Выбрать главу

Мусіць!

Цар-звон, Што голасу свайго не чуў ніколі, І цар-гармата, Што ядра не праглынула, Народ вялікі, Што не меў маленькай волі, Двор непрылюджаны, Дзе ні кала, ні шула…
Хто марнай марай цараваць Жыве, Той мусіць мець цара У галаве!

Задужа

Радзімапрадаўцы, Вам гэта ўсё роўна, За колькі, каго прадаваць і калі. Глядзіць Беларусь — Маладая князёўна, Што вы да запятка ёй не дараслі.
За лыжку сачыўкі, За потарг улады Нашчадкаў і прашчураў вы прадалі. Укленчыць рублю папяроваму рады, А срэбранікі ўсё ж са срэбра былі.
За трыццаць задужа За фунт сушоных Старых валуёў, А не баравікоў. Трымаць у рублёвых Чарнобыльскіх зонах Вам хочацца ўсіх нас, Як тых здыхлякоў.
Вядома, кім сплецена Ваша лапцюжка, Каб тэпаць нячутна На цёмны базар.
Так, трыццаць за ўсіх вас Адсыпаць задужа. І дні небазарныя й танны тавар.

Суботні вечар

Прытушаны вечар суботні Асвечаны маладзіком. Неонавым малаком Аблітыя ўсе падваротні.
Уцёкшы з будзённай турботні, Прытулак укае настрой. На вулцы ад крокаў старой Субожыўся вечар суботні…

Абкладзіны

Абкладзіны — смутная праца. Рыдлёўка яшчэ не тупая І тая не хоча старацца, Капае, Нібыта ступае
За згорбленаю дамавінай. Ды просіць знямогла магіла Абкласці яе дзернавінай — Зямля ўжо асела, астыла.
Мы, будучыя навасельцы Кладоў гэтых, Нешта гаворым: Нам чарка І скварка зямельцы… І кропляю дзелімся з горам.

Сарачыны

па Алесю Адамовічу

Сарачыны перад саракамі. Свой кажух карэлы Скіне год. Медзвядзём заспаным зарыкае Крыгалом, Збудзіўшы крыгаход.
Паплывуць зямных пакутаў крыгі Па рацэ, Дзе берагоў няма. І зямлю перасмыкнуць уздрыгі, І жальба пасеецца сама.
Цень адскочыць ад нябачных колаў Астудзіць пякучую жарству. І душа падасца да анёлаў. І надзея выйдзе на траву.

* * * Страх напаў…

Страх напаў. Змрок найшоў. Ноч залегла намоклай калодкаю. Праз зашклёныя вочкі Каменных кашоў Хоча выліцца Электрасвятло халоднае…

Кусман сну

Ціхая ласка сына — Газаю ў ліхтары. Дыхае на вятры Пыхаю парусіна.
Будзе шукаць хутары Цень незабытага страху. Дотыкам вечнага праху Лоб ахалодзяць яры.
Збедніцца змрок-ліхвяр. Дол падмяце слата. І праглыне ліхтар Цупкі язык кната.

На двойчы сёмым небе

ў Алега Маціевіча

Вока жмурыцца. Душа піцуе. Пасмы ўгору. Барада набок. Толькі пэндзаль у руках гарцуе, Як перастаялы жарабок.
Змрок Па апраметнай цемры тужыць. А вагар святла журбу хіне, То раздзьмухвае, То цішыць, тушыць Фарбавы пажар на палатне.
Успамінам цесна, І цяперака Хочуць як даўжэй застацца там З Елісейскіх поймаў мільянерка І змяя пяшчоты з менскіх дам.
Таямніца прыцемку і зерня. Цені на калінавых мастах. Містыка. Містэрыя. Майстэрня. Маці, Маціевіч. Маг. Мастак.

* * * Калі на ўчарнелым лёдзе класнае дошкі…

Калі на ўчарнелым лёдзе класнае дошкі, Нібы скарчанелым пальцам завеі, Я крэйдай выводзіў бяскроўныя літары, Надзею цепліў сагрэцца агнём, Што сухім і ўедлівым прыскам Бяліў, нябачны, наіўныя пальцы. Запылены, як размазняваты млынар, І чуць не чуў, І слухаць не слухаў Скрыпучую крыўду крэйды, Якую зразаў нашчэнт, Выкрасаючы белыя іскры.