Мяжа туману. Світання мяжа.
Мяжа дабра й трываласці.
Ад быльняжынкі аж да глыжа
Апошняга прошласць трымалася.
I з незагойных бацькоўскіх магіл
Уздымецца ён, і ўшчынную
Акрые налі сірочыя пыл
Пакрыўджанаю аблачынаю.
* * *
Да багацця бяжыш, чалавеча,
I не думаеш ты, нябога,
Што цябе даганяе галеча,
А яна не пакіне нічога.
I ў яе зайздросныя вочы,
I ў яе хапучыя рукі.
Ёй таксама не спіцца ўночы,
I прайшла яна ўсе навукі,
Як дарыць лахманы на плечы,
Абдзіраць па-скупечы на ліпку.
Пачакай. Не ўцякай ад галечы
Паскачы пад ейную йскрыпку.
* * *
Рака жыцця не прывыкла паказваць броды.
Яна несупынная ў паваротах сваіх.
I помыслы ў сэрцы людскім — глыбокія воды,
Ды чалавек разумны вычарэпвае іх.
Чарэпаць поўным каўшом не стамляецца коўшаль.
I зоры начуюць у цёмных водах на дне.
У водах адстойваецца марудных вякоў жаль,
I туманом таемным на дапытлівасць тхне.
Руплівасць не слухаецца пакорнай дагоды.
I сонца спасцігу ўзыходзіць з-пад вей.
Мялець не думаюць небародныя воды.
Чарэпае чалавек глыбей.
* * *
Лыжка драмаць не павінна ў дармовым супе.
Падабацца хадыку не мусіць слата.
Разам з зернем таўчы таўкачом у ступе
Дурня — не аддзеліцца ад яго лухта.
Бо дурныя — не аруць, не сеюць — нараджаюцца самі,
Каб не сумна на свеце было мудрацам.
Як ні задзіраюцца сані насамі —
Не зрабіцца ніколі коламі палазам.
А калі й лухта — гэта тая мякіна,
Што дамешваюць часам у праснакі?
Можа, усё ж памыляецца хітрая кпіна,
Дзівакоў залічваючы ў прасцякі?
* * *
Нічога не забываецца ў злапомлівым свеце.
Цэп на таку прысягае ўмалоту ілбом.
Хто разбурае свой дом, таму накануецца вецер.
I неразумны ў мудрага сэрца будзе рабом.
Спагадца старцоў і вандроўнікаў, вецер-бяздомнік
Не прызнае ні вокнаў глухіх, ні дзвярэй.
Без дому свайго бяскрыла блукае паломнік,
А ў выраі смутку вядзе ўжо самота рэй.
I поўняцца збожжам розуму старанныя гумны.
I думка не ходзіць пешкі — яна слыве.
Пазірае са страхам на мудраца неразумны.
У сэрцы вецер. Вецер у галаве.
* * *
У шчасці розныя, роўныя ўсе ў бядзе,
Хоць кожны жыве на сваёй планетцы.
Не радуйся, калі вораг твой упадзе,
I сэрца не весялі, калі ён спатыкнецца.
Бо нехта лічыць ворагам і цябе,
I нейчая злосць за табой цікуе таксама.
I нейчая зайздрасць стажок твае долі скубе.
I не сціскае пашчу бяссонная яма.
Век шчасця зямнога кароткі, як летні сон,
Ды ён хоць аднойчы павінен сасніцца.
Хто сябра, хто вораг — не разбірае скон,
Усе перад ім аднолькава падаюць ніцма.
* * *
Не мяняй свой куток на прастору чужую,
У прасторы чужой птушка гнёзды не ўе.
Пі ваду са свайго вадазбору і тую,
Што цячэ дамавіта са студні твае.
I прагоніць вада і засмагу, і стому,
I ў чужыне па краі бацькоўскім тугу.
Кожны яблык сваю захавае аскому.
Як нікому, падзякуй таму ланцугу,
Што трымае цябе верадам невыводным,
Прывязаўшы да родных мясцінаў душу.
I напоіць вада тваю рызыку й одум.
Перадасць таямніцу спарыш спарышу.
Следам Апостала Паўла
* * *
Не верце ні лёсткам, ні брэху,
Шануйце душу ў праваце.
I мёртвым — будзьце для грэху,
Жывымі — для Бога, ў Хрысце.
Нячыстыя думкі і цела
Рыхтуюць цямніцу душы.
Зняверцу распуста ўсыцела
I горне, і шэпча: — Грашы!
Завершыць труна прастакута
Крывыя дарогі жыцця.
Душа да пакуты прыкута,
Заложніца веры — дзіця.
* * *
I сашчэпіць нячысцік зеўры,
I ўтравее сцяжына зла.
Дык адкіньма ўбок справы цемры,
Апранемся ў зброю святла.
Справы цемры — цёмныя справы,
Хто бярэцца за іх — таму
Напаткаецца лес каравы
I маною ўцемніць думу.