Ад роду не ў воду!
З пустых каўшоў
Накорміш голад хіба дакорам.
Галечу помню —
З галечы прыйшоў,
Ды зноў
Прызнаваць за радню яе —
Сорам!
* * * Я па чарзе зняволенай вадзе…
Я па чарзе зняволенай вадзе
Па-хрысціянску падстаўляю шчокі.
Наводліў б’е струмень,
Пачаўшы скокі,
І ад яго халоднасці нідзе
Я не схаваюся ні на зямлі,
Ні пад зямлёй,
Пакуль патрэбен стоме
І цень мой не спадобіўся саломе,
Што сціснулі ў аглухлыя кулі.
За ўсіх, хто змоўкнуў,
Гаварыць вадзе,
Пакуль туман ідзе,
Плывуць аблокі.
Падставім шчокі,
Дзень мой яснавокі:
Ручнік дадуць
На незямным судзе…
* * * Пачынаю восень адчуваць…
Пачынаю восень адчуваць
І вясне не верыць паступова.
І гусцей смуга,
І пастухова
Мне туга нашчадная чуваць.
Кожны з нас, ці ўдачлівы пастух,
Ці няўдаліца,
Сваю радоўку
Адбываць памалу ці падоўгу
Мусім,
Покуль прысак не патух.
Грэецца ля вогнішча бяда,
Лёс пасём свой,
Парабкуем, княжым.
І, галодная, за лёсам нашым
Сочыць ваўкарэзінай жуда.
Выскачыць з рабінавых начэй
Радасці маланка шаравая.
Пераміргваецца з журавамі
Вогнішча самотнае вачэй.
Датрачваю
Спадчыну апошнюю датрачваю,
Спадчыну датклівага маленства.
З рупнасці скупечага шаленства
Я дрыжу над рэштай,
Над астачаю.
Не стае блакітнага, рудовага
Колераў нябеснага спакою.
Крыўда рэжа злою асакою,
Здрада, дзе ні ступіш,
Вывіжоўвае.
Тым жыву,
Што спадчыну датрачваю.
Старасць без пасагу пакідаю.
А душа, вядома ж, маладая
Не жадае
Долю мець жабрачую.
Непадуладны
Жыццю непадуладны сон,
Што снёны кімсці,
Новым стане.
Каб спачувала ране ранне,
За сон схавацца хоча скон.
Бо прыручае сон зямны
Да непрабудна-незямнога.
І сніць груклівы сон дарога,
І сняць павеўны сон званы.
І яўна ведаюць яны:
Ёсць толькі сон
І больш нічога…
* * * Нада мной дагарэла знічка…
Нада мной дагарэла знічка,
Загадаць толькі я й паспеў,
Ці не мерзне мая сінічка,
Ці звініць яе сіні спеў.
Сіні-сіні, як тыя хвалі,
Што прысніцца могуць адно.
Сіні, як нябесныя палі,
Што пярун забівае ў дно.
І пакуль чарнатою жычка
Дом глухі мой не абаўе,
Мне звініць у душу сінічка,
Дамінічкай завуць яе…
* * * Каб светла стала, так трэба мала…
Каб светла стала, так трэба мала,
Бо радасць сочыць за словамі.
Мне Дамінічка прапанавала:
— Давай мяняцца галовамі!
Трымае досыць змроку густога
Мая сівая, балючая.
Хапала шуму, ставала стогну,
Як той вярбіне над кручаю.
Вядома, гэта незразумела
Усмешцы лагоды —
Унучачцы.
Сваю галоўку мяняе смела,
Каб з дзедавай мулкай мучыцца.
Ды, як шчаслівы дурань з дзвярыма,
Нашуся я з прапановаю.
Шкадую ўпотай, што немагчыма
Пабыць з галавою новаю.
А старасць — хцівая маладзіца
Свой клопат адно і ведае.
І Дамінічцы магла б згадзіцца
Яе галоўка светлая.
* * * Бабульцы нялёгка стаіць…
Бабульцы нялёгка стаіць
Сваю непатрэбнасць, галечу.
А дзе мая старасць стаіць,
Ці з хлебам,
Ці з торбай заплеччу?
Ці недзе на познім таргу
Лягчэйшы кіёк выбірае?
І сам адказаць не магу,
Не скажа й дамоўка сырая.
Ці гэта на кожным рагу
Я старасць сваю сустракаю,
Ўступаю чаргу па тугу,
За ёй назіраючы з краю.