Выбрать главу
Якім чынам становяцца пеўнямі

Ідзём далей. Вось вам вычарпальны спіс выпадкаў, у якіх чалавека пераводзяць у касту «пакрыўджаных» («в петушатню», «в гарем»):

Пасіўны гомасексуалізм. Чалавек, які прызнаўся ў гомасексуальных кантактах, навечна атрымлівае ярлык «певень», «підар» і да т. п. Актыўны гомасексуалізм пры гэтым лічыцца нормай і ўвогуле не залічваецца да гомасексуалізму. Хоць варта адзначыць, што ў апошнія гадоў дзесяць і гэтае паняцце стала змяняцца — да тых, хто мае сексуальныя кантакты з пеўнямі, у зоне ставяцца насцярожана. Сам я неаднойчы чуў меркаванне, маўляў, «якая розніца, “хто каго”, — і той, і той підар». Аднак, вядома, актыўнага гомасексуала ніхто пеўнем назваць не мае права.

Любыя нетрадыцыйныя сексуальныя кантакты з жанчынай. Калі зэк прызнаецца, што рабіў дзяўчыне кунілінгус альбо яна рабіла яму мінэт, а пасля ён з ёю цалаваўся/еў/піў з аднаго посуду, — ён певень. Натуральна, даведацца пра гэта супраць волі самога чалавека амаль нерэальна, таму ў большасці выпадкаў людзі трапляюць у «петушатню» пасля сваіх шчыраванняў. Трэба разумець: ніхто не мае права ні пагрозамі, ні хітрасцю распытваць вас пра ваша сексуальнае жыццё. Аб гэтым, дарэчы, у 1990-я быў адмысловы прагон (малява, што ўтрымлівае прававое новаўвядзенне) ад зладзеяў у законе, якія такім чынам спрабавалі змагацца з празмернай колькасцю пеўняў у зонах. У некаторай ступені з падобнымі праблемамі спрабуюць змагацца і супрацоўнікі ПУ. Напрыклад, у жодзінскай турме перад тым, як увесці чалавека ў камеру, з ім размаўляе аператыўнік і навучае: «Запомни: х*й не сосал, п*зду не лизал!»

Сюды ж варта аднесці стасункі з гомасексуалам па волі. Калі нехта раптам абмовіцца, што ягоны сябар — гей, то гэтага чалавека самога імгненна вызначаць у пеўні.

Любыя кантакты з калам/мачой і змесцівам сметніц. Чалавек, абліты мачой, або той, які соваў рукі ва ўнітаз, аўтаматычна становіцца пеўнем. Таму, напрыклад, сантэхнікі на большасці зонаў лічацца адсаджанымі. Прыкладам можа стаць адзін дастаткова вядомы выпадак у ПК-5 (Івацэвічы). У адным з атрадаў быў заўхоз (галоўны казёл атрада), які доўга і ўпарта даставаў аднаго хлапчука, усяляк здзекуючыся з яго і трэціруючы. Той, у адместку, проста на ранішняй праверцы, набраўшы банку мачы, абліў яго перад усім шыхтом. Натуральна, хлопца збілі і пасадзілі ў ШІЗА (штрафны ізалятар). Лёс заўхоза, па ідэі, быў прадвызначаны, аднак у справу ўмяшаліся аператыўнікі, для якіх, відаць, той быў каштоўным кадрам. Яны абвясцілі зэкам, што заўхоза аблілі… зялёнай гарбатай. А хто будзе гаварыць, што ён певень, будзе збіты. Скончылася ўсё тым, што з заўхозам усё роўна амаль ніхто не меў стасункаў. Хлопца ж таго перакінулі на іншую зону.

Таксама я асабіста ведаў пеўня, які трапіў у сваю касту за тое, што яго падчас бойкі на малалетцы ўдарылі галавой аб унітаз.

Што датычыцца змесціва сметніц, то гэтым шляхам трапляюць у касту пеўняў тыя, хто празмерна хоча курыць ды шукае там бычкі. Сюды ж варта аднесці такія выпадкі, як ненаўмысны дотык да чыіх-кольвечы геніталіяў напрыклад, у людзей, што паслізнуліся ў лазні.

Дзеля праўды, варта сказаць, што для людзей з хваробай часам (у залежнасці ад адэкватнасці тых, хто мае права вырашаць) робіцца выключэнне. Напрыклад, калі ў чалавека нетрыманне мачы, яго не перавядуць у пеўні.

Выкананне любой пеўневай працы. Строга пеўневымі відамі работ лічыцца прыбіранне туалетаў (гэта адносіцца да калоніі; у СІЗА/крытай турме мыць прыбіральню ў сваёй камеры можа любы асуджаны), у некаторых зонах — яшчэ і ўмывальнікаў, а таксама вынясенне смецця. Выкананне гэтых дзеянняў аўтаматычна перанакіроўвае чалавека ў касту пеўняў.

Вось вам прыклад, які адбыўся ў ПК-15 (Магілёў) у маё знаходжанне там. Мужык стаяў на праверцы. Раптам яго прыпёрла — вельмі захацелася ў прыбіральню. Ён пабег што ёсць сілы, але не дабег — абгадзіўся, не дайшоўшы да ўнітаза. Будучы, відаць, чалавекам сарамлівым і сумленным, вырашыў за сабою прыбраць. Узяў швабру, анучу… Гэта ўбачыў нехта з зэкаў і паклікаў заўхоза, што называецца, у сведкі. Заўхоз прыйшоў і засведчыў пераход чалавека ў пеўні.