Выбрать главу
Пустая стыне павець, Няцесна восені ў клеці. I нельга душу сагрэць У гэтым халодным свеце.
* * *
Самоту ўзаруць домыслу лемяшы. Хай рызыка вас вьшрабоўвае. Надзею майце, як якар душы, Каб не захлынулі вас хвалі жыццёвыя.
Вяжыце на руме трывання плыты, Каб з прорвы нявер’я выплысці. Карэц нябеснае мілаты Прыміце ў пакорлівай сціпласці.
Пакуль ваш позірк не прывялі У цемнач сцяжыны рупныя, Жывеце, як першы раз на зямлі, Шануючы час, бо дні падступныя.
* * *
He схаваць берагі асацэ. Глухне храм без малебна. Не можа вока сказаць руцэ: — Ты мне не патрэбна.
На тое й вока, каб мераць даль, Рука — каб рукацца. Набягае калючай слязою жаль. Мазалём плоціць праца.
Прызнае меліну глыбіня. Сцюжай грэбуе спёка. Ад парушыння, ад наслання Даланя засланяе вока.
* * *
Пражэрліваму ашчэру Свой голад не давярайце. Збіраючыся на вячэру, Адно аднаго чакайце.
Свой голад не ашукае Галодная ваша вера, Адно гамана людская Расквокчацца, як цяцера.
У хатцы, а не ў палацы Смялее жабрачая лера. I можа апошняй стацца Маўклівістая вячэра.

Зямля абяцаная

Нязломленасць

А неба глядзіць з-пад зялёных стрэх, I сосны ягоным даверам бадзёрыя. Ігліца, Сыплючыся на снег, Праносіць раскрылае V — V   I     С       Т         О           R             I               А!

Матрыярхат

У паваеннай мамінай хаце Сяк-так надзеты — I неяк пад’еты Я гадаваўся пры матрыярхаце, Ловячы водсвет Лучыннай асветы.
А мама казала: Хата рагата. Цямнелася хата не без прычыны. I ёй не хапала патрыярхату, I мне не хапала Сухой лучыны.

* * * Дзе карані твае…

Дзе карані твае, Адкуль твой род пачаўся, Ці з прыцемкаў быцця, Ці з цемры небыцця,— Пытанні ўе і ўе, Няўцямныя па часе, Гадоў верацяно, Няўцешнае яно. На могілках старых, На капішчы калішнім Тых маміных вачэй 3 калыскавых начэй Сустрэць пагляд, як міг, Пасланы Усявышнім, I ўзварушыць наноў Усё ў гасподзе сноў.
Верацяно гудзе, Гырчыць, якоча, ные. I вытча палатна Скупая памяць на Лайно пытанням, Дзе, Адкуль, калі, якія I карані твае, I род твой паўстае.

Люблю

Люблю гліняныя міскі, Люблю драўляныя лыжкі, Люблю ілляныя кашулі.
Бо, можа, Змяшаўшыся з глінай, Аднойчы праб’юся галінай, I лён, Як той жаўранак нізкі, На ўсе зазвініць зацішкі I ўзрадуецца, што пачулі…
Убачыць сляза не павінна, Як будзе дрыжаць галіна.

І ў дужках

А лес расце (яго карчуюць), Угору йдзе (туга расце), Гамоніць лес (яго не чуюць), Маўчыць (прыволле глухаце),
Гусцее лес (чакае ляда), Дужэе лес (не спіць пажар), Лес хіліцца (сякера рада), Ўсыхае лес (пілуй, трунар),
Цямнее лес (душа жывая), Гайдае спеў (на злосць бядзе), Лес — беларус (усе стрывае), Маўчыць, як дол (а ствол гудзе!).

Алешнік

Зялёны анёл пасінелы, як грэшнік, Прыгодны на дровы й на посах прарока. Займае дзірван местачковец алешнік, Ён Быкаву сніўся ад дому далека.
Тут стыгнуць кратовыя тэрыконы I лесуновыя вянуць заломкі, Змяркаюцца модлы цецеруковы, Расой прычашчаецца голас салоўкі.
Тут з першай суніцай і першыя ўздыхі, Тут цёткі збіраюць кульгавыя плёткі. Тут вожыку досыць прасторы для пыхі, Тут вечар кароткі, Світанак салодкі.