Выбрать главу

І тут варта адзначыць, што пеўні як каста са строгімі законамі ўваходу ў яе і выхаду (дакладней, немагчымасці выхаду) з’явілася не так даўно. Яна, напрыклад, не была ўласцівая царскім турмам і турмам ГУЛАГа. Мяркуючы па тых крыніцах, якія чытаў я, з’яўленне касты турэмных недатыкальных (у якую і ўваходзяць гомасексуалы) адносіцца да познесавецкага перыяду. Шэраг даследчыкаў лічыць, што з’яўленне касты зняволеных, да якіх нельга датыкацца рукамі, ёсць своеасаблівай рэакцыяй зладзейскага свету на «сучыную вайну» (http://shalamov.ru/library/6/6.html) — каб захаваць сябе, зладзеям было неабходна выдумаць альтэрнатыўны забойству спосаб пакарання тых, хто завінаваціўся. Іншыя пішуць, што гэта стала рэакцыяй на перапаўненне следчых ізалятараў: у варунках скучанасці і знаходжання на вачах у сукамернікаў у рэжыме 24/7 найбольш эфектыўным і жорсткім відам пакарання будзе з’яўляцца ўсеагульная пагарда і астракізм, экстрэмальная форма ігнаравання.

Пра масці: невялікі лікбез

Гістарычна ў крымінальным свеце існуе толькі тры масці (або лады жыцця): злодзей, мужык, певень. Па гэтых прыступках можна спускацца ўніз, ад вышэйшай (злодзей) да ніжэйшай (певень). Уверх падняцца нельга. У сучаснай крымінальнай субкультуры ў Беларусі зняволеныя падзяляюцца на трохі іншыя касты, а менавіта: блатны («бродяга», «порядочный»), мужык, казёл, певень.

Блатныя — гэта прафесійныя злачынцы, якія жывуць злачынным промыслам на волі. Іхняя задача — прасоўваць «зладзейскую («воровскую») ідэю», дзе б яны ні знаходзіліся, наладжваць «чорны ход» (садзейнічаць карупцыі супрацоўнікаў адміністрацыі, пераводзіць жыццё арыштантаў з рэчышча афіцыйных правілаў і ўстановак у рэчышча зладзейскіх паняццяў) і г. д. Згодна з паняццямі, толькі яны маюць права перавесці зэка ў касту апушчаных. Аднак з-за таго, што далёка не ва ўсіх беларускіх калоніях ёсць блатныя («зладзейскі рух» Беларусі наогул знаходзіцца ў стане скрайняга заняпаду), гэтага правіла не прытрымліваюцца і ў пеўні пераводзіць хто папала: аператыўнік, казёл, а то і проста мужыкі пасля калектыўнага рашэння.

Мужыкі — асноўнае насельніцтва турмы. Мужык нікуды не лезе, ходзіць на работу, нічым не цікавіцца, апроч таго, як сысці на УДВ. Знаходзіцца пад «перакрыжаваным камандаваннем» адразу некалькіх сілаў: блатных (калі яны ёсць), казлоў і адміністрацыі ПУ.

Казёл (актывіст) — зняволены, які супрацоўнічае з адміністрацыяй адкрыта. Гэта зэк, як правіла, з вялікім тэрмінам, якога адміністрацыя ставіць на пасаду і дае сякую-такую ўладу над іншымі зэкамі. Наколькі вялікая гэтая ўлада, залежыць ад ступені гультаістасці супрацоўнікаў ПУ. Мне вядомыя выпадкі, калі казлы складалі на іншых зэкаў акты аб парушэннях, супрацоўнікі ж адміністрацыі іх толькі падпісвалі. Часта казлам дазваляюць біць іншых арыштантаў для падтрымкі субардынацыі. І, вядома, цалкам афіцыйна ў абавязкі казлоў уваходзіць даносіць на іншых зняволеных. У ПК-17 (Шклоў), напрыклад, адзін казёл мне шчыра прызнаўся: «Мне мусары сказалі за табой глядзець». Яшчэ як мінімум двое не прызнаваліся, але «работу» сваю выконвалі дужа актыўна. У маёй дысцыплінарнай справе аб адпраўцы на турэмны рэжым (крытую) ляжаць пісьмовыя паказанні майго суседа па пакоі, у якіх падрабязна запісана, як мяне прывялі ў барак, як я сябе паводзіў, з кім стасаваўся, з кім спрачаўся, на якія тэмы выказваўся і г. д.

Ёсць нюанс

Гаворачы пра касту пеўняў, абавязкова трэба сказаць, што, акрамя яе, існуе адна сумежная падкаста — так званыя «отсаженные до выяснения», тыя, хто знаходзіцца «на кружцы». Тлумачу, у чым сутнасць: дапусцім, супраць чалавека выставілі падазрэнне ў тым, што ён, да прыкладу, меў гомасексуальныя кантакты на волі. Але важкіх доказаў гэтаму падазрэнню няма, ёсць толькі чуткі. У такім выпадку, пакуль не назбіраюцца пацвярджэнні або абвяржэнні гэтага абвінавачвання, чалавек знаходзіцца «на кружцы»: ён есць асобна ад астатніх і толькі са свайго посуду (адсюль і фраза: «адсадзіць на кружку»), У такім становішчы чалавек можа знаходзіцца гадамі, да тае пары, пакуль блатны (казёл, або нават аператыўнік — у залежнасці ад установы) не пацвердзіць абвінавачванне — (г. зн. перавядзе яго канчаткова ў касту пеўняў) альбо не абвергне яго (г. зн. перавядзе афіцыйна ў касту мужыкоў). Становішча такога чалавека «на кружцы» вельмі блізкае да становішча пеўня, але не роўнае яму. Ён не можа піць гарбату з іншымі зэкамі і не мае права голасу, аднак назваць яго пеўнем ніхто не мае права. І гэта адзіны выпадак, калі можна перавесціся з ніжэйшай касты ў вышэйшую. Зэк «на кружцы» знаходзіцца як бы на каранціне — дзеля пазбягання фізічных кантактаў з іншымі асуджанымі: раптам ён певень і гэтымі кантактамі «зашкварыць» астатніх? Бо той жа, хто, напрыклад, папіў гарбаты з адсаджаным, сам аўтаматычна становіцца такім. У астатніх выпадках адсаджаны ці чалавек «на кружцы» роўны паняццю «певень», і трапіць у гэтую катэгорыю вельмі проста.