— Марс мае нават два Месяцы, — адказаў брат, — ды карысці ад іх няма ніякай: адзін мае пятнаццаць кіламетраў, а другі — восем кіламетраў у папярочніку, і нам іх не разгледзець. Можа, якія-небудзь з гэтых самых маленькіх зорак і ёсць Месяцы, але нам яны не патрэбны.
Хоць і ўдзень на Марсе цішыня надзвычайная, але цяпер яна з да валася яшчэ большай. Адзіным гукам было выццё яхаў Бао.
— Я нават шкадаваць іх пачынаю, асабліва маці і дзяцей. Холад усё павялічваецца, праз некалька гадзін будзе люты мароз, а куды ім дзецца? Яны і сваю пячору не могуць заняць, бо там газ.
— Здаецца, сюды ідуць! — шапнуў Светазар. — Вунь на тым баку шбы статак рухаецца. Але холадна тут, зойдзем у сярэдзіну і там будзем чакаць.
— А ты не баішся? — ціха спытала сястра.
— Не, баяцца ніяк не выпадае, — спакойна сказаў брат. — На адзін рэвальвер я не спадзяваўся б, а на агонь спадзявацца можна.
Яны паставілі свой фантамабіль «пад страху», гэта значыць, пад скалу, і ўвайшлі ў сярэдзіну. Яхі яшчэ не падазравалі, што на іх ідзе варожае «войска». Светазар яшчэ крыху папрактыкаваўся з абаронцамі, але на іх зусім не разлічваў. Ен сам думаў адбіць «штурм».
Нарэшце і ў пячору даляцеў шум. Адзін з яхаў высунуўся з пячоры, каб паглядзець, і зараз жа кінуўся назад. На твары яго быў страх. Ен балбатаў:
— Бао, Бао.
Усе адразу зразумелі, у чым справа, замітусіліся, адсунуліся ад увахода і згрудзіліся ў процілеглым кутку.
Гукі набліжаліся. Светазар падрыхтаваў кактусы, пасмейваўся і чакаў. Святлана не магла стрымаць сябе і дрыжала, больш ад нервовага ўзбуджэння, чым ад страху. Светазар са смехам сказаў ёй:
— I ты баішся, як гэтыя бедныя яхі? Сур'ёзна табе кажу: аніякай падставы няма баяцца. Не толькі першабытны ях, але і наш бандыт пабаіцца палаючай галіны, калі не будзе мець іншай зброі. А Бао рукамі шчога не можа рабіць.
I вось ля ўвахода заварушыліся цені, і ў пячору ўвайшоў Бао. Падышоўшы бліжэй, ён устаў на заднія лапы і грозна нешта прамармытаў. За ім сталі чатыры яго ахоўнікі, а рэшта стала ля ўвахода.
Светазар тым часам падрыхтаваў добрыя палаючыя кактусы, два ўзяў сабе і адзін даў сястры.
— Пабачыш, як весела будзе, — сказаў ён. — Пачынаем: раз!., два!., тры!.. — Светазар закрычаў, замахаў агнямі ды як тыцне шаноўнаму Бао адным полымем у твар, а другім у жывот, дзе была самая доўгая поўсць…
А Святлана падсмаліла нават двух ахоўнікаў.
Што тут адбылося, нават разгледзець не паспелі. Убачылі толькі, што незапрошаных гасцей у пячоры ўжо няма. А яхі ўсе смяяліся па-сапраўднаму.
Пераможцы выйшлі на двор, каб паглядзець, куды дзеліся ворагі. Яны згрудзіліся ля пераправы праз рэчку, а паблізу плакала малое.
Зараз жа да яго падбегла маці.
— Відаць, і на Марсе, і на Зямлі, і на іншых планетах усе маці аднолькавыя, — сказала Святлана і пачала гладзіць малое, а потым узяла яго на рукі і нанесла ў пячору. Маці пакорна пайшла ззаду.
Усе вярнуліся ў пячору, і новыя жыхары далучыліся да старых без ніякіх перашкод.
Час ішоў, а задуманая Светазарам «рэарганізацыя» была яшчэ не скончана. Трэба было перанесці агонь і ў іншыя пячоры, а гэта вельмі марудная справа.
— Можа, яны і самі маглі б занесці да сябе? — сказала Святлана.
— Дзе там! — безнадзейна сказаў Светазар. — Бачыш, якія яны нязграбныя. Калі ён будзе несці агонь у адной руцэ, то шчога не выйдзе: ён абсмаліць сабе і твар і жывот. А на двух нагах наўрад ці данясе. Каб свабодна хадзіць на нагах, ім яшчэ трэба навучыцца, можа, тысячу гадоў. Нашы продкі жылі ў лясах, лазілі па дрэвах, стоячы на нагах, даставалі плады, каласы, адным словам, ім заўсёды прыходзілася стаяць на нагах. А тут ні дрэў, ні пладоў, ні высокіх раслін, а толькі адны кактусы, якія трэба збіраць, уткнуўшы нос у зямлю. Відаць, прыйдзецца нам з табой «электрыфікаваць» іхнія хаты.
Калі перанеслі агонь у суседнюю пячору, вярнуліся сюды і жыхары яе. Потым ажывілі другую, трэцюю пячору і такім чынам разгрузілі першую. Засталася тут толькі чужая маці з дзіцем. Святлана пагладзіла і яе і дзіця, каб гаспадары бачылі, што з імі трэба абыходзіцца ласкава, ды яшчэ дала наказ:
— Глядзіце вы мне, не крыўдзіце іх, а то я вам… — і яна пагразіла гаспадарам пальцам.
Трэба адзначыць, што «электрыфікацыя» гэтая заняла куды больш часу, чым магло здавацца, бо кожны раз трэба было яшчэ і яшчэ паказваць, як абыходзіцца з агнём, падтрымліваць яго. На гэтую справу патрацілі, мусіць, гадзіны дзве, калі не болей. Падарожнікі вельмі стаміліся. Можна сабе ўявіць, як павінны былі адчуваць сябе яхі, якія, магчыма, за тысячагоддзі першы раз не спалі ноч. Але прычына была ўважлівая: першы раз за тысячагоддзі ноч у іх была з агнём.