Выбрать главу
Кактуса, спякотай абсмаленага, Усівярэлы сваяк, У сенцах лета цвіце дзядоўнік, Засаромеўшыся, як дзед, У маладую закаханы да пасівення. І гэтакі ён расчулены, Ажно забыўся, Што мусіць калоцца. Хоць прыкладай да раны Бурачкова-юлёвы цвет. Адцвіўшы, Дзядоўнік спахопіцца І будзе суровасцю Пяшчоту сваю бараніць Ад усіх І ад сваёй сентыментальнасці.

* * * Трысцё, дрыжучы ў расе…

Трысцё, дрыжучы ў расе, Шаптала, як брату, посаху: Дуб любіць расці ў кажусе, Але з галавою босаю.
Трымценне жыве ў трысці, Ды мне, Каб і ўсё адрынула, Да дуба не дарасці Ні постаццю, ні чупрынаю.
Іду я, іду я, ды Не выйду я з дна вады. Не веру вірастаму позяху. Табе хоць паскарджуся, Посаху…

* * * Пасля вайны…

Пасля вайны Быў самы багаты той, У каго быў бацька жывы. Маладзіцы рады былі Хоць кавалку мужчыны. Новыя нараслі палыны, І можна быць Пры жывых бацьках сіратой. Прыгавор забыўся: Лепш першы хлеб аржаны, Чым другі палавы. Дзецяробы пайшлі ў бабылі. Ні ўчынак, ні хлеб учыніць Няма рашчыны.

* * * Жыццё задумала…

Жыццё задумала, Як вандроўнікаў, нас З прагнымі да небасхілу вачамі. Пагаварыць у дарозе Здараецца час, Ды развітацца Часу няма звычайна.

* * * У краіну ценяў…

У краіну ценяў Адыходзяць сябры, як дрэвы. Толькі засень На зямлі нябачна трывае… Печ даўно адкурэла, Пасма дыму яшчэ жывая…

Наважыўся…

Наважыўся яблык упасці з галіны, Шапчу яму: «Падай…» Рашучасць трымаюць нябачныя ліны, Напятыя здрадай.
Наважыцца, Значыць спакой свой шчыры Кульнуць на вагу без развагі. Аблокі — як шалі, І зоркі — як гіры.
Сад слухае ветравы сагі…

Аж

Смяецца цяпельца — Аж іскры з вачэй, А вецер пад пахі казыча Ды полымя цвеліць: — Шугай высачэй! І змрок Аж святлее з аблічча.

Чарната

Нахлынна ўсё палын бярэ ў палон. Да Бог шлях ад шчырых слёз разгруз. І ў чорны небасхон Смяецца лён — Апошні сінявокі беларус.

Неба

А Дамінічка просіць: — Нясі мяне, як неба. Хоць мне не давяралі Насіць яго, Па-ўшацку Бяру я коцы-боцы Блакіцінку, якую Высокае паслала Растанню на ўспамін.

Прымаўка

Прыйшла Ілля, Нарабіла гнілля. След матыля Дрыжыць ля былля…
Прыйшла Ілля Па вішшу, па грушшу, Укінула ў рэчку ільда На самае дно І ў маю душу Заадно…

* * * Берагам асачыста й палынна…

Берагам асачыста й палынна. Востраў недзе ў нябёсах плыве. Свет трымаецца на галаве, Перакулены ў возера Пліна.
Чаратоў чапурыстых чупрына Чэшацца аблянелым вяслом. Ціша мокрым аерным вузлом Прывязана да возера Пліна.
Зорка пыхнула, быццам пыліна, Затухаючы глуха ў бузе. Сумны човен сутонне вязе Ціхаплынна да возера Пліна…

Сасна

А дрэва з майго гараскопа — сасна. І я падрастаў, гледзячы на сасонкі. І восень з арэхамі несла ясёнкі. Бор шчыры дзяліўся лясінамі на Сасновыя йзрубы, сасновыя тронкі.
Жывіцы хацелася стаць бурштыном — І з мяккага цвёрды характар рабіла. Сякера сасне сукаватай грубіла. Хадзіў буралом медзвядзём-шатуном, І рэха будзіць баравіны любіла.