Выбрать главу
Абначавалы ў дарозе начлежнік Глядзеў на цяпельца з настроем вясёлым. Патрэскваў лірычна алешнік, Але ж нік I ліст перажоўклы Адпалым анёлам.

Я — арыец

Я — арыец, Гэта значыць з аратаяў, 3 суверэнных, ссівярэлых крывічоў, На зямлі яны жылі не для харчоў, 3 сёмым потам кнігу ворыва гарталі. Ціміян ішоў смалісты ад карчоў.
I аралася й радзіла ўсё ў арыйцаў, На сяброў у іх ставала дабрыні, Не прымалі хцівасць, Божа барані, I ставала злосці хціўцам не скарыцца, Перамогу пераймалі на кані.
Ды суседзі, што мядзведзі з перасыпу, Ледзь ад зайздрасці не грызлі валуны. Род крывіцкі ненавідзелі яны, Ненавідзяць гэтак трутні ў цвеце ліпу. Аратаяў спавядалі перуны.
Крывічы крывіць душой Не мелі моды. Ад плугоў, а не ад мечаў мазалі. Дзякуй, продкі, Што ў радню сваю ўзялі! Я — арыец, Прысягаў на вернасць роду, Як нарог, Маёй крывіцкай араллі.

* * * Беларушчына…

Беларушчына — Жаль птушыны Па зялёных галінах залеў. Для Пегаса рублены хлеў. Несвянцоная кроў крушыны.
Беларушчына — Крокі вязня. Крутаброўе калядных дуг. Вольны ўздых і высокі дух. Дух Еўропы ў надрэчнай лазні.

* * * I свечкі — у святла святыя служкі…

I свечкі — у святла святыя служкі, Крыжы, як цені продкаў, Валуны, I валатоўкі — Волатаў падушкі Вядуць душу на сцежкі даўніны.
Каб зоры, ў вочы гледзячы, Крычалі: — Нашчадкі дойлідаў і ваяроў, Вы у свет прыйшлі надоўга крывічамі, Крывіцкая сябе шануе кроў.
Бо радавод наш памяць зберагае, Беспамяцце гадуе жабрака. 3 вякамі роўная, як з берагамі, Плыць будзе Беларускасці рака!

Паступовасць

Цялят паслухмянасці Ноч заганяла ў хлявы. За душу самагубцы Спрачаліся чэрці. У салдата з прастрэленай галавы Выцякала думка аб смерці…

Сам-насам

I
Крумкач вячэрае на бервяне. У яліны пер’е тапырыцца. Беларусь, Як удава па вайне,— Hi апірышча, ні прыпірышча.
II
Ужо за парогам Мы, як за мяжой, I ў хаце сваей — У запеччы. Сваю не данёсшы, Паклажай чужой Дагодліва горбім плечы. Не гэтак сумленню, Як мулка спіне. Мы дома, Як у чужой труне.
III
Хто мы? Адказаць павінны самі, Каб, і адышоўшы на клады, Прашумець дажджамі, Як лясамі. Хай за намі ўслед Растуць гады!

Чужэнне

І чужэлі вякамі нашыя гарады, Заставаліся роднымі хіба што вёскі. І гусцелі хлуды, Абрасталі імхамі клады. Доля ехала ціха, Воз не дужа быў возкі.
Нас пакінуць гарэла гарадам, Як гадам. За сваіх прызнаваць нас Марыліся вёскі. Дзе той вырасце яблык, Што надкусіць Адам? Нам за бацьку застаўся Гнеў суцішаны боскі.

* * * Як і конь у даўнюю пару…

Як і конь у даўнюю пару, І цягнік хутчэй бяжыць дадому. Я навошта гэта гавару? Ці каму цікава што? Нікому.
Мне ўжо за бяседныя сталы Бегчы думкай, А нагой цягнуцца. Паспяшае Мой настрой былы Да мяне дамоў, Як ніцы нунцый…

Вечар бацькавага вяза

Вечар бацькавага вяза нада мною Зелянее, развінаецца, купчасціцца, Цішыню ліе, Як сырадой з ручасціка, Смутак сутак захінае гаманою.