Выбрать главу
Што быць сьляпымі немагчыма, Цямрэчы трэба нішчыць ловы. Рыч, Ракуцёўшчына, Радзіма — Пярун качае ў горле словы.

Святло

«Кінь вечны плач свой аб старонцы! Няўжо жа цёмнай ноччу ты Не бачыш…» Як вясёлы стронцый Дабавіць хоча віднаты. І слаўгарадцы, і расонцы — Зямлі ўчарнобленай браты Жывыя свецяцца, Як здані — Аж бачаць іншапланецяне, Што вышчарбленае святло Чало старонцы абвіло Вянком пакуты. Ён не вяне.

«Ў краіне светлай…»

Беларусь, як далягляд, Далёкая, А хвароба блізкая такая. Радасць асцярожлівай палёўкаю У нару панурасці ўцякае.
Ён няродны, Ён халодны спёкаю Бераг урасоленага Крыма. Дзе ты, слова крывічоў Высокае? Чым далей, яна мілей, Радзіма.
І спяшаецца здалёк, Як сцежка вольная, Да паэта Гамана застольная:         — А як пані ды ўдава         Паехала па драва,         Зачапілася за пень,         Прастаяла цэлы дзень.         Каб ня тыя панічы,         Прастаяла б да начы,         Каб ня тыя кавалеры,         Прастаяла б да вячэры…
З гаманы Пускаецца ў галоп паніч, А прыгожы, — як Юры святы. Аб карчы скакун збівае капыты, Да паэта Галяпуе з-пад Халопеніч.
Маладзік узыдзе, Неба багну новячы, Матылёк, Як марная парада, ўецца. Сум-туга Максіма Багдановіча Лесуну ў сырым бары Перадаецца.

Паштоўка

Праз вякі будзе заўтрам Чорнае ўчора. Жыццё скранулася ў красавіку. Не знікнуць нікуды ад гора Ні няўклюдствам, ні спрытам. Нікому не быць ад бяды Ні ўбаку, Ні збоку. Бо жаху — Бацьку жуды Няма ні ўседу, ні ўлогу. Гарачым графітам З чацвёртага блока Што напісаць І куды?
Толькі на неба. Богу.

Грунвальд

Алесю Марачкіну

Грунвальд — курган і груган, Грунвальд — дзядоўнік і дзіда, Губы паганскім багам Крывіць ад здрады агіда.
Грунвальд — след страху крывы, Грунвальд — адвага нямая, Грунвальд — крывіцкай крыві Голас, што змогі не мае.
Бітвы трываляць народ — Прэсам, глухім да спагады, Трушчаць плямёнаў чарот, Смерцю карчуючы ляды,
Каб узышла на раллі Вечнасці З ласкі Гасподняй Мова жаданай зямлі Зорнаю зводняй — Паходняй.
Слава, Харугвы злічы — Пушчамі гневу пасталі! Мечы б’ючы, Крывічы Рэхам праверылі далі.
Зрэшты, ляжаць чужакам Доле — Ваяцкая доля, Згадвае ўсім крыжакам Грунвальд — Зялёная воля.

Дарожная граматыка

Запамінае восень слова Kalt Далёка йшчэ да белых падзяжоў. Надледзянелы з раніцы асфальт Прабіты пасашкамі капяжоў.
Абцас дакладны Тут ступаў няраз, Брук, як свайго, дапытваў: — Was ist das?
Калі са шпорай бот Ляцеў на фэст, Пыталіся прысады: — Co to jest?
І каблучок, Пацокваючы смела, Вяз у асфальце спёкаю: — В чём дело?
Гамаш з падэшваю Працёрта-мяккаю Ашчэраны Адно спрагае: — Дзякую!

* * * Горад — той жа гарод…

Горад — той жа гарод, Толькі лехі каменныя, І каменны пасеў, І каменны ўмалот. І адною каметаю Бласлаўляецца год.
Вырай смуткам густым На зіму спасылаецца. Лебяда есць гарод. Горад чэзне, што дым, Бур’яном засяляецца.