— Вось як! Я б ніколі не паверыў, што пан камісар пакліча на дапамогу Фантамаса. Фантамас — гэта занадта лёгкае выйсце, самы просты шлях растлумачыць злачынства. Між намі кажучы, я лічу, што Фантамас не існуе.
— Ніхто ніколі не лічыў мяне баязліўцам,— уздыхнуў Жуў.— Я бачыў смерць, і цэлыя банды зладзеяў кляліся забіць мяне. Мне пагражалі адпомсціць. Мне, камісару Жуву. Але ўсе, хто спрабаваў змагацца з Фантамасам,— мае сябры, усе загінулі. Фантамас існуе.
— То што, ён — д’ябал, гэты Фантамас? — перапыніў яго следчы.— Відаць, такі ж самы чалавек, як і ўсе?
— Так, гэта чалавек, але, паўтаруся, ён геній. У яго нейкі надзвычайны талент забіваць.
За спінаю ў камісара пачуліся крокі, і ён азірнуўся: гэта быў задыханы паштар.
— Калі ласка, тэлеграма пану камісару.
Тэлеграма мела наступны змест:
«Тэрмінова вяртайцеся ў Парыж. За знікненнем лорда Белсома хаваецца жахлівае злачынства. Магчымы ўдзел Фантамаса».
VII
«Агенцтва «SOUTH STEAMSHIP CO...»
(Паўднёвае параходнае агенцтва)
— Тут жыве пан Гурн?
Перад кансьержкай дома № 147 па вуліцы Левэр, пані Дуланк, стаяў цёмнавалосы мужчына з вялікімі вусамі, у мяккім капелюшы і паліто, зашпіленым на ўсе гузікі, каўнер узняты ледзь не да вушэй.
— Яго няма,— адказала кансьержка,— ён паехаў, ужо даўно.
— Я ведаю,— налягаў незнаёмы,— і ўсё ж, пані, я мушу прайсці ў ягоны пакой.
Мужчына апусціў руку ў кішэню, нібыта збіраўся паказаць ліст або пасведчанне, але не спяшаўся зрабіць гэта.
— А, зразумела! — апярэдзіла яго кансьержка.— Пан прыйшоў з агенцтва ўзяць рэчы? Нейкая дзіўная назва... Здаецца, ангельская.
Кансьержка выцягнула шуфляду, куды складала пошту, знайшла патрэбны праспект. Незнаёмы кінуў позірк на вокладку.
— Я з «South steamship co...»
— Сапраўды, «South...» — з цяжкасцю вымавіла кансьержка.— Язык зломіш... Аднак у вас не спяшаюцца. Пан Гурн сказаў, што за багажом прыйдуць праз некалькі дзён, а прайшло ўжо тры дні.— Пані Дуланк глянула ў акно.— Але вы без машыны, не ў руках жа вы панесяце чамаданы? — здзівілася яна.
— Зараз я нічога не буду браць. Мне трэба толькі паглядзець багаж.
— Калі трэба, цяжка ўздыхнула кансьержка,— гэта на шостым паверсе.
Кансьержка адамкнула дзверы кватэры. Інтэр’ер сціплы, але густоўны. Вокны выходзілі ў сад. Так што дапытлівых суседзяў можна было не баяцца.
— Трэба будзе праветрыць,— збянтэжылася кансьержка.
— Гэта пані Гурн? — незнаёмы заўважыў на каміне фотаздымак маладой жанчыны.
— Ён нежанаты.
— Сяброўка? — Мужчына ў мяккім капелюшы падміргнуў.
— Не зусім тое, што пан падумаў. Калі пан Гурн у Парыжы, яна бывае ў яго, але заўсёды ўдзень. Элегантная жанчына з вышэйшага свету. Заўсёды пад вэлюмам.
У дзвярах з’явіліся двое грузчыкаў.
— А вось і вашыя рабочыя. Прыйшлі за багажом? — спытала кансьержка.
Незнаёмы хацеў нешта сказаць, але адзін з грузчыкаў, не звяртаючы на яго ўвагі, назваўся:
— Мы абодва з «Паўднёвага параходнага агенцтва», прыйшлі забраць рэчы пана Гурна. Два вялізныя чамаданы і пакункі.
— Як? — здзівілася пані Дуланк.— Вы не разам?
— Не, гэтага пана мы не ведаем. Давай бяры,— звярнуўся адзін грузчык да другога.
— Не,— сказаў незнаёмы,— вы нічога тут не возьмеце.
— Вось заказ, усё дакладна...
Грузчыкі падышлі да рэчаў.
— Бяром!
Пані Дуланк расхвалявалася і хацела выбегчы. Незнаёмы ў капелюшы рашуча ўзяў яе пад руку.
— Прашу не крычаць,— ціха сказаў ён.
Грузчыкі не вытрымалі:
— Якога д’ябла! Мы што, рабаўнікі? Трэба паклікаць паліцыю,— грузчык павярнуўся да свайго таварыша і сказаў: — Збегай за рог дома, прывядзі сюды паліцыянта. Няхай гэты пан спрачаецца пры ім...
...На сходах пачуліся цяжкія крокі. Наверх узняліся грузчык з паліцыянтам. Са з’яўленнем паліцыянта твары ва ўсіх змяніліся. Мужчына ў мяккім капелюшы падышоў да яго і, гледзячы ў вочы, назваўся:
— Крымінальная паліцыя! Камісар Жуў! Кансьержка, напалоханая тым, што незнаёмы аказаўся камісарам, вырашыла папрасіць прабачэння:
— Каб я ведала, пан камісар...
— Каб вы ведалі,— усміхнуўся камісар,— усё роўна не далі б веры.
Жуў звярнуўся да грузчыкаў:
— Перадайце вашаму гаспадару, што я чакаю яго тут. I няхай возьме ўсе паперы, што тычацца пана Гурна... Зразумела?
Грузчыкі зніклі за дзвярыма. Камісар Жуў высоўваў шуфляды, зазіраў у шафы, пад сталы і адначасова распытваў кансьержку пра пана Гурна.
— Пан Гурн,— расказвала жанчына,— бландзін, сярэдняга росту, дужы, голены па ангельскай модзе, а наогул, звычайны чалавек.