Алегу Лойку
Над Сенаю я ўспомніў Шчару
І на прыслонку свету —
Слонім.
І асушыў у думках чару,
І пакланіўся тым далоням,
Што ціха ўзгадавалі сына,
Каб суцяшаў свой Край у горы.
І Сена ціхаплынна, слынна
Параіла зірнуць на зоры,
Якіх не ўгледзіш над Парыжам,
А ім над Слонімам — раскоша.
Там, гордая сваім прэстыжам,
Хмялее свежая пакоша.
Спаць цені клаліся ў разоры,
І Слонім плыў бяседай ленай,
І чокнуцца хацелі зоры
З нябачнымі над смутнай Сенай.
01.05.1991
Парыж
* * * І даводзіцца вепруку…
І даводзіцца вепруку
Трапезу падзяляць сырую.
Чорны бусел
У хлеўчуку
Да наступнай вясны кватаруе.
Белавежа прымежным крысом
Ад бяды засланяе да часу.
Гаспадыні нешта праз сон
Шэпчацца пра красу й закрасу.
Лыч з крылом
Не сіло звяло.
Клёкат збег бы пагрэцца ў пушчу.
Зажывае для ўзлёту крыло,
Лыч, як поўня, цяжэе
Для тлушчу…
Сабе на дзень нараджэнння
Дзён, як знаёмых, менш і менш.
Маўчыць туга ўсыцелая.
І ўжо не адчуваеш меж
Між прыцемкамі й цемраю.
А потым
На гэтай настылай зямлі,
У гэтым халодным свеце
Нам Госпад дазволіў:
Сівейце,
Пакуль растуць мазалі,
А потым пясок шчырэц
Нас прыме ўсіх без разбору.
І кожны,
Хто з двору, хто з бору,
Свой конавы п’е карэц.
Сум сочыць,
Каб параслі
Нябытам і заўтра й сёння,
І ў могліц
Сышлі з далоняў
Магілак глухіх мазалі…
Шкляр
Узрост, як шкляр,
Стараецца хутчэй
Прыцьмела-затуманенай слюдою
Зашкліць усё прынадна маладое,
Адгарадзіць ад рук і ад вачэй.
Глядзіш на маладух, як на ваду
Вандроўнік,
Што прагнаць не хоча смагу.
Жывеш,
Як у празрыстым саргафагу,
І хлусіш старасці:
іду… іду…
Дыханне
Здаецца,
Рака сабе вены ўскрые.
Рыбацкае шчасце
Давязвае сетку.
Спакойна
Зношаныя старыя
Пра смерць гавораць,
Як пра суседку…
Спрыяюць
Пашаны срэбра, няўвагі медзь
І дамавіны адкрытасць
Спрыяюць бядзе зразумець
Няшчадную літасць.
* * * Гэты звон…
Гэты звон,
Як дабравесце вязню, —
Звон ключоў,
Што адмыкаюць волю.
І ланцуг бліскучы
Долу бразне.
І прамень сагрэе
Змрок пад столлю.
Звон ключоў
На гэтым свеце дзённым
І на тым,
Дзе час цячэ начамі.
Брама ў рай
Сустрэне цёмным звонам —
Зазвініць
Святы Пятро ключамі…
* * * І раптам хлопец малады…
І раптам хлопец малады
З абліччам Міхася Стральцова,
Расчырванелы ад хады,
Узнікне,
Быццам выпадкова.
І пацяплеюць халады.
Замлеюць каташкі марцова.
Дамы заселяць гарады,
Як дáмы Міхася Стральцова.
Праступяць праз траву сляды.
Ад снегу абтрасецца слова.
Пайду да Міхася Стральцова
На шклянку думкі.
Як тады…
* * * Калі дайсці да рысы…
Калі дайсці да рысы,
За якой
Сябе самога ўжо не будзе шкода,
Душу насмеліцца прыняць спакой,
І незямной лагоды ахалода
Астудзіць пал,
Як на гасцінцы пыл,
Дзе дні твае ішлі,
Падняўшы крыссе.
І прыцемна ўсміхнецца небасхіл,
Аб стому баючыся апячыся…
* * * Прашчуры стараліся…
Прашчуры стараліся,
Каб прашча
Камень гневу кінула далей.
Продкі ў попрадкі хадзілі
Нашча,
Пралі нітку лёсу
Ды алей
Ціснулі на пост
Ды на лампадкі,
Каб цяплела
На душы ў багоў.
Моцна
Перавязваліся спадкі
Ніткай лёсу,
Доўгай ад даўгоў.