— Аднак з гэтага не вынікае, што ягоны сын мусіць быць тут, у замку,— заўважыў суддзя Банэ.
— Шарль Рамбэр скончыў сямейны пансіён у Гамбургу. З Эцьенавых лістоў я даведалася, што пані Рамбэр паклалі ў клініку, а сам ён мусіў з’ехаць на нейкі час з Парыжа, вось я і прапанавала: няхай Шарль пажыве ў мяне ў Бале, покуль ягоны бацька не вернецца. Ужо другі дзень Шарль тут.
— А Эцьен Рамбэр прыедзе заўтра? — спытаў ксёндз.
— Так...
Усе раптам змоўклі, бо Шарль Рамбэр вярнуўся ў гасцёўню:
— Вы казалі пра Фантамаса? Гэта так цікава.
— У гэтым няма нічога цікавага,— заўважыў суддзя.
— У наш час жыве такі таямнічы злодзей.
— У пана багатая фантазія,— сказаў суддзя,— залішне багатая, але гэта пройдзе, моладзь нярэдка гаворыць і не думае.
Час быў позні, і госці пачалі развітвацца.
— Шарль, калі ласка, зайдзі да мяне,— сказала маркіза,— я ж абяцала даць кнігу, яна ляжыць на маім сакрэтніку.
У сваім пакоі маркіза здзівілася:
— Відаць, я забылася яе пакласці. Але я ўсё адно павінна адамкнуць сакрэтнік, праверыць латарэйныя квіткі, мой падарунак Тэрэзе,— маркіза адамкнула ампірны сакрэтнік.— Гэта будзе цудоўна, калі маёй маленькай Тэрэзе пашанцуе!
— Сапраўды,— усміхнуўся Шарль.
Маркіза знайшла кнігу.
— Шкада, я бачыла нумар білета, які выйграў у «Капіталь», і забылася яго.
— Я магу прынесці газету,— прапанаваў Шарль.
— Не варта, ксёндз па серадах звычайна забірае прэсу за тыдзень, заўтра ўсё высветлім.
Шарль Рамбэр ляжаў у сваім пакоі, але заснуць не мог. Яго апанавалі трывожныя думкі. Мроіўся зменлівы вобраз Фантамаса. То ўяўляўся асілак са звярыным тварам, то белая істота з вогненнымі вачыма, то нешта неакрэсленае, фантом... Фантамас!!!
II
Трагедыя на досвітку
А пятай гадзіне раніцы Шарль Рамбэр і Тэрэза Авернуа выйшлі з замка ў сад. Калі яны міналі стайню, то сутыкнуліся з фурманам: ён выкочваў з-пад паветкі старасвецкую карэту.
— Добрай раніцы, Жан, не спяшайся,— крыкнула Тэрэза.— Мы пройдземся пешкі да вакзала, галоўнае, забяры нас адтуль.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Праз доўгую вакзальную пачакальню яны трапілі на перон.
— Вунь і цягнік,— Тэрэза паказала пальчыкам на маленькую аблачынку на даляглядзе.— Гэта дым ад паравоза, цягнік выйшаў з тунеля...
— Нарэшце,— сказаў Шарль Рамбэр.
Наблізіўся цягнік. Паравоз пыхнуў парай, скінуў хуткасць, спыніўся. Вагон першага класа стаў супраць Шарля і Тэрэзы. На вагоннай прыступцы стаяў мужчына ў гадах, прыгожы, высокі,— гэта і быў Эцьен Рамбэр. Ён саскочыў на перон, паставіў чамадан і абняў Шарля за плечы:
— Мой хлопчык, мой мілы хлопчык!
Тэрэза далікатна саступіла ўбок. Эцьен заўважыў яе і падаў руку.
— Мая маленькая Тэрэза, як ты змянілася! Ты ператварылася ў дарослую прывабную дзяўчыну з таго часу, як апошні раз я бачыў цябе яшчэ маленькай. Як пачуваецца твая бабуля?
— Бабуля пачуваецца выдатна,— падзякавала Тэрэза.— Яна просіць прабачэння, што не прыехала сустрэць.
— Нашто прабачэнні! Я чакаю, калі сам змагу падзякаваць за тое, што яна дала прытулак майму Шарлю.
Тым часам цягнік рушыў. Утрох яны выйшлі на пляц перад вакзалам.
— Нічога не разумею,— сказала Тэрэза.— Дзе карэта? Дзе Жан?
— Відаць, яго нешта затрымала,— усміхнуўся Эцьен Рамбэр.— Нічога, багаж пакінем у камеры хавання, а самі пройдземся пешкі!
Яны рушылі па дарозе да замка Бале.
Эцьен Рамбэр змоўк на колькі хвілін. Аднак неўзабаве азваўся зноў:
— Я гляджу, паркавую агароджу замянілі, вось гэтай сцяны раней не было, рос жываплот.
— А я ніякага жываплота не памятаю,— рассмяялася Тэрэза.— Мы пойдзем паўз стайні і даведаемся, чаму Жан не прыехаў за намі.
Тэрэза адчыніла маленькую, ледзь бачную брамку і прапусціла наперад Эцьена з Шарлем.
— Але Жана няма,— здзівілася яна.— Чаму ж мы яго не сустрэлі? А, зразумела... Небарака Жан! Іду ў заклад, ён чакае нас каля касцёла, ён жа кожную раніцу возіць мяне туды.
Пад вокнамі маркізы дэ Лангрун Тэрэза крыкнула:
— А вось і мы, бабуля!
Ёй ніхто не адказаў. У суседнім акне ўзнік мажардом Далон.
— Які жах! Такая бяда! Сёння раніцай мы знайшлі гаспадыню дэ Лангрун у сваім пакоі нежывую, яе зарэзалі...
III
Замкнёнае кола
Дэ Прэль, судовы следчы з пракуратуры Брыва, прыехаў у замак Бале.
— Пан Далон,— звярнуўся ён да мажардома,— прашу расказаць усе падрабязнасці. Як і калі знайшлі цела?