Выбрать главу
Ды як, Адвіхурыўшыся ў завірусе, Стаць нам Гаспадарамі свае зямлі, Беларусамі ў Беларусі? Ці засвярбяць, Ці хоць забаляць калі Сціснутыя ў кулаку мазалі?

БЗВ

БЗВ — Бог Заклікаў Вас, Беларускага Войска воі. БЗВ — так чытае час: Беларусь Заваюе Волю!
БЗВ — Быць Заўжды Вякам Даўжнікамі ў крывіцкай славы. Нашай не аддамо чужакам Ні сцяжыны, а ні канавы.
Хросным бацькам Пан Грунвальд быў, Пані Ворша — маткаю хроснай. Беларускага Войска парыў Ткаўся на высакосных кроснах.
У Айчыны світае чало. Досыць нас вадзілі па хлудзе. Беларускае Войска было. Беларускае Войска будзе!
На жалезны характар Руды Мае наша зямля святая. Ведаем, дзе віры, дзе брады. БЗВ — Бой Змаганцаў Вітае!

Вернута быць павінна

Спадчына — Гэта не штосці такое смачнае, Гэта тое святое, Што часам страчана, Што вернута быць павінна.
Спадчына — Пупавіна, Што лучыць з Сусветам, з прасветам, З прабацькаўшчынай, з праайчынай, І досвіткавай лучынай Доўжыць імгненне Прапрашчураўскага агменю.
Спадчына — Неўмірушчая мачына, З якой расцвітае Полымя, Што на папялішча вяртае.
Спадчына — З-пад чаўна развагі Хваля здагадак, Што заплывае ў абсягі сагі, Якую чытацьме нашчадак, Каб працяг адчуў свой пачатак.

Беларускае слова

Валянціну Рабкевічу

Беларускае слова ад спеву, Бо спявае ў ім даўніна. Беларускае слова ад гневу, Ад Ярылы, ад Перуна.
Беларускае слова ад ласкі — Сведчаць вусны ды салаўі, — Не наймалася ні ў падпаскі, Ні ў падбрэхічы, ні ў халуі.
Беларускае слова ад злосці Да няпрошаных прыбышоў, Асалоду п’е з чараў мілосці, Медавуху духу — з каўшоў.
Беларускае слова ад славы, Ад ракі, дзе светлае дно. Госці ўстануць з застольнай лавы, Як у хату зойдзе яно.
Беларускае слова ад Бога, Слову нашаму Бог дапамог. Хто не любіць яго, ад тога Назаўсёды адвернецца Бог!

Курапаты

Свечка пацепвае Павекам успалымнелым — У гарачае вока запала Парушынка ляманту. Крыж паўтарае Паставу Хрыста. Старыя хіляцца Абнылымі каласамі, З якіх Павыдзяўбаныя зярняты…

Негабляваная дамавіна

Прывітаўшы балацявіністыя Агароднікі, Льга палуднаваць цішынёй На радзіме Дубоўкі, І захацець, і пачуць аднекуль вокліч: «…мой родненькі», Але нельга адбыць за паэта радоўкі, Радоўкі радка, як і ён, беспрытульніка.
Хата вочы субожыла, адчуваючы здраду. Плот надумаў валіцца. Злубела дуддзё шчавульніка. Іржавее дрот дзікавага вінаграду.
Тут роспач локці кусаць павінна. Ліст, як нязважаны грэх, За каўнер недаверу падае.
Без паэта радзіма — Негабляваная дамавіна, Успамінамі жывымі шурпатая.

8 верасня 1514 года

Як гаварцьмем з рознаю поршаю, З той, Што сябе называе вялікаю, Мы даказалі У бітве пад Воршаю Не толькі мечам, Не толькі пікаю.
Мы даказалі воляй крывіцкаю, Канстанціна Астрожскага геніем. І выжлам прадажным Дух наш не выцкаваць. Мы будзем жывыя І стаўшы ценямі!

Суцяшэнне

Бо вы, людзі разумныя, ахвоча церпіце неразумных; церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вас за нікчэмнасць мае, калі хто б’е вас па твары.