Выбрать главу
Адчай за ракою рыкае — Бугай гэны ўсіх забадзе. Вясёлая радасць чакае, Каму засмяяцца ў бядзе.

Васілю Быкаву ў светлы дзень

Хрыстос васкрос! — і ўваскрасае Душа, што смутная была, І з цвёрдай веры выкрасае Усмешку добрую святла.
Хрыстос васкрос! — лягчэй нябёсам Трымаць аблокі дум цяжкіх! Хрыстос васкрос! — спаткацца з лёсам Дазволіў міг, стаіўшы дых.
Хрыстос васкрос! — грэх цёмны плача І не саромеецца слёз. Расцвіў з вярбою кій жабрачы. Хрыстос васкрос! Хрыстос васкрос!

* * * Гадавыя…

Гадавыя Прайшоўшы свае паравіны, Сад вушацкі мой Чуе хаду халадоў: Караніны ў зямлі, У нябёсах галіны, Ствол хавае сляды Адбалелых гадоў.

* * * А прымаўка гэтая яўна старая…

А прымаўка гэтая яўна старая, Вякамі задымленая, як загнет: Бог не гуляе, А свет мяняе. Але не дужа мяняецца свет.
А раптам Бог у сваю ахвоту, Каб не старэць, Каб адпэндзіць спакой, Такую прыдумаў сабе работу, Якую не здужаць Людской талакой?
І ціснуць нашы грахі камянямі, Не полецца нашай ляноты гарод. Па прыкладзе Бога І мы мяняем Гаршкі на гліну Ці наадварот?

* * * Гэта, пэўна, прыкідваў і Ной…

Гэта, пэўна, прыкідваў і Ной, Ад каго з нашчадкаў ягоных На зямлі застаецца гной, Хто з’аблічыцца на іконах.
Што больш трэба, Ці дух, ці гной, Не адкажа зямля збажыной.

Эміграцыя

Эміграцыя — вечны рух. Эмігруюць птушкі ў выраі. А куды Эмігрыруе дух, Калі З цела душа эмігрыруе?

* * * Сум…

Сум, Як прывід старажытнай Грэцыі, Здаўшыся аднойчы, не знікае. Толькі дай Дрывам журбы ўгарэцца, Дым гняздо саўе над хмызнякамі.
У залёты да спадзеўкі лётай, Суцяшай душу гадзінай шарай. Радасць суцішай сваю самотай, Марай гнеў карай, Як цёмнай карай.

Час папрасіў

І прала роспач воўну часу, Счасаную на ваўначосцы Гняўлівасці ды неціхоцця.
І ткала роспач коўдру часу На мулкіх кроснах, Якія Хронас змайстраваў.
І засцілала роспач ложак, Пакуль Харон смаліў свой човен, Каб перавезці з часу ў бесчась.

Сасновы сон

Снег лясны ўрачысты, як вясковец, Што на фэст прыспеў раней за ўсіх, Свеціцца — аж сосны зелянеюць Ад святочнай радасці ягонай.
Свеціцца — аж збіўся з панталыку Малады лясун, бо перазімак Белаты не бачыў. Атрасае Рыжыя іглінкі з каўняра.
Снег лясны, як ціхі сон пра маму І забыты, і наноў саснёны У сасновай хаце даўніны, Сніцца… сніцца… Аж прачнуцца страшна.

* * * Плылі з блудадзейнага Рыма…

Плылі з блудадзейнага Рыма З заразай маралі вазы. Айчына шукала айчыма І лоб непакорны гузы.
І грукалі здані дзвярыма. Паганцаў гнялі абразы. Прарокі праходзілі міма. І чэрці ўцякалі з лазы.
Світанне сухімі вачыма Вітала снягі й маразы. Разгадвала роспач, магчыма, Загадку слязы…

Засынаючы

Веча мае свой рот — Ад роспачы круглы звон. І на веча ідзе народ, І, як звон, Гудзе ён.
Звон мае свой язык. У людзей языкі свае. Даганяюць адзін аднаго Зык і сык. І кожнаму спрыту стае.
Туманеюць галовы. Ракою плыве чарот. Вечна галодны У веча рот. Незадаволенае, як прыблуднае, Чэрава — Не палуднавала, Не вячэрала Нідзе.