Цікава, што рэжым і ягоныя патрабаванні робяць сапраўднымі ідыётамі і без таго не надта разумных супрацоўнікаў ПУ. Аднойчы ў жодзінскай турме нам удалося-такі зацягнуць тэлевізар у камеру. Але ў бетоннай каробцы ён вельмі дрэнна лавіў сігнал, а перацягнуць яго бліжэй да акна было немагчыма: шнур быў кароткі, а падаўжальнік, вядома, «не положено». Так і застаўся ён у нас пасярод камеры. Але, калі ён стаяў на падлозе, яго не было бачна з іншых бакоў камеры, трэба было яго неяк прыўзняць. Выбар у нас быў невялікі, і мы паставілі яго на перагорнуты тазік. Праз некаторы час у камеру заходзяць рэжымнікі са шмонам. У галоўнага нахабны погляд, круціць галавой, шукае, да чаго прычапіцца. Натрэніраваны погляд заўважае адхіленне ад нормы — тэлевізар на перагорнутым тазіку:
— А что это у вас телевизор там стоит, на тазике?
— Не видно же его, когда на полу, а до стола шнур не дотягивается.
Выраз твара мянта робіцца незадаволеным. Адступленне ад шаблону, нерэгламентаваная сітуацыя, трэба тэрмінова рэагаваць:
— Так это ведь тоже!.. — на секунду твар адлюстроўвае напружаную работу думкі, пошук рэлевантнай і праўдападобнай прыдзіркі. — Износ тазика идет!
Калі зачыніліся дзверы, мы рагаталі з гэтага мянта яшчэ паўгадзіны — ён зрабіў наш дзень. Падсумавалі: вось гэта лёс, дажыць да трыццаці з капейкамі, каб шастаць па камерах і расказваць зэкам пра «износ тазика». Што ж, такім можна толькі паспачуваць. Яны стваралі гэты рэжым для нас, але зараз яны, ягоныя носьбіты, яшчэ менш вольныя, чым многія зэкі ў турме.
Ліпень 2016
НЕДАТЫКАЛЬНЫЯ Ў ТУРЭМНАЙ ІЕРАРХІІ
Тэма турэмнай каставай сістэмы пастаянна падымаецца ў СМІ, асабліва ў тых, што пішуць пра палітычных зняволеных. Аднак амаль усе, хто піша на гэтую тэму, ведаюць аб прадмеце ў лепшым выпадку з расповедаў былых сядзельцаў, у горшым — з распаўсюджаных у грамадстве стэрэатыпаў. Як вынік, часта мае месца мноства грубых памылак і ўвядзенне чытачоў у зман. Менавіта таму я вырашыў напісаць гэты артыкул, мэта якога — праліць святло на некаторыя аспекты такой складанай і шматскладнікавай з’явы, як нефармальная іерархія ў турмах Беларусі. На гэтую тэму напісаныя не тое што артыкулы (https://ru.wikipedia.org/wiki/Тюремные_касты_в_странах_бывшего_СССР), але нават цэлыя навуковыя працы. І вядома, я не імкнуся ў межах аднаго артыкула разгледзець усю з’яву ў яе разнастайнасці. Гаворка пойдзе галоўным чынам аб адной турэмнай касце, існаванне якой вельмі моцна характарызуе сістэму агулам і веды пра якую крытычна важныя для любога, хто трапляе ў беларускую турму, асабліва палітзняволенага. Гэта так званыя пеўні — «петухи» («обиженные», «опущенные», «гребни» і г. д.). Разгледзець гэтую тэму ў адрыве ад усёй турэмнай сістэмы, не паглыбляючыся ў дэталі арганізацыі карнага апарату і сацыяльных роляў кожнай з турэмных кастаў, дастаткова цяжка. Але ўсё ж паспрабую.
Такім чынам, з гэтага тэксту вы даведаецеся:
- як з’явілася каста апушчаных у турмах;
- якім чынам у яе трапляюць;
- якое становішча гэтых людзей у турме і на зоне (у папраўчай калоніі);
- якія функцыі выконваюць гэтыя людзі ў месцах пазбаўлення волі;
- чаму існаванне гэтай касты жыццёва важнае супрацоўнікам адміністрацыі папраўчых установаў.
Скончу я шэрагам парадаў мужчынскай частцы чытачоў, бо для любога мужчыны, які жыве ў Беларусі, веды пра турму лішнімі не будуць, асабліва калі ён займаецца пратэставай актыўнасцю.
Пачнём з экскурсу ў гісторыю. Каста г. зв. пеўняў традыцыйна асацыюецца з гомасексуальнасцю. І калі падыходзіць з гэтага пункту гледжання, то ўсё проста: праявы гомасексуальнасці ў месцах пазбаўлення волі былі заўсёды — і ў царскіх турмах, і ў ГУЛАГу. З прычыны скрайне мачысцкага і гамафобнага характару турэмных паняццяў і арыштанцкай субкультуры становіцца ясна, чаму гомасексуал у турме аўтаматычна заносіцца ў ніжэйшую касту апушчаных — мачызму ўласціва пагарда да ўсяго жаночага, абрынання жанчынаў да ўзроўню недалюдзей, істотаў, што не маюць права на ўласную волю. Гэтае стаўленне пераносіцца і на гомасексуалаў. Уласна гомасексуалы — гэта меншая частка касты «пакрыўджаных», у яе ўваходзіць вялікая колькасць людзей, якія здзейснілі ўчынкі супраць нефармальнага турэмнага закону — «паняццяў».