Выбрать главу

Княгіня праз сілу паспрабавала ўсміхнуцца.

— Мне прыемна, княгіня, што мы пачынаем давяраць адзін аднаму, так справа пойдзе хутчэй.

Княгіня адмоўна пахітала галавой.

— Пойдзе, пойдзе,— запэўніў ён.— Вось ужо пяць хвілін, як пані не спрабуе больш званіць і клікаць на дапамогу, гэта прагрэс. Да таго ж мне цяжка ўявіць, што княгіня, жонка вялікага камергера, кузіна расійскага імператара, пакліча сюды ўсю гатэльную чэлядзь, каб гэтае быдла ўбачыла яе ў ванне поруч з незнаёмым мужчынам. Плёткі пра такія прыгоды абавязкова пачуе князь Данідаў.

— I ўсё ж,— з трывогай прамовіла княгіня,— як пан сюды трапіў?

— Зараз гэта не мае значэння. Зараз важнейшае, як я адсюль выйду... Я не збіраюся злоўжываць гасціннасцю, аднак спадзяюся наведацца сюды і заўтра ўвечары.

— Толькі не гэта!

Незнаёмы, быццам незнарок, апусціў руку ў ваду і выняў адтуль тэрмометр-патапок.

— Трыццаць градусаў,— сказаў ён,— ванна астывае, давядзецца выходзіць, княгіня.

Соф’я не ведала, ці то ўсміхнуцца, ці то заплакаць. А мо ён вар’ят? Або закахаўся ў яе?

— Прэч!

Мужчына адмоўна пахітаў галавой.

— Злітуйцеся,— маліла яна.

Незнаёмы задумаўся.

— Што ж нам рабіць? — разважаў ён.— Мы мусім хутчэй шукаць выйсце, бо, баюся, пані пераахалодзіцца. Спадзяюся, пані добра арыентуецца ў сваім ванным пакоі і нават навобмацак знойдзе пеньюар? Я нікуды не сыду, але згашу святло, у цемры можна выйсці з ванны, і сорам больш не будзе замінаць нашай размове.

Незнаёмы падаўся да выключальніка, але вярнуўся.

— Забыўся на званок, да яго лёгка дацягнуцца, часам можна выпадкова націснуць, а потым давядзецца шкадаваць.— Мужчына ўзмахнуў лязом і абрэзаў абодва драты.— Вось і ўсё,— сказаў ён.— Але я бачу яшчэ адзін дрот, вось тут, уздоўж сцяны... А што, калі гэта другі званок?

Незнаёмы яшчэ раз узмахнуў лязом, але ў той момант, калі брытва кранула ізаляцыю, бліснула электрычная іскра, мужчына адскочыў.

— Халера! Я апёк сабе руку. Пані гэтаму ўзрадуецца.

Соф’я ўстрывожана глядзела на яго.

— Не варта хвалявацца,— сказаў незнаёмы.— Наша ўмова яшчэ не скасавана.

Ён павярнуў уключальнік.

Соф’я ўстала ў поўны рост у ванне, абвяла рукою ў цемры, баючыся сустрэць перашкоду. Але рука сустрэла пустату. Княгіня ступіла на падлогу адной нагою, потым другой, нарэшце кінулася да крэсла і паспешліва накінула пеньюар, сунула ногі ў пантофлі, на хвіліну знерухомела, потым, наважыўшыся, запаліла святло. У ванным пакоі нікога не было. Соф’я пайшла ў спачывальню. У глыбіні пакоя ўбачыла задаволенага госця.

— Трэба пагадзіцца, княгіня, я паводзіў сябе больш чым галантна.

— Жарт зацягнуўся,— сказала Соф’я.— Я патрабую — прэч!

— Патрабую? — перапытаў мужчына.— Я не люблю, калі са мною так гавораць. Але пані дарую, бо я не назваў сябе. Але чаму пані мяне не слухае?

Княгіня Соф’я на самой справе больш не слухала. Яна згадала, што на сакрэтніку, які стаяў паміж ёю і незнаёмым, ляжаў рэвальвер з перламутравай інкрустацыяй. Княгіня выдатна валодала зброяй і цяпер вырашыла, што, калі яна схопіць рэвальвер, ёй будзе лягчэй паразумецца з госцем. Да таго ж у адной з шуфлядаў сакрэтніка ляжаў партманет, а яго начынне складала 120 000 франкаў. Шуфляда сакрэтніка была крыху высунута, і княгіня трывожна падумала: ці на месцы партманет, ці не звычайны злодзей яе таямнічы залётнік?

— Я тут, княгіня, заўважыў адну рэч, якую не заўсёды сустрэнеш у жаночых апартаментах!

Жанчына рушыла да сакрэтніка, але госць апярэдзіў яе і схапіў рэвальвер. Соф’я жахнулася, адскочыла назад.

— Не варта палохацца,— супакоіў яе.— Я не збіраюся рабіць замах на жыццё.— Адным рухам ён вылушчыў усе шэсць набояў з барабана і пачціва перадаў княгіні абясшкоджаную зброю. — У мае планы не ўваходзіць забойства.— Нечакана ён выняў з кішэні гадзіннік.

— Ужо другая гадзіна ночы! — адзначыў ён.— Як позна! Іду, іду. Але не хочацца знікаць ані праз акно, ані праз комін, ані праз патаемныя дзверы ў сцяне, нібыта я злодзей з казкі. Лепш выйду, як джэнтльмен,— я ж заходзіў выказаць сваё шанаванне цудоўнай жанчыне праз дзверы!

Княгіня міжволі зірнула ў сакрэтнік, у якім, вядома, не было ўжо партманета. Што ёй цяпер рабіць?

— Дарэчы, я ж не назваўся,— незнаёмы дастаў з кішэні візітоўку і абапёрся на сакрэтнік.— Спадзяюся, пані дазволіць мне пакінуць сваю візітоўку вось у гэтай шуфлядзе?