Ледзь не забытае
Іскры гуляюць у жмуркі,
Не турбуючы цішыню.
Нацешыўшыся — бо распрэжаныя —
Подбрыкамі ды галопамі,
Утуманелыя коні
Падыходзяць бліжэй да агню
І па-буслінаму згодліва
Матляюць галовамі.
А полымя гарачагрывае
Вывіваецца — віх ды віх.
У дол узіраюцца зоркі
Позіркамі неатухлымі.
І коней зоркі шкадуюць,
Думаючы, што ў іх
Забралі белыя крылы
Разам з хамутамі й цуглямі.
Зразумеў
Я цяпер зразумеў,
Што такое
Засохлыя карані —
Гэта, калі вада
Іх пакідае.
Ты паехала,
Мне засталося
Стаць вартаўніком цішыні.
Я пастарэў,
Я бяда
Засталася са мной,
Як і ты,
Маладая.
* * * Час паветра не знішчыў…
Час паветра не знішчыў.
І вякуюць вякі
Жывадухі гарышчаў —
Галубы й мастакі.
Неба стомленым дахам
І памостам цвярдым.
Перамогу над страхам
Святкаваць будзе дым.
З воблакамі, з кастрою
Тут усе як свае.
Міласціну настрою
Вышыня падае.
* * * Надзея абяцаць умее…
Надзея абяцаць умее,
Як не ўлашчвай і не гневай,
Надзея падвучыла змея,
Як спакусіць Адама Евай.
Надзея —
Цёплая завея
Развідніць шлях блуканца
Горкі
І так да дрыжыкаў сагрэе,
Што ў небе пералічыш зоркі.
Хінецца да надзеі вера,
Але жартуюць англічане:
Надзея — добрае сняданне,
Ды незайздросная вячэра.
Якубу Коласу
Зарнятка просіцца ў раллю з сяўні,
Каб стаць увосень коласам шурпатым,
Каб стомлены ўраджай вусатым сватам
Яго вагу адчуў на далані.
Вітае хмара колас з вышыні,
І вецер горнецца крылатым братам.
Алмазнасць зерня дарагім каратам
Не ацаніць на вечнасць дабрыні.
У коласа не пра сябе самога —
Пра хлеб надзённы клопат з даўніны,
Калі праснак рукою пана Бога
Надлоемлены насыціць род зямны.
Сярпы, цапы, залеваў бізуны
Катуюць колас, ды ў яго святога
Займаюцца нябеснай рунню сны.
Ды…
Вагаўся,
Ці йсці, ці не йсці яму,
Ушацкі дождж-марасель.
І мне,
Не ведаю сам, чаму
Прымроіўся млосны Марсэль.
Я плыў упоплечкі з хвалямі
І ў
Падумках у неба заплыў.
А ля небакраю быў замак
Іў
І на падумкі рабіў уплыў.
Ці я, ці вецер хакаў, як
Хорт?
Я чуў і подых, і потых вады.
І спіну вечна мокрую
Порт
Хацеў бы выпрастаць,
Ды…
Філалагічны дыпціх
а
Імгненне —
І я слязой пацяку
І знікну ў расчуленай гліне.
Пацалавала мяне ў шчаку
Студэнтка-філалагіня.
Яшчэ не зусім такі карчаку,
Мне стала для радасці мала.
Пацалавала мяне ў шчаку,
Як дзеда, пацалава…
в
Тры цюльпаны ад філалагіні,
Як намёк сівому цельпуку,
Што твая магчымасць ва ўспаміне
Выбрыкам ды подбрыкам ку-ку.
Тры…
Трохкроп’е нецярплівых знічак
На зялёнай прывязі журбы.
Задзірае кпіна ўпарта лычык:
Не забудзься на часціцу бы.
Цяцівіна
Чытаю: Іна — і на
Імгненне ціхае нейкае
Пачую, як даўніна
Іначыць усё і некае.
Не! — кажу забыту вякоў
Шляхетнага роду цяцівіна.
І мутныя вочы крукоў
Святлеюць — з смеласці дзівяцца.