Выбрать главу

* * * Старасць…

Старасць — Багавейнае старанне Выстарацца — Значыць пастарацца Старасці капрызнай падабацца, Бо абы-каго чакаць не стане.
На цябе, нялюбага, не гляне, Да другога, дарагога, пойдзе. Бохан моцы, спечаны на подзе, Паднясе яму ў замілаванні.
Старасць — Пераборлівая скнара — Ведае свой талент дасканала.

Асяніны

Унучка — Першы званочак, які Напамінае шчасліваму дзеду: Звыкайся пакінуць зямную бяседу, Збірайся да гурту Дзядоў нацянькі.
Дзяды маюць ласку Наведаць радню На адпаведнае даўняе свята. Б’юць дзіды лядовыя Цемру зацята, Каб звідніць дарогу Наступнаму дню.
Калі не з Траецкімі па вясне, Дык хоць жа Са Змітраўскімі Дзядамі, Як дзікі дзядоўнік, Што ссохне з гадамі, Наведаю кут, Дзе чакаюць мяне.
Хоць колкі сяннік, Напіханы журбой, Пасцелюць Дзяды — Іх завуць Асяніны — І сон недаснёны Расчыніць дзвярыны, Сарваўшы Замовы зімовы прабой.

* * * У свата цераз плячо…

У свата цераз плячо, На покуці на абразах, На крыжах на магільніках, На раздарожжах, На смутных вачах, На вясёлых вазах Ручнік — ілляная дарога У цёплых слядах Ног босых Божых. Грэюцца на ручніках караваі, І нябожчык на ручніках Адплывае У вякі. І зямля, Яшчэ ўсё сырая, Расу выцірае Ручніком, які Сівярáць скразнякі… Ручнік прыручаны Давярае Негаваркому руху рукі.

Толькі

Жыццё — пераезд з небыцця ў небыццё Таму й дзень наступны — як вызваленне, Таму ж і ўначы пачуваешся, Як у абавязковым астрозе, Таму й дзякуеш загадзя За дамавіну лясам, Таму й дрыжыш рыбаком Над ветрахвостым уловам, Таму й не маеш упэўненасці вяртацца.

Багавейнае

Унесла мне ў суботу Дамінічка Свянцоную запаленую свечку. А заўтра свята яснае — Вялічка. Святло сваю Прадоўжыць з цемрай спрэчку.
І сонейка — чырвонае яечка — Знясе святая раніца ў аблокі. Унуччыны анёлкавыя крокі Пяюць. Дрыжыць нутром гарачым свечка.
І хочацца памаладзець хадою, Дастаць ручнік — Хай куфру крыкне вечка, — Памыцца з міскі летняю вадою: На дне ляжыць Свянцонае яечка…

Госць

Смага нажытку зайздросніка смажыць Болей і болей нажыць. Толькі не думаюць хціўцы, што нажыць Доўга не ўлежыць, Далей пабяжыць.
Ці да суседа, Што дзецьмі, як бобам, Густа абсыпаны, Ці да кумы, Што са сваім мужыком-дзецяробам Хоча дажыцца да цёплай зімы.
Вечнае што? Толькі вечнасць нямая, Ды не таму, што няма языка, Проста з імгненнем жадання не мае Гутарыць, Нават шкадуе кіўка.
Госць, Казытнецца касою твой карак, Век твой пазычаны ледзьве ліпіць. Вечнасць душу, Як ад свечкі агарак, Возьме тваю, Каб спачатку ляпіць.

* * * Вудаўё дрыжыць ці рука?

Вудаўё дрыжыць ці рука? Рыба спрытная, маладая, Дзе глыбей ідзе, Пакідае Звечарэлага рыбака.
А зрываецца больш з кручка, Застаецца ўлову нядужа. Дыхае за спіною сцюжа У ссівелага рыбака.
На губах дагарае луска Пырскамі З рыбіны шанцавання. І самота, Капрызная паня, Смела туліцца да рыбака.

* * * Не адлучаўся я зусім…

Не адлучаўся я зусім З вушацкай хаты анікуды. Дратоў з’інелых перагуды Мой цягнуць сон З далёкіх зім.