І дні спяшаюцца ўпадбеж
Вярнуцца ў цішыню нязлую.
Там толькі,
Дзе душа начуе
І прачынаецца,
Жывеш…
Хай абмінае!
Яшчэ мне плача
Сініца ў пляніцы
З марозных малечых дзён,
А ўжо Дамініцы
Надумаў прысніцца
Першы сон.
…І шэпча сонна,
Што мама Ілона
Мела пушысты занятак —
Венікам з хаты
Выганяла заўзята
Куранятак.
А Дамініка (хай расце вяліка!)
Грэлася пры сонейку,
Чуўся
Крылкаў кароткі лопат.
І, калі верыць сонніку,
Дык куры — гэта клопат.
Некалі ж прабабка Дамініччына
Куліна
Спявала, як выпадала
Святлейшая хвіліна:
Курачкі, не сакачыце,
Галоўкі не клапачыце,
Ёсць у мяне рэшата пшаніцы,
Буду я дзетак жаніці…
Дамінічцы прысніліся кураняткі
За першым разам,
Значыць, клопат
З дуронкаю, распушчонкаю
Разам
Пачынае расці,
Каб потым за ёй ісці
Па жыцці.
А Дамінічка
Пад хусцінкаю,
Як сунічка пад лісцінкаю, —
Гэтакая маленькая,
Гэтакая саладзенькая.
Хай абмінае яе да пары
Клопат —
Дзед стары
З кавенькаю
У людскім бары…
Bono sensu
Не толькі грэцца ля цёплай грубы
Ды чаравата хварэць на пана,
Агні, й воды, й медныя трубы
Прайсці ў жыцці нам наканавана.
Агні гартуюць, халодзяць воды,
А трубы медныя лашчаць зманна.
Ля крупадзёрні чакаем лагоды,
Там, дзе дзярэцца нябесная манна.
Калі ж мы вернемся да гасподы
Той самай,
Дзе ў печы гліняныя поды,
І вусны жвіровыя сцісне магіла,
Не запытаўшы нашае згоды,
Наноў разбудзіць агні й воды
Труба Гаўрыіла.
Трысцё
Лявону Баршчэўскаму
Жыві самотна.
Без цябе
Тваё жыццё хутчэй прамчыцца.
І можа, цельная ваўчыца
Завые ў лесе не ў жальбе,
А ў радасці,
Што ўсё яшчэ
Трывацьме доўга
Род ваўчыны —
І пах крыві,
І дух аўчыны
Халодны голад урачэ.
Жыві няўтульна.
Дабрабыт
Цябе ў сваё нутро зацягне,
І глухнуць будзеш,
Як у багне,
І прагнасць свой пакажа спрыт.
Жыві вясёла.
Без цябе
Пакумяцца твой сум з тугою,
А смех званочкам пад дугою
На ўсіх забудзецца ў гульбе.
А кум куме рад,
Павёў куму ў вінаград:
— Шчыпі, кума, ягодкі,
Каторыя салодкі.
Каторыя горкі,
Для маёе жонкі,
Каторыя сладкі,
Ды для маёй маткі.
Ці вінаград,
Ці віны грады —
Жыццё?
Не скажа забыццё.
Лес малады заселіць лды,
Звяселіць берагі трысцё.
* * * Бог спачатку неба стварыў…
Бог спачатку неба стварыў,
А пасля ўжо зямлю надумаў.
Бёрны сплавіў з захмарных румаў,
Свет зрабіў,
Як святы наіў.
Тумановы клубіўся дым
Над яшчэ не патайнай вячэрай.
Не сякерай рубіў,
А верай
Свет,
Жагнаючыся духам святым.
Нам у доме паначаваць,
А прачнуцца ўжо ў дамавіне.
Свет — наш дом.
Позірк неба сіні
Нам у душы шле багадаць.
Ашуканка
Мама мая ашуканкай была.
Каля стала
У дзяльбе
Ашуквала сябе,
Калі дзяліла
Апошнюю скібку —
Меней сабе,
Сыну болей.
Доля маму
Абдзірала як ліпку,
Ды мама ішла
У перахітрыкі з доляй.
Ашуквала голад
Крапівою ці шчаўем,
Ашуквала холад
Паветкай дашчанай,
Ашуквала сон —
Уставала з расою,
Ашуквала соль —
Нішчымніцу саліла
Слязою.
Сын ашуканкі,
Душой халадзею,
Ці не ашукаў я
Яе надзею?
* * * Плытчэе, святлее…
Плытчэе, святлее
Гадоў бруя,
А сорам саломы палае.
Душа твая,
Як і ўнучка твая,
Гарэзлівая й маладая.