— Панове,— Эцьен Рамбэр звярнуўся да прысяжных,— я больш не магу... Я не магу адказаць... Вы ведаеце дастаткова, каб вынесці прысуд.— Небарака апусціўся на лаўку, ён не мог болей нават стаяць.
У зале шапталіся. Публіка не хавала сваёй прыхільнасці да падсуднага.
— Пераходзім да апытання сведак,— гучна абвясціў старшыня.
Перад судом прайшла доўгая чарада сведак: сяляне, якія бачылі Рамбэраў, хлебапёк, які прадаваў ім хлеб, але гэтыя сведкі нічога істотнага не дадалі.
Тым часам старшыня звярнуўся да прысяжных:
— Вялікую цікавасць, несумненна, выклікаюць паказанні камісара Жува, але яны выкладзены ў пратаколе, з якім усе азнаёміліся. Таму я не выклікаю яго. Бачу ў зале паненку Тэрэзу Авернуа, унучку маркізы дэ Лангрун. Гэтая дзяўчына чула, як падсудны спрабаваў дамагчыся прызнання ў сына ў тую ноч, калі яны ўцяклі з замка. Але я лічу, што будзе залішне жорстка зноў выклікаць яе. Аднак мушу ўдакладніць адзін важны для нас момант. Паненка Тэрэза Авернуа, выйдзіце, калі ласка, да трыбуны сведак.
Да дзяўчыны падышоў памочнік суддзі, і Тэрэза выйшла да трыбуны.
— Скажыце,— пачаў суддзя,— ці той гэта чалавек, размову якога з Шарлем Рамбэрам вы чулі ноччу ў суботу ў замку Бале, перад вамі?
— Так, гэта Эцьен Рамбэр.
— Як вы лічыце, калі меркаваць па той размове, ці быў у яго намер забіць сына?
— Я магу сказаць толькі тое, што пан Рамбэр быў моцна ўсхваляваны, і я разумею яго пакуты.
Покуль Тэрэза вярталася на сваё месца, старшыня звярнуўся да прысяжных:
— Слова мае пан пракурор рэспублікі.
Прамова пракурора была складзена па-майстэрску, але ў ёй бракавала доказаў. Пракурор абвінаваціў Эцьена Рамбэра ва ўзурпацыі права правасуддзя, ва ўтойванні забойцы і ў забойстве. Следам за пракурорам падняўся адвакат падсуднага. Ягоныя доказы завяршылі судовае расследаванне. Старшыня і члены суда пакінулі залу, каб вынесці свой вердыкт. Эцьена Рамбэра двое жандараў таксама вывелі з залы. Амаль усе былі на баку падсуднага. У чаканні прысуду кожны меркаваў — якім ён будзе?
Прагучаў званок. Вярнуліся прысяжныя, занялі свае месцы. У цішыні падняўся старшыня прысяжных:
— Перад богам і людзьмі прысяжныя аднагалосна адказалі «не» на ўсе пытанні.
Гэта было поўным апраўданнем Шарля Рамбэра.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
X
Княгіня Соф’я прымае ванну
Перад парталам гатэля спыніўся шыкоўны аўтамабіль. Адміністратар Луі пачціва схіліўся.
— Вы пойдзеце да сябе? — спытаў ён ветліва ў княгіні, калі яна выйшла з машыны.
Тая ледзь заўважна кіўнула.
— Ліфт для пані Соф’і Данідавай.
Цень лёг на падлогу хола. Праз імгненне княгіня знікла ў кабіне. Ліфт пайшоў угору.
Княгіня Соф’я займала ў гатэлі «Раяль-Палац» нумар з чатырох пакояў на чацвёртым паверсе. На такую раскошу яна мела права двойчы. Уладальніца вялікай маёмасці і багаццяў, яна да таго ж належала да вышэйшай арыстакратыі: шлюб з князем Данідавым рабіў яе стрыечнай сястрой расійскага імператара. Княгіні Соф’і толькі споўнілася трыццаць, яе блакітныя вочы надзіва прыемна кантраставалі з цяжкімі чорнымі косамі, яна была надзвычай прыгожай і чароўнай. Трымалася свецкага ладу жыцця і не меней як паўгода праводзіла ў Парыжы, дзе спынялася па-амерыканску ў «Раяль-Палацы».
Княгіня Соф’я мінула вялікую гасцёўню свайго нумара і зайшла ў спачывальню. Яна павярнула ўключальнік на сцяне, пырснула святло.
— Надзін! — паклікала яна нізкім голасам.
З невысокай канапы, што стаяла ў куце, адразу ж падхапілася маладая дзяўчына — відаць, княгіня пабудзіла яе.
— Надзін, памажы мне распрануцца,— загадала княгіня,— і прывядзі да ладу мае валасы, я стамілася.
— Прахалодны вечар, ці не так, княгіня? — рызыкнула спытаць дзяўчына ў гаспадыні і накінула ёй на плечы шырокі пеньюар.
Надзін была чаркешанкай: зграбная, рухавая брунетка, з донцаў блакітных вачэй прабівалася прыхаванае полымя.
Надзін яшчэ марыў сон, і яна неасцярожна правяла грэбенем па валасах.
— Цішэй ты! — ускрыкнула княгіня і раз’юшана хвастанула дзяўчыну па шчацэ.
Надзін адскочыла, вочы яе бліснулі нянавісцю.
— Я не прывыкла, каб мяне білі!
Княгіня здзіўлена паглядзела на яе.
— Надзін, на калені! — загадала яна.— Прасі прабачэння або сыходзь прэч!
Надзін кінулася ў ногі да княгіні, тая, задаволеная, ласкава падняла яе.