Выбрать главу
Над травою — над зялёнаю маною Ветах звіс Шчарбатым секачом над сечывам. Вечар мой Сусрэўся з калыхлівым вечарам, Каб прыціхнуць за ягонаю спіною.
Жаль пабраўся мой з журбою імянною, З бацькавай журбою непачутаю. І маўчыць, Не разлучыўшыся з пакутаю, Вечар бацькавага вяза над мною.

* * * Як цяжка было данесці буханку…

Як цяжка было данесці буханку Ад прылаўка да ганку Хаты, Дзе нішчымнічала паслявайна. Буханка — Жывая была яна. І ты трымаўся праз сілу, Бо, гарачая, так і прасіла, Каб ушчыкнуў яе, Каб упіўся ў яе Не толькі вачыма, —
Як пазней, Калі з вечарынкі йшлі, Зразумела, не па зямлі, Гарачая не толькі ад скокаў Дзяўчына…

* * * Вядома…

Вядома, Дом й пекла — рай. Хто болей любіць Свой родны край, Ці жаўранак — у вясны прымак, Што пад мяжой, Нечужой, Зімуе, Ці шпак, Што ў цёплым выраі ўсмак Па незабытай шпакоўні сумуе?
А песня раднейшая тая, Што краю ў душу Залятае.

Маё паданне

Я думаю, Такое ёсць паданне: Зраселы бог паганскі Вададых Ад Перуна самога меў заданнне Ваду святую падзяліць на ўсіх —
Пароўну Поўдню, поўначы і ўсходу, І захаду, Каб у вачах азёр Крывіцкі край раскалыхаў лагоду Нябёсам хваравітым у дакор.
Нясе з павагаю ваду святую, Як дарагую ношку, Вададых, Нясе ды чуе: Каня лямантуе І жаўранак казыча сонны слых.
Загледзеўся на ўзлескі, на паляны, На ўзгоркі, на спакойныя лугі, На параснік ад сіверу каляны, Тут, кеміў, Маюць спачываць багі.
Ці захмялеў ад гукаў ды ад пахаў, Ды спатыкнуўся ён на ўсім хаду, Разліў ашчадны Вададых з размаху Ў мясціне нашай як не ўсю ваду. Ад утрапення аж прысеў пагорак, Дзе шчодры спатыкнуўся Вададых.
Уся пераліваецца ў азёрах Ушацкая зямля з часінаў тых.

Недарэмна

Недарэмна, відаць, сады Расцвітаюць у халады. Белы цвет — З чарнаты галля, Белы дым — з нематы былля. Трэба перакалець як след, Каб сагрэць чысцінёю свет.

* * * Кроў марна баіцца праліцца…

Кроў марна баіцца праліцца, Пайсці ў безыменны пясок. Ёй сніцца, Як хмарка раслінцы, Нясмелы яшчэ галасок.
А той галасок паяднае Парыў неадумны і клёк, І песню аб сінім Дунаі, І смутак палёў — Васілёк.
Калоссямі трызніць іржэўнік, Рака помніць хвалі свае. І голас крыві Аднакрэўнік З натоўпу вякоў пазнае.

Якушоўка

Мемарыяльны камень вырас цяжка, Дзе пасвіла маёнтак цішыня. Бязважкая Смугі зімовай дзяжка Сціскае стан разлененага дня. Снег за беспамяцце бялейшы зябне. Прыгледзься лепш — Убачыш Белавеж. Ніхто не звягне, Не зяхне, не зяпне. Ў каго спытаць: Ці ведаеш? Czy wiesz?
Разгорнутыя над рыпучай цішай Стрэх шыферныя вокладкі відаць. Тут белы страх Гатоў мяняцца нішай З зацятасцю, адчуўшы багадаць.
Не тоіцца, Што вырасла на волі, Бяроза — Разгалінілася ўся. Тут сыпалі й на хвост сароцы солі, Хацелі чуць пра белага лася.
Касілі цёмны луг касіянеры. Меў моцны дух набытак неслабы. Зірні: Няўжо на полі пасінелі, Як шыбеніцы — Вольныя слупы?

Каліновец

Як п’е гарэлку бедна басота, Згадаўшы чуллівасці грэшны смак, Спявае маркотна Зянон Пазняк Караткевічаву песню любімую. Ажно засаромелася пяшчота: І я самоту слязьмі не вымыю…