Выбрать главу
Старасць робіць жанчын сарокамі, А кароў гаспадынямі цёплымі, Вераб’ёў мітуслівых прарокамі, Хмару цёмную светлай кропляю, Дамаседам сабаку збеглага, Бацяна лугавым філосафам, Ды не зробіць чорнага з безвалосага.
Гэта ў старасці дні юначыя Наракаюць, Што іх з’іначылі.

* * * Чым больш старэю…

Чым больш старэю, Болей хутарэю, Ці не таму, што карані на хутары. Цягну ў самой самоты латарэю, Адно пакуль што Сам з сабой не гутару.
Хачу, абгарадзіўшыся карчамі, Маўчанне неба зразумець Высокае. Хачу, каб не шапталі, не крычалі, Каб дружна дні мае не ўкарачалі. А сум няўтульна З позірку саскоквае, Нібыта з воза зморанае кола, Што мне гады круціла невясёла.
Хачу дагнаць свой сум, І хутарэю, І хахінуць мяне Прашу завею.

Каля мяжы

Каля мяжы, дзе ўжо няма значэння Быць ці не быць, маўчаць ці гаварыць, Знячэўку згіне сон, душа значэе І думка знічкай быстраю гарыць.
І да мяжы, дзе аніякай варты, Усе і ўсіх сыходзяцца шляхі. І халадзёнка льецца з меднай кварты У лазні, дзе не змыюцца грахі.
Каля мяжы ніхто не мае ўлады, Няверца ўспамінае аб крыжы. Крывыя вечары сустрэчы рады Каля тае мяжы…

Траецкія Дзяды

Марыі Андруховіч —

з падзякай за аер

У хаце дыхае аерам, маем. Схаваўшы цень свой пад крысо, Дзяды Траецкія прыйшлі. Мы іх прымаем, Чым маем. — Хоць спачніце ад хады!
Маўчаць Дзяды, Маўчаць, як аблачыны, Што мусілі праліцца цішынёй. І прыцемкаў забытых Пух качыны Змятаецца нябачнай даланёй.
Траецкі дождж Паволі любіць ліцца. Чакаў, Калі прыйшла пара касіць.
Стараецца дарэмна бліскавіца Сама сябе за локаць укусіць.

На Радаўніцу

На Радаўніцу свечку запалю. Схілюся. Замоўкну. Ціха памалюся. Даверыўшыся вусцішнасці й скрусе, Успомню тых, Хто паўтарыў зямлю.
Тут пры святле задуманага дня Гаркотна стыць заплаканаму воску. А там, Дзе ўсё павінна быць па-боску, Ці выплача сябе душа да дна?
Я помню ўсіх, Старых і маладых. З іх кожны мне Сваю пакінуў звычку. І полымя нявінную каплічку Хістае Чыйсці непрысутны ўздых.

* * * Усё сваёй чакае кары…

Усё сваёй чакае кары Ад чалавека да пчалы. Стае і ганьбы, і хвалы Ўсім — ад красуні да пачвары.
Ды ганьба сцішыцца па часе, Да іншых кінецца хвала. І ўстане цяжка з-за стала Бяда, што сваццяй набылася.
Махне рукою радасць-скнара, Растане сум, як снег вясной. Ды пойдзе першай за труной Ягоная за кожным кара.

* * * Як матылёк свой кокан цёмны…

Як матылёк свой кокан цёмны, Душа мая Пакіне цела. І сонечныя верацёны Спрадуць сарочку, Каб зіхцела!
Бо й нарадзілася, магчыма, Душа ў сарочцы, Раз паспела Зжыць недаверлівае цела І неба падтырмаць вачыма.
Зямное ўсё Душы чужое. Эклезіяст спяшаў зазначыць: Усё вачыма лепей бачыць, Чым цёмначы блукаць душою.
У руху ў несупынным коле Душа адчуе Подых Ойчы. Зямлю наведае аднойчы, Ды мной Не будзе ўжо ніколі…

Купалле

На зямлі не злічыш сонцаў уначы. Можа, зоркі свой патрэбны час праспалі? Колы з’езджаныя паляць крывічы. Перад цемрай правінілася Купалле.
На платах набралі ветру ў рот збанкі, Самі просяцца ў агонь з паветкі дровы. На плытах і на ганках плывуць вянкі, І з вянкамі на рагах прыйшлі каровы.