Выбрать главу
Таму й гудзе…

* * * А гарады — як мужчыны ў гадах…

А гарады — як мужчыны ў гадах, Не спатоліўшыся прыгажосцю, Пачынаць дбаць Пра ложак і дах, Радавацца нехаджаламу госцю.
Позірк — паломнік. Страх — пілігрым. Іх разумее здароджаны подзіў. Віцебск — Расхрыстаны Ерусалім Слухае неба На схілах стагоддзяў.

Відаць…

Відаць, не без падстаў У радасці й журбе Ранейшага сябе Я забывацца стаў.
Ці проста горшы стаў, Ці лепшы, як сказаць. Я ўзелянеў, як стаў, Зарос, як сенажаць.
Забыў, як спіць агонь, Як трызніць цень труной, Як сохне свежы гной, Як пахне потны конь.

Калядныя перагукі

Каляным снегам заслаліся ўзгоркі. Крыгамі грымнуў мароз нягеглы. Пралегла па лёдзе калядным Да зоркі сцежка ўздрыглівая.

* * * Маё маленства — маё маленства…

Маё маленства — маё маленства Айцу, й Сыну, й Духу Святому. Маё маленства — шчырае ўкленства Пачутаму сэрцам, нябачнаму Тому,
Што мне дазволіў Быць госцем свету, Што неба ў полі назваў Айчынай. Радком ягонага Запавету Я вылушчаны на святло ляшчынай,
Якая доляй маёй названа. І ацянінка яе лісціны Была даланёю бацькі Івана, Была хусцінай мамы Куліны…

Не чуе…

Увечарэлы змрок плыве, плыве, Лагчыны засцілае белым дымам. Сумёт не чуе, Як на галаве Ад сцюжы быльняжынкі сталі дыбам…

На змярканні

Міколу Плавінскаму

Збіваючы босыя ногі Аб каменьчыкі, аб валуны, Падаткнуць не паспеўшы Падол гарачы, Віцьба бяжыць Прасіць ратунку ў Дзвіны Высахлай, спрацаванай прачкай.
Гадзіннік глынае гадзіну Яшчэ адну. І ратуша слухае, Як гук у каменных грудзях сціхае. Успенская горка Трымае будыніну, як труну, І ёй спачувае восень Яшчэ не глухая.
Дзвіна хоча ў Рыгу з’явіцца У тумановых шаўках. У бурштыновых каралях Балтыка З крывічанкай мусіць лічыцца.
І сучка віцебская З жыватом у жывых сучках Вачыма шукае костку. Пастава рымскай ваўчыцы.

Выкні!

Хмарыцца цёмнааблока. Выкні, мой настрою. Песні маміны далёка — За гарою сырою.
Затрымацца не хацелі, Як на рэчцы хвалі, Леты маміны зляцелі — Вырай даганялі.
Песні спеты, Зжаты леты — Не вернуцца з прочак. Усе цветы пустацветы, Адзін васілёчак…

Урэшце

Стаміцца ў варажбе, З самім сабой застацца, Прывыкнуць да сябе — Капрызнае мастацтва,
Каб чуць, Як час звініць, Як моц бярэ знямога.
Ва ўсім вініць Сябе самога.

* * * Адчуваю, сочыць за мною…

Адчуваю, сочыць за мною… Адчуваю, пагляд гарыць… Адчуваю, дыхае за спіною… Аж часам загаварыць Хочацца з Ёю… Ды трымаюся, хоць чакаю… Бо яшчэ не знікаю…

* * * Гэтулькі часу на гэтай зямлі…

Гэтулькі часу на гэтай зямлі Нас і трывае Адзіны, Колькі спатрэбіцца нам, Каб маглі Нашы грахі й правіны Перад матулямі выкупіць,
Ды І неўміручасці мала, Каб пакаяння нямыя пуды Шаля спагады ўтрымала.
Шчодра нам плоціцца: Злосцю за злосць І за пакуту — пакутай, Покуль ліхвярна душу Ягамосць Возьме даўжніцай разутай.