Незнаёмы кінуў у шуфляду кардонную картку.
— Ну, а зараз,— сказаў ён,— покуль я не выйду за дзверы, каб ціха было, бо заб’ю.
Пад гіпнатычным позіркам незнаёмага княгіня Соф’я адступіла ў перадпакой, з намаганнем перакруціла ключ у замку, прачыніла дзверы. Незнаёмы бокам прайшоў у іх і праз імгненне знік. Соф’я адразу ж кінулася ў спачывальню і пачала націскаць усе званкі. Нарэшце ўспомніла пра перацяты дрот і патэлефанавала швейцару, што дзяжурыў на выхадзе з гатэля:
— Мяне абрабавалі. Нікога не выпускаць!
У дзяжурцы на ўсіх паверхах тужліва прагучаў сігнал трывогі. На калідоры пачуліся беганіна, галасы. Княгіня расчыніла дзверы:
— Спыніце яго! Спыніце! Ён толькі што выйшаў адсюль: мужчына, чорная барада, смокінг!
— Вы куды? Што здарылася? — хваляваўся швейцар на выхадзе з гатэля.
— Дакладна не ведаю. Некага абрабавалі. Наверсе нейкія крыкі,— адказаў калідорны, які выбег з ліфта.
— А ты сам з якога паверха? — спытаў швейцар.
— З трэцяга.
— Тады, відаць, крычаць на чацвёртым... Трэба даведацца, што здарылася.
Калідорны, старанна паголены руды бамбіза, зноў зайшоў у ліфт. Кабіна ўзнялася на чацвёрты паверх.
Мюлер, дзяжурны па паверсе, спрабаваў супакоіць княгіню. Яна трымала ў руках тую самую візітоўку, якую яе дзіўны госць пакінуў замест партманета са ста дваццаццю тысячамі франкаў. Папяровая картка была чыстая — ні імя, ні прозвішча.
— Ну што? — спытаў Мюлер у рудога хлопца, які выходзіў з ліфта, і, калі зразумеў, што ягоны твар яму не знаёмы, дадаў: — Ты адкуль?
— Я новы, з трэцяга паверха. Швейцар паслаў мяне дазнацца, што тут адбываецца.
— Абрабавалі княгіню,— сказаў Мюлер.— Трэба хутчэй прывесці паліцыю.
— Я пабег.
Праз хвіліну калідорны з трэцяга паверха быў зноў на нізе і прыспешваў швейцара:
— Хутчэй! Мне загадалі бегчы ў камісарыят.
Швейцар выпусціў яго на вуліцу.
Тым часам паспелі пабудзіць адміністратара гатэля Луі. Ён пабег на чацвёрты паверх. Па дарозе яго спыніла баранеса Ван дэн Розен:
— У мяне ўкралі дыяментавыя каралі!
Да іх падбег Мюлер:
— Я загадаў нікога не выпускаць з гатэля. Так што злодзей нікуды не падзенецца!..
Тут з’явіліся дзве пакаёўкі з шостага паверха. Разгубленыя, яны неслі вопратку і фальшывую бараду з парыком, якія знайшлі ў ліфце. Яны паклалі іх на падлогу перад Луі. Мюлер адразу западозрыў нядобрае:
— Які з выгляду новы калідорны з трэцяга паверха?
Тут да іх падышоў яшчэ адзін калідорны: мужчына ў гадах, лысы, з белымі бакенбардамі.
— Дык вось ён. Яго імя Арнольд,— здзівіўся Луі.
— Халера! — вылаяўся Мюлер.— А руды хлопец?
— Руды? — перапытаў Луі і адмоўна пакруціў галавой.— Рудых у нас наогул няма.
Мюлер збег па сходах.
— Хто-небудзь выходзіў? — спытаў у швейцара.
— Ніхто,— адказаў,— апроч калідорнага з трэцяга паверха. Вы паслалі яго па паліцыю.
— Руды?
— Руды,— пацвердзіў швейцар.
Княгіня напаўляжала ў фатэлі і ўсё яшчэ трымала ў руках візітоўку. Нібы загіпнатызаваная, княгіня глядзела на яе, вочы яе шырока раскрыліся ад жаху. На кардонцы, да гэтага спрэс белай, паступова пачалі з’яўляцца знакі, літары, і княгіня прачытала:
— Фан... та... мас!
ФАНТАМАС!!!
XI
Следчы і паліцыянт
Судовы следчы Фузілье спыніўся пасярод свайго кабінета ў Палацы Правасуддзя. Далікатны грукат у дзверы перапыніў ягоны роздум. Дзверы прачыніліся. Фузілье пазнаў наведвальніка і шчыра прывітаўся:
— Гэта мой дарагі камісар Жуў! Рады бачыць пана! Нарэшце!
— Пан Фузілье,— адказаў Жуў,— цудоўна ведае, як я да яго стаўлюся. Але зараз шмат працы і мала часу.
— Поспехі паліцыі ані ў кога не выклікаюць сумненняў.
Камісар Жуў махнуў рукою:
— Не разумею, пра што гаворка.
— Што новага па справе лорда Белсома? — спытаў Фузілье.
— Нічога. Я кручуся на адным месцы.
— Але ж лорда знайшоў менавіта сам камісар.
— Знайшоў, толькі што з таго?
— Гэта ж выдатна, дарэчы, растлумачце, як прыйшло на думку зазірнуць у чамадан пана Гурна?
— Усё вельмі проста, пан Фузілье. Пасля таго як знік лорд Белсом, я адразу здагадаўся, што мы сутыкнуліся са злачынствам. Неўзабаве я даведаўся, што пад час вайны ў Трансваалі лорд пазнаёміўся з англічанінам Гурнам... Вядома, я вырашыў сустрэцца з гэтым Гурнам.
— Пан камісар залішне сціплы! — сказаў Фузілье.
— Мне толькі пашанцавала,— не згадзіўся Жуў.
— А калі аглядалі труп,— усміхнуўся Фузілье,— таксама пашанцавала? Вы дазналіся, што лорду Белсому ў жылы быў уведзены сульфат цынку, такім чынам цела забальзамавалі, каб прыпыніць распад.