Выбрать главу
Пашыць небаверхі шацёр з цішыні, Здаецца, калолася кожнай іголцы. Пярэчыла сойка ў стракатай саколцы. Чакай, памінкі, На зрэзаным пні Лічыць маіх год перацятыя колцы.

Помах

Я ад’язджаў. Было відаць далёка. Прысады адбягаліся разгала. На развітанне ўшацкая сарока Ў дзве хустачкі бяленькія махала. Яшчэ бялелі стрэхі беластога. Хусцінкай ахіналася завея. У валачобніка немаладога Дасюль Ад помаху ў душы святлее.

Навелы

Імёны жанчын забытыя, Як затанулыя караблі, Усплываюць з мулкага дна Памяці аўдавелае. І дні, што ў бяссонных чаўнах Санетамі ранішнімі плылі, Вечарэюць у ссохлым быллі Змаркочанымі навеламі.
Паперагаралі зоркі. Туманы засталіся ў сведках. Вачыма прыцьмелымі, Чытач пасівелы, Пры знерваваных электрасвечках Старайся нанач спакойна Перачытаць навелы…

Беларускія татары

Якаву, сыну Адамаваму, Якубоўскаму

На Белаусь нашэсце вашае Вітаю, Мірныя татары! Вы дбалі — Будавалі, важылі, Аблокаў пасвілі атары.
Былі гароднікамі ўпартымі, Кажушнікамі, макалямі, Прэч гора адганялі жартамі, Кулямі смутак затулялі.
Вы засланяліся правіцаю Кайданнікамі на этапах, Вы мову збераглі крывіцкую І ў сэрцах вашых, І ў кітабах.
Пытанне ўсім на вуха дыхае: Каму зашкодзілі, Скажэце, Татарскія магілкі ціхія, Маладзічковыя мячэці?
Хапіла ж нашым мовам Смеласці, Сышоўшыся, не разгубіцца, А ў маладой паразумеласці, Як дзвюм крыніцам, Светла біцца.
На Шчары, Нарачы, На Свіцязі Схаўрусіць хай З салам алей кум. Татары! Множыцеся й пладзіцеся, Вы нашыя. Салям алейкум!

Квактуха

Расія, як тая квактуха, Сядзела трывала й глуха На яйках, а выявілася — На мінах, На яйках курыных, качыных, Гусіных, арліных, — Усе пад сябе падграбала, А ўсё здавалася мала. Растапырвала крылы смела І клопатаў мець не мела, Пакуль у сценкі шкарлупак Не дзюбнулі шыльцы дзюбак, Не вылупіліся без таты Краняты, качаняты, Гусяняты, арляняты. Каго прывабіў ставок глыбокі, Каго да сябе запрасілі аблокі, Каго паклікалі высі, Адны кураняты, Пыл упадабаўшы ўзняты, Каля сметніка засталіся.
Застаецца пашкадаваць квактуху — Ні пер’я, ні пуху!

Чырвоныя акуні

Міхасю Рагалевічу

Божа, душу памяні, Калі яна ёсць у рыбіны. Чырвоныя акуні, Як дзве калючыя глыбіны.
Нож у няцвёрдай руцэ. Кут пазірае іконаю. Яшчэ акуні ў лусцэ, Ад прадчування чырвоныя.
Адлучаныя ад глыбіні, Ратунку ў ракі не просячы, Чырвоныя акуні Вачыма змяркаюцца ў роспачы.

Акрайчык

Акрайчык возера Адбіўся ў небе Акрайчыкам маладзічка. Часіны года, Як прыгонныя жорны, Мелюць зярняты зораў На мяккі снег, На бязважкі блакіт, На мірглівыя залацінкі Люцікаў заказытаных. Імгненныя пчолы Носяць у галодныя вуллі Вечны мёд. І гэтакі пах кіпіць, Ажно палыну Хочацца аблізнуцца салодка.

* * * Ад пошты адлік свой шлякаты…

Ад пошты адлік свой шлякаты Дарога вядзе трывала. А я канец і пачатак Сваіх дарог як мог Прывязваў, бывала, Да парога матчынай хаты.
Цяпер дарогі мае Пачынаюцца ад хаты тае, Дзе ні дзвярэй, ні парога, Адкуль мяне, ўжо старога, Не сустрэне мама. Дзе, ўпоплечкі выгарбіўшыся, Таксама Зарасце травой вінавата І мая апошняя хата.