Выбрать главу

Новым прыстанкам Чараўніка стала камера нумар 123 — адна з самых вялікіх на корпусе. Яна лічылася своеасаблівым адстойнікам, куды блатныя выпраўлялі сядзець тых, хто не ўжыўся ў іншых хатах, крытчыкаў «з адступленнямі» («фуфлыжнікаў», «крыс» і да т. п.), недалёкіх і не вельмі адэкватных зэкаў, а таксама тых, хто не мог «надаваць увагу ў агульнае» (гнаць блатным перадачы з чаем, цыгарэтамі ды інш.). Псіхалагічны клімат у такіх хатах быў адпаведны кантынгенту: напружаны, нядобры — агрэсіўнае, нават па мерках крытай, асяроддзе. Кожны сам за сябе.

Блатныя, як я пісаў, ладзілі перыядычныя абходы камераў, праведваючы сваіх вязаных падапечных, або казлоў, як яны іх часцей паміж сабой клікалі. У часе такіх абходаў хатам, якія мелі патрэбу, разносілася неабходнае (чай і цыгарэты), даводзіліся важныя весткі і новаўводзіны, даваліся ўстаноўкі аб тым, як паводзіць сябе з мусарамі, і, вядома, вяршылася правасуддзе: разбіраліся канфлікты, з тых, хто накасячыў, спаганялі фізічна ці рабілі строгае ўнушэнне. І, безумоўна, для нахабных, самаўпэўненых блатных такія абходы былі магчымасцю ў чарговы раз узвысіць сябе над вязанымі. Трое-чацвёра валацугаў развязнай хадою, у дарагіх вольных шмотках (у той час як усе былі абавязаныя насіць форменную робу), з самазадаволеным выглядам без папярэджання ўваходзілі ў камеру, перарываючы яе звыклы рытм жыцця, тут жа раздаючы здзеклівыя заўвагі ўсім, каму лічылі патрэбным. Запярэчыць ім нешта, адказаць альбо ўступіць у спрэчку ніхто не наважваўся. Найменшая спроба паставіць сябе на адзін узровень з блатнымі вяла, у лепшым выпадку, да нагадвання аб тваім статусе, у горшым — да ўдару па твары, таму большасць зэкаў кідаліся тут жа варыць гарбату ды даставаць з шафак адмыслова адкладзеныя на выпадак прыходу братвы цукеркі і дарагія цыгарэты. Блатныя бачылі, што іх баяцца, і гэта яшчэ больш падымала іх ва ўласных вачах.

У адзін з такіх абходаў, вясной 2014-га, блатныя зайшлі ў хату нумар 123. Чараўнік тады закусіўся з мусарамі і адбываў свае дзесяць сутак у падвале ШІЗА. У ходзе камунікавання блатныя — тонкія псіхолагі — хутка прыкмецілі: у хаце штосьці не тое. Недагаворкі. Запужаныя перагляды, дзіўныя адценні інтанацыяў не схаваліся ад іхняе ўвагі. Кубак чыфіру, што хадзіў па коле, не здымаў напружанасці. «Смотрящий» за турмой, Вова Лысы, вырашыў, што называецца, «прабіць паляну» напрасткі:

— У вас наогул… у хаце ўсё нармальна?

— Так, так, усё нармальна! — таропка заківалі вязаныя.

Але веры ім, вядома ж, няма. Нешта хаваюць.

— Разуменне прысутнічае?! — спадылба пазіраючы ў спужаныя вочы, паўтарае Лысы.

— Усё нармальна, Вова, усё нішцяк! — ківаюць зэкі, ужо разумеючы, што недзе быў дапушчаны пракол.

Тут улазіць Мартын, адзін з нядаўна заехаўшых у хату:

— Ды ў цэлым нармальна ўсё, на должным. Але ўвогуле разумення ў хаце не стае.

«Ну нарэшце», — напэўна, падумаў у гэты момант Лысы. Але Мартын не хоча тлумачыць, што ён мае на ўвазе, — баіцца. Тут жа падручны Лысага, Шара, пераводзіць Мартына ў іншую камеру, дзе той дае ўвесь расклад: у калектыве на 12 чалавек вылучыўся найбольш нахабны — Браканьер, заласуднік з 25 гадамі тэрміну. Хата й раней жыла, разбіўшыся на варагуючыя групкі, але ён парушыў і гэтую хісткую раўнавагу. Сабраўшы вакол сябе невялікую кучку сабе падобных, ён стаў адстойваць свае інтарэсы кулакамі і нагамі, збіваючы сукамернікаў пад рознымі падставамі: то шмат хлеба з’еў, то выказаўся не так. Да блатных гэтыя выпадкі не даносіліся — ці то па агульнай дамоўленасці, ці то з-за страху перад Браканьерам, хоць, згодна з усімі пастановамі братвы, пра падобнае мелася паведамляцца неадкладна. Так яны і жылі, б’ючыся за пайку і баючыся таго, у каго кулак большы. Зразумелая справа, такі стан рэчаў для блатных быў непрымальны. У зладзейскай сістэме, гэтак жа, як і ў дзяржаўнай, манаполія ўлады на гвалт ёсць момантам прынцыповым. Згодна з паняццямі, блатныя могуць біць вязаных, а вязаныя адзін аднаго — не.

Шара вяртаецца ў 123-ю, Лысы адтуль і не сыходзіў. Браканьера б’юць і выкідаюць з хаты на прадол.

На наступны дзень расследаванне працягваецца. Чараўніка тузаюць з ШІЗА ў камеру на першым паверсе. Даюць гарбаты, частуюць шакаладам. Бы незнарок Лысы цікавіцца, як яны жылі ў 123-й хаце.

— Нармальна жылі, усё клас, — адказвае, не чуючы падвоху, Чараўнік.