Выбрать главу

Смалістыя вершы

Вершаліны — Смалістыя вершы, якія Разгайдалі Падумку лясную ў нябёсах. Не апусціць іх дол Да жабрачага кія, Лепей хай аблачына Прыдбае на посах.
Вершаліны ідуць Долам неба, І цені У сваім жа губляюцца Перапляценні…

Шкадаванне

Нам не сагрэць У чатыры вокі імжу, Не сарвацца У апраметную азалелую. Нам не зліцца, Як лістападаўскаму дажджу З травеньскаю залеваю.

У

Іржала ноч, як жарабіца, Збівала ў шале капыты. Цярпенне мусіла разбіцца, Не вытрымаўшы нематы.
Плылі мы ў блудзе Ці ў аблудзе На чоўне радасці пазной.
І пахлі яблыкамі грудзі. Гарчылі губы навізной…

Каля

Каля вогнішчаў чужых Грэцца не сагрэцца. Бліскавіца жыг ды жыг, Маладзіцца ў рэчцы.
Думка ласая сябе Халадзіць не хоча, Тлуміць голаў варажбе, Дзе ён, шал, якоча?
Ад агню начных бажых Нецярпенне дыбам. Ля гарэлішчаў чужых Смела грэйся дымам!

Свята

У тым, у чым на свет прыйшлі, Святкуем свята ночы. Ён будзе, Покуль быць зямлі, Загадкай страх жаночы.
Мы ўсе — Дрыжы ці не дрыжы — Надбітая паліва. Убач, Як нашыя крыжы Цалуюцца мігліва.

Альбомнае

Альбом. Даль. Бом. Сквар. Змрок. Твар. Крок. Рух рук. Крык воч. Шал. Грук. Жаль. Ноч.

* * * І чаго давялося…

І чаго давялося Здрыгануцца стрыгнатцы? Што змушае сцяжыну Ад сцягу натоўпу хавацца За пазухаю ўспаміну, Дзе конікі лугавыя Цішыню абтрасалі, Дзе хмары, Ад неба намуляўшы шыі, Абменьваліся адрасамі?

* * * Як у мястэчку час, ідзе паром…

Як у мястэчку час, ідзе паром. Надыхалася восенню рака. Халодным адчуваючы нутром Бяду, Глыбей хавае шчупака.
Чакае прыпарамак гаваркі, Удосыць нахлябтаўшыся вады, Калі паром уперыць пад бакі, Каб зарыпець ад тупаткой хады.
А за душой хоць пакаці шаром У мокрага каната-дзівака.
І скрыпкаю ў руцэ ракі паром — Зайграла б, Ды не падбярэ смыка…

Упартасць

Будуюцца, Значыць, збіраюцца жыць Нявечныя людзі. Ім лешкі лешыць І сцежкі сцяжыць, Купацца і ў цудзе і ў брудзе.
Дах рухне, І сцежка травой зарасце На перавозе. Ляжацьме нябожчык, Як госць на куце, І радасць жабрачкай Стаяцьме ў парозе…
Чакаюць улазінаў дамавікі. І крыкі, і крокі. Ілбы малатку Падстаўляюць цвікі.
Ідуць баразною Гракі, як прарокі…

Серп і кій

Загінае свой палец серп, На давер выклікае калоссе. Хоць калоссю трываць няўсцерп, Ды ад страху яно галосіць.
Кій збівае свой востры нос Аб карчэўе ды аб каменне. Кій да павадыра дарос, Каб дарога кружыла меней.
Не абразь іх і не знявеч, Кожны быў спаконвеч Самавукам. І выпростваўся серп на меч, Кій згінаўся, Каб стацца лукам.

* * * Мы заўважаем па сябрах…

Мы заўважаем па сябрах, Наколькі пастарэлі самі. Не за дрымучымі лясамі — Ён з намі, Неўміручы страх.
Страх адысці і не прыйсці, І, свой пражыўшы веку, Не збыцца, І ў мітусні згубіцца, Быццам Апошні яблык у лісці.