Выбрать главу
Другое пасланне Апостала Паўла да карынфенаў 11:19,20
Няўжо цярпець, як і цярпелі мы, Ці толькі нам стае на ціхасць моцы, Няўжо нямыты прыхадзень нямы Чысцейшы, чымся нашыя прамоўцы.
Ці ў роднай хаце, рубленай з вякоў, Мы будзем глухнуць, быццам кватаранты, Каб злыдні мелі нас за дзівакоў, Хвалілі люта: люд вы талерантны!
Каб пастка пашчу шчэрыла шырэй, Каб рукі ў кайданах былі абедзве, Каб абіралі нас яшчэ шчырэй, Нам пакідалі воўчае аб’еддзе.
Каб зброд, няварты нашае гразі, Меў за нікчэмнасць нас Ды біў па твары, Каб здзірца быў у рызе, Мы — ў рыззі, Каб мы прасілі ў ката самі кары.
Здаецца, род наш Радавод вядзе З таго, калі Гасподзь яшчэ ў лагодзе Прымеркаваў, каго сяліць і дзе, Суцешыў крывічоў: Трывай, Народзе!
Пераганяем мы бяду ў хадзе. Калі ж Гасподзь трываць нам скажа: Годзе?!

Мы ёсць таму

Мы ёсць таму, Што слова Бога Назвала літасціва нас І рупіцца на пэўны час Асцерагаць ад вока злога.
Так і не ўцяміўшы нічога, У цемру йдзём, Адкуль прыйшлі. Дасць іншым памяць на зямлі, А нас забудзе Слова Бога…

Табе

Скінь кляймо варожых трантаў. Хай твой стан не абражае. Мова ўсьлед ідзе чужая, Як дзіця ад акупантаў, —
Хоць твае смактала грудзі, Вырасла з душой сытою. Аднакрэўцы сіратою Выбіцца нялёгка ў людзі.
Ты вякуеш удавою, Па чужых блукаеш хатах, Пакаёўкаю ў багатых — Ні пакоя, ні спакою.
А сыны? Яны зацята Чубяцца паміж сабою. Сэрца не шчыміць журбою, Што гніе ў матулі хата.
Як сваю патраціш сілу, Свет твайго не ўчуе кроку, Шашаль помслівы папроку Сточыць сцены небасхілу.

* * * Што валун?

Што валун? Толькі бокі вылежвае У злінялым сваім каптане.
А зямля з-пад рыдлёўкі Вясною І абветранай баразною, І магілай свежаю Тхне.
І пасланніцай Усявышняга На грахоўнай зямлі сьвятая Маладзенькая вішня Першы раз зацвітае.
…Што магіла, Што градка — Адна ў іх апратка…

Агонь

Юр згадаўшы, расплыўся ва ўсмешцы Ярыла, І зляцела іскрынка з усмешкі ягонае — І прачнуўся агонь, Полымя завірыла, І пажар пакаціўся ярамі, адхонамі.
І курылася купа, стагналі аблогі, Вывіваўся ўшалела агонь у агоніі. Хмара чухала бок чарналессю аб рогі, Туманом слаўся дым над загнанымі гонямі.
Навальніца-нявольніца шал затушыла, Задушыла рахрыстанага залеваю. Па сваім нарачонку цямней затужыла Беспрасветная цемра ўдавою ззалелаю.
Цемра думае суха ў зацятай жалобе, Як бы выкрасці ёй бліскавічнае крэсіва. Да пары спіць у дрэве, ў заломе, ў сломе Нецярпліўца агню гаманкая экспрэсія.

Слуцкім паўстанцам

Пакутнікаў хапала нацыі, Змаганцаў не было каб густа. Паўстанцы слуцкія! Выгнанацамі Акрыла вас жалобы хуста.
Як і ў часіны Каліноўскага, Паўстала шляхта й аратаі. Анёлы — Воі войска боскага Хацелі быць у вас братамі.
Вы не чакалі раю скорага, Да чужакоў не мелі веры. Вам з двух бакоў хапала ворага. Вам адчынялі ў пекла дзверы.
Паўстанцы! Ва ўвайшлі ў гісторыю, Трывацьме у ёй ныне й прысна. Свая зямля была апораю. У сведках Семежава й Вызна.
Палеглі вы, Ды жыць працягвае Гнеў, незатушаны гадамі. Дасюль ваш спеў гучыць прысягаю: — Мы выйдзем шчыльнымі радамі…