Паклон
Паклон кужэльнаму сувою —
Бярог і ў сквар, і ў маразы.
Іголцы з ніткай суравою
Хвала.
Я іх за абразы
Паклаў бы,
Бо на гэтым свеце
Нас атулялі
І на той
Не выпускалі галатой
Ад’ехаць у глухой карэце.
Пазначыў рупны рух іголкі
Хмурыну кужалю ў крыжы,
Каб блаславілі шлях анёлкі
Аж да апошняе мяжы.
Яно
Яно пачаткам маім было.
І першым слова мяне сустрэла.
Я рос і старэў,
А яно не старэла,
Было высокім яго чало.
Я траціў і набываў сяброў,
Былі са мною мае анёлы.
Але зрабіўся як вецер голы,
Знізеў з вадой забытлівай роў,
Дзе я намацваў на броды дно.
І зразумеў,
Што адно магчыма —
Са словамі ціха сустрэцца вачыма,
Чакаць,
Што на ростань мне скажа яно.
Тры цені
У лёгкім змроку, як у сне,
Іду з гарачым цемем.
Два цені ўперадзе мяне.
І сам я трэцім ценем.
Як ад забытых хутароў,
Ад ліхтароў трымценне.
Маё
За трох павадыроў
Трымаецца знікненне…
Думаецца
Думаецца, што й ваўку сярмяжка
Знелюбела ў шэрым жыцці.
Выйсці з сябе не цяжка,
Цяжка ў сябе ўвайсці,
Каб потым сярод лам’я
Сваё распазнаць імя…
* * * З адной і той жа прыгнечанай гліны…
З адной і той жа прыгнечанай гліны
Маўкліва сціснутыя цагліны
Узносяць бажніцу,
Трымаюць турму.
І не цагліны таму віною,
Што спеў і праклёны
За іхняй спіною.
Не ў іх пытацца трэба —
Чаму?
Пазыка
Час пазыку вяртае
Са скідкай на страх,
А каму аддае,
Сам пра гэта не ведае.
Залатою манеткай
Хадзіла жыццё па руках,
І манетка рабілася
Медная.
Багіня
А мама багіняй была.
Куліна —
Багіня кухні.
Устаючы да святла,
Багоўнічала ля катла,
Каб з голаду мы не пухлі.
Мы — гэта я, певень, кот,
Карова, парсюк ды казкі.
Вітаючы сонца ўсход,
Мы дбалі пра свой жывот,
Чакалі ад мамы папаскі.
На кут дакульгваў услон,
У сенцах мерзлі кадушкі.
Булён быў слязьмі бялён.
На жар клаў далоні клён.
Грэў жарт ад пяра жар-птушкі.
Працавітая, што вада,
Не ведала мама ні ўседу, ні ўлогу.
Хоць першы паспытак рабіла бяда,
Да ўшацкай багіні кухні яда,
Я веру, прыйшлася б да смаку
Богу.
* * * І пасыплецца клопат…
І пасыплецца клопат,
Нібыта з сяўні,
І наважыцца лёс
У айчымы йсці.
І затужыш на старасць гадоў
Па сям’і
Патрыярхальнай да немагчымасці.
…Каб, як прысвятак ладзіць,
Садзіцца за стол,
Мёд адкройваць
Спякотнай лядзінаю.
Каб галінаю кожнай
Трымацца за ствол
Радаводнага дрэва — радзінаю.
…Каб пачуць, як павук
Сабе лапці пляце,
Як прабабка-ўніятка моліцца.
Каб Гасподзь у душы,
Абразы на куце.
Хоць на момант
Забыцца на могліцы…
* * * Вечаровыя пацеры…
Вечаровыя пацеры —
Гэта з небам размова.
Як на ранішнім шпацыры
Пачуваецца слова.
Шпацыр той за аблокамі,
Дзе ні тлуму, ні пылу,
Дзе сваё адгалёкалі
Крыўды —
Да небасхілу.
Адхінуўшыся скрухаю,
Сніць душа маладая:
Зорнаю пацярухаю
Марнасць дзён ападае…
* * * А я, пасівелы дзядоўнік…
А я, пасівелы дзядоўнік,
Стаю пры апошняй вярсце.
Яшчэ на зямлі я назоўнік,
А мне ўжо займеннік расце…