І даганяе матулю душа,
Грэх несучы за сабою.
Там жа, напэўна,
Такая шаша —
Што ні слядоў, ні выбояў…
* * * Хай слёзы ці бобам, ці градам…
Хай слёзы ці бобам, ці градам —
Каза твае долі някозная.
Ужо ты за тым даляглядам,
Адкуль азірнуцца позна.
І як ні круціся, нябога,
Назад не павернеш нічога.
Уперад глядзі,
Дзе блізкаю
Душа твая ўздрыгвае пліскаю.
* * * Мы сваёю здаволімся пашаю
Мы сваёю здаволімся пашаю,
Лепшай так за свой век
І не ўбачылі.
Дзеці — роспач дарослая нашая,
Унукі — спадзяванні дзіцячыя.
* * * Куртаты ўнуччын…
Куртаты ўнуччын
І мой цыбаты
Без слоў два цені
Вядуць дэбаты.
Два цені моўчкі
Вядуць размовы,
Унуччын ранішні,
Мой вечаровы.
Трава прыціхла
Ў хатраспляценні.
Лятуць два цені,
Як летуценні.
Бяжыць Дамініччын
За матылькамі,
А мой ніцее,
А мой знікае.
* * * Душа глядзіць, як цела адмірае…
Душа глядзіць, як цела адмірае,
Надзённая, відушчая яна
Глядзіць з таго нябачнага акна,
Адкуль відаць ёй
Хата з краю раю.
А ведае, паспеецца яшчэ
У хату новую перасяліцца.
Цячэ жывіца,
Сыплецца ігліца,
Пакуль на подруб сосны
Час сячэ.
Каляды
Цераз пушчы, цераз гаці,
Цераз ляды
Абагрэцца куццёю ў хаце
Ішлі Каляды.
Сена грэлася пад абрусамі.
Свечкі грамнічныя не гаслі.
Коні загадвалі гаспадару самі
Мурагом не абносіць яслі.
Не елі й не пілі
Старыя дзяды,
Пільнавалі, калі
Народзіцца зорка Калядная
І маладзік малады
На адлігу ці на халады
Засвеціць каля яе,
Каля аднае.
І мароз хоць раз у жыцці
Запрашалі паспытаць куцці:
— Будзь, мароз, пры сіле,
Толькі нас не ўшчыкні,
Не ўкалупні.
І ты, васілёк, не бойся,
Нябёсся ў жыце! —
Жадалі.
І яшчэ прасілі:
— А вы, вераб’і,
Нашых не малаціце,
Ляціце
На Дзямідавы калапні!
А каля рэчкі
Каля Доўжыцы
Ад спрэчкі прэчкі
Ішлі калядоўшчыкі,
Калядавалі,
Дзякавалі,
Калі давалі.
Ішлі
З торбамі й мяхамі.
Кашалі
Здорам ім махалі
Часам,
Не ўпікалі
Калядоўшчыкаў
Кавалкам ласым.
Запрашаюцца Каляды
За сталы
Крывічанкамі й крывічамі.
З ласкаю
І малы й сталы
Прывячае
Свята наскае,
Крывіцкае.
А над яслямі карова
З ціхімі вачамі
Дыхае сабе
Цёплымі пыцкамі,
А ў каровы зорачка ў ілбе.
Сухары надзеі
Па летах пазнаеш палетак,
Па восені посіні подых.
Вятры па загонах палеглых,
Тугу па струхнелых калодах.
Трымаючы боханаў поўні,
Не грэбуй, багач, сухарамі.
Вясною заўважаны,
Помні —
Зіма твая не за гарамі.
Зіму сустракай праснакамі,
Вясну сухарамі надзеі.
Каб цёпла з зайцамі завеі
Апошнія дні прыскакалі.
* * * Ці ўчула свой закот чало…
Ці ўчула свой закот чало,
Ці ўжо сябе стаміла праца,
Мяне цікавіць пачало,
Якія сны ў магілах сняцца.
Перанасельнікі магілаў
Па колькі бачаць небасхілаў?
* * * Сам ад сябе з дакукі лямантую…
Сам ад сябе з дакукі лямантую.
Я знелюбеў табе,
Мая душа.
Цябе я абганяў, як бульбу тую,
Сахой тугі
І клаў на дно каша,
Каша, што сплецены
З лазы намераў
Ісці ў няволю, волю даць табе.
Я гэтулькі дарог сабе намераў,
А ты цяляткамі з зоркаю ў ілбе
Ірвешся з вытаптанай тлумам пашы
На іншыя, густыя мурагі,
Дзе ўжо цябе чакаюць берагі,
Да цёмных водаў
Шчокамі прыпаўшы.