Сустракаючы іх у друкаваных тэкстах ці чуючы ў вусным маўленні, не заўсёды лёгка дакапацца да іх сэнсу. Ды і многія з тых, хто іх ужывае, наўрад ці адкажуць, што абазначае той ці іншы выраз або слова. У свой час Леў Талстой, можа, і занадта сурова ставіўся да такіх выпадкаў: «Калі б я быў цар, то выдаў бы закон, што пісьменнік, які ўжыў слова, значэнне якога ён не можа растлумачыць, пазбаўляецца права пісаць і атрымлівае сто ўдараў розгаў».