Выбрать главу

Але як Хакей быў знакамітасцю ў ПК-15, так знакамітасцю магілёўскай крытай была Іра. Адна з нямногіх сустрэтых мной жанчын-крытчыц, яна сядзела са мной у суседняй камеры: я быў у 18-й, яна ў 19-й. Узровень памяшальніцтва, які яна дэманстравала, быў проста жахлівым. Штодня з 24 гадзін у суткі прыблізна пяць-шэсць гадзін — незалежна ад пары сутак, гэта магло быць і на досвітку, і позна ўночы — з яе камеры даносіўся бесперапынны бязладны тэкст, плынь хворай свядомасці. Аднавіць нават маленькую яго частку я ніяк не магу — памяць адмаўлялася гэта фіксаваць. Скажам так, яна пачынала гаварыць пра нешта, напрыклад пра самалёты, ці пра пабачанае па тэлевізары, ці пра планеты і галактыкі, гаварыла пра гэта некалькі сказаў, потым, чапляючыся за апошнія словы сказа, пачынала ад іх ужо новую тэму — і гэтак бясконца. Што было для мяне самым уражальным, яна не проста гаварыла, яна крычала, раўла настолькі гучна, што яе было чуваць на ўсім паверсе, а калі яна падыходзіла да акна — то й на ўсіх астатніх паверхах. Сваю прамову яна нязменна перамежвала пагрозамі і мацюкамі на адрас мусароў. Выкшталцона і мудрагеліста мацюкала іх, і калі яе выводзілі на прагулку. Разумнейшыя лягавыя проста маўчалі, іншыя пачыналі лаяць яе ў адказ.

Іра актыўна стасавалася з суседнімі хатамі праз рэшку — выпрошвала цыгарэты. І гора было той хаце, з якой на яе адрас была сказаная грубасць або праяўлена непавага: яна вылазіла на падваконне і гадзінамі бэсціла яе насельнікаў — і гэта слухала ўся турма. У адплату мянтам за тое, што не даюць цыгарэты, ці проста дзеля забаўкі яна магла стаць голай на штодзённай праверцы. Ці пачаць тарабаніць па батарэі глыбокай ноччу, пазбаўляючы сну, фактычна, увесь паверх. У такім выпадку прыходзіў доктар ды калоў Іры аміназін.

А вось тыя зэкі, хто з ёй перапісваўся, гаварылі, што, мяркуючы па цалкам асэнсаваных і нават літаратурных лістах-малявах, 39-гадовая Іра — зусім прыстойная жанчына з вышэйшай адукацыяй, у якой на волі засталася дачка. Менавіта імкнучыся забяспечыць яе, Іра, як кажуць, і ўзялася цягаць з Расіі наркотыкі, за што і атрымала 12 гадоў калоніі строгага рэжыму…

Чалавека, што страціў розум, адміністрацыя разглядае як прыкрае непаразуменне. Калі ён «ціхі», то бок сваім памяшальніцтвам не парушае рэжым утрымання (такіх поўна), на яго ўвогуле ніхто не зверне ўвагу. Ну з’ехаў з глуздоў чалавек — з кім не бывае? Ні аб якім лячэнні казаць не даводзіцца: у турэмнай аптэчцы ёсць толькі валяр’янка (ад усіх нервовых разладаў) ды аміназін для супакойвання буйных. Гаварыць аб прафілактыцы псіхічных расстройстваў у ПУ і зусім смешна. У кожнай папраўчай установе усяго адзін псіхолаг (дарэчы, мент у форме, што яўна не садзейнічае даверлівым адносінам паміж ім і зэкамі). У зонах, дзе работа са «спецкантынгентам» пастаўлена хоць на нейкі, няхай паказушны, узровень, ён сустракае прыбылых з этапа ды размаўляе з імі, часам можа арганізаваць наведванне малельнага пакоя ці царквы. На гэтым усё. Паводле рэжыму ён абавязаны праводзіць рэгулярныя гутаркі з кожным асуджаным, але ці рэальна гэта, калі ў калоніі, напрыклад, 1500 чалавек? У некаторых калоніях я за ўвесь час знаходжання там псіхолага не бачыў зусім. То бок чалавек лічыцца ў штаце, запаўняе нейкія паперкі, робіць выгляд, што нечым займаецца, атрымлівае за гэта зарплату — але пры гэтым рэальна не выконвае зусім нічога. Ну а далей ДВП дае справаздачу ў МУС аб «псіхалагічнай рабоце» і «індывідуальным падыходзе» да асуджаных, МУС, у сваю чаргу, «спявае» міжнародным арганізацыям, як якасна ды гуманна працуе ў Беларусі пенітэнцыярная сістэма, — і ўсе задаволеныя. Затое турмы і калоніі працягваюць перамолваць нечыя мазгі, рыхтуючы да выхаду на волю маральных інвалідаў. Карная сістэма збудаваная так, каб працаваць з наступствамі, а не з прычынамі. Павесіўся нехта ў камеры? Навошта высвятляць, што да гэтага прывяло, лепш адабраць па ўсёй турме шнуркі, папругі й ніткі — каб не змаглі павесіцца, нават калі вельмі захочуць. Некага сарвала з катушак і ён/яна стаў(ла) малаціць па дзвярах нагамі з дзікімі крыкамі? Укалоць аміназіну — няхай на іншай змене лямантуе, колькі хоча! І ўсім пляваць, у чым прычына: рэжымнікі адправілі назад перадачу ад сваякоў, на волі маці памерла ці проста адчай давёў да неадэквату.

Псіхічна хворых у турме ніхто не лечыць. На вядомае ПА ў ПК-3 (Віцебск) адпраўляюць толькі тых, хто ўжо цалкам страціў дзеяздольнасць — не можа працаваць альбо трымаць яго ў ШІЗА стала нявыгадна. Як і ў любым аспекце Сістэмы, іх хвалюе толькі твая функцыянальнасць: выконвай, што табе сказана, і не адсвечвай, будзь ты хоць сто разоў параноік, шызафрэнік або проста дурань. Пра якасць жа лячэння ў турэмнай дурцы ПК-3 мне меркаваць складана, але я яшчэ не бачыў ніводнага чалавека, які хацеў бы туды вярнуцца…