Выбрать главу
На святле крамянее голле, На святло спадзяецца тло. Як начлежнік цяпельца ў полі, Свет хавае ў вачах святло.
* * *
Азёры ніяк не развесці вінамі — Слабое віно любое. Нікому нічога не будзьце віннымі, Апроч узаемнай любові.
Дзяліцеся ласкі нячэрствай скібкаю, Вы — госці ў гэтым застоллі. I ваша жыццё, як лучына скіпкая, Не ўгрэе нябеснай столі.
Прыйшлі, каб пайсці са сваёй таемнасцю. Рухавы туман растане. Дык хоць саміх сябе ўзаемнасцю Сагрэйце на развітанне.
* * *
Потым прыходзіць туга-парадніца, Астывае запал гарачы. Радуйцеся з тымі, хто радуецца, І плачце з тымі, хто плача.
Хмарнасцю і весялосць закрэсліцца, I куццёю зробіцца груца. Надзея — роспачы хрэсніца — Да блакіту будзе гарнуцца.
Ветру дадзена поле выблукаць, Плугу сказана гнаць разоры. Небу плакаць — вачэй не выплакаць: I праз хмары смяюцца зоры.
* * *
Дораг цень свой кожнаму дрэву, Покуль ствол яго не струхнеў. Упірлівасцю на дзень гневу Сам сабе ты збіраеш гнеў.
I абрынецца гнеў Гасподні Ля апошняй твае вярсты. Будзе страх, як убор ісподні, Палатнець на табе, як ты.
Загарыцца лісток барвяны
Недзе ля нахмураных хмар. I за гнеў, табой назбіраны, Атрымаеш, як сам ліхвяр.
* * *
Покуль пчол рупатлівых гуд не астыг, Паўнавока смяяцца сотам. Бог у непаслушэнстве замкнуў усіх, Каб усіх памілаваць потым.
Паслушэнства ад подслуху неба йдзе. Напачатку трэба самому Пакіпець у бядзе, астыць у вадзе I з чужымі прыбіцца дадому.
I на момант забыцца на вечны лёх, I на мох, над глухой шгітою, I пачуць, як душу адмыкае Бог, Напаўняючы мілатою.
* * *
Хоць прысак у прыцемку не атух, Халаднавата вуголлям галодным. У незнаёмай мове моліцца дух, Але застаецца розум халодным.
Халаднавата сэрцу ў мове чужой, Нібыта ў неасвечаным храме, Што поўніцца неабжытай імжой I неўсвядомленымі дарамі.
Малітва на матчынай мове адна Госпаду, зорам і ніцым лозам — Усім зразумела будзе да дна, I ўсцешыць, і разварушыць розум.
* * *
Спрадвечнасць не вымяраюць гадамі. На небе трава забыцця не расце. Бо як паміраюць усе ў Адаме, Ажываюць гэтак усе ў Хрысце.
За грэх, што пайшоў ад Адама й Евы, Нясе пакуту зямная плоць. I як мяняюць убор свой дрэвы, Мяняе паству сваю Гасподзь.
I адпаведна кожнаму ў чару Рабу й анёлу — нальецца ўшчэрць На тым Судзе, што вызначыць кару. Апошні вораг знішчыцца — смерць.
* * *
Святло аж лілося ў Тварца з вачэй, Ён свет тварыў, маладзілася праца. Гарэлі іскрынкі святла зырчэй, Ляцелі, каб зоркамі ў небе стацца.
I зоркі, як пчолы ў вуллі, загулі, Аж зазвінелі далёкія высі. I Бог загадаў ім свяціць зямлі, Сабраў у сузор’і, каб не разбрыліся.
I светлага клопату ўсім стае, I часу — любой праявіцца праяве. У кожнага неба сузор’і свае, Бо зорка ад зоркі розніцца ў славе.
* * *
Каму салодка і ў палыне, За кім кульгае нуда старая. Хто скупа сее, той скупа жне, Хто шчодра сее, шчодра збірае.
Аддай усё, што ёсць у цябе, Раллі — суботы, гонам — нядзелі. Старайся раніцай у сяўбе, Хай рунню рупнасць умаладзее.
Світанка певень свой цень здзяўбе, Зляціць маркота зязюляй шэрай. Паўторыць шчодрасць сама сябе, І шчыры колас нальецца верай.
* * *
Не азірайся на свет варожа На мяжы віднаты і мжы. Хай жа зло цябе не пераможа, Ты дабром яго перамажы.
Як сцішаюць ядзейшым ядам, Лом пускае трухлядзь на злом. І нутро ўледзяніць паглядам Зло, якое адолееш злом.