Выбрать главу
х х х

Якая ва ўсім гэтым мараль? Мараль тут толькі адна: калі ідзеш у ШІЗА, бяры з сабой дзве «мойкі».

ВЫЗВАЛЕННЕ

Усім палітвязням прагрэсіўных поглядаў, учарашнім, сённяшнім і будучым, з верай у тое, што ўсе турмы будуць знішчаныя, — прысвячаецца.

Звычайны вечар на вуліцы Дабралюбава, 16 у горадзе Горкі. 14-я камера ПКТ. Папраўчая калонія № 9. Жнівень.

Вячэра прайшла, вячэрняя праверка таксама. У рэжымнай установе і ўвесь арганізм пачынае жыць па рэжыму: хацець спаць, есці, піць і хадзіць у туалет па раскладзе. Вось і мы з Грынем (мой сукамернік) на сваіх пяці квадратных метрах падрыхтаваліся прайсці традыцыйны рытуал — вячэрняе піццё гарбаты. Гарбаты і ласункаў хапае — тыдзень назад была атаварка. Мы падрыхтаваліся, назапашваючы «нішцякі», і прадчувалі, як усё гэта рубанём заўтра, у мой дзень народзінаў. У чатырох бетонных сценах, у поўнай аднастайнасці, радасцяў не так шмат, і кава з шакаладкай — гэта адна з тых рэчаў, якія хоць часам прымушаюць мозг зэка выкідваць у кроў эндарфіны.

Ледзь дапіўшы гарбату, мы пачулі лязг «тармазоў». Нешта дзіўнае. Было каля 18 гадзін вечара, і ў гэты момант ніхто не мусіў прыходзіць. Тармазы адкрываюцца, за імі — краты. На парозе стаяць двое афіцэраў — рэжымнік і ДПНК:

— Дзядок, збірай усё і збірайся. Пойдзем.

На душы стала трывожна. Звычайна такія змены нічым добрым не станчаюцца. Куды? І чаму ў такі час? Зразумела, выконваць загад не спяшаюся:

— Куды збірацца? Навошта? У іншую хату? Ці на этап? У чым справа?

— Збірайся хутчэй, потым усё скажам! Галоўнае — рэчы свае забірай, усе цалкам.

— Якое потым? Вы зараз скажыце! Куды збірацца? Я не пайду нікуды!

Але мянты адмаўляюцца казаць, хоць забі. Я не сыходжу, спрабую разгадаць гэты рэбус. У іншую хату? А сэнс? На этап і ў іншую зону? Але гэта робіцца зусім у іншы час і па іншай працэдуры. Можа, ПКТ мне нейкім цудам адмянілі і падымаюць назад у лагер? Але чаму тады не кажуць аб гэтым прама?

Пасля доўгіх спрэчак рэжымнік кажа:

— Коля, усё будзе нармальна. Вось пабачыш. Збірайся.

Мусарам, канешне, веры няма. Але гляджу яму ў вочы — здаецца, не хлусіць. Што рабіць, трэба ісці, калі захочуць — вынесуць. Сабраў амаль усе свае рэчы. Усе прысмакі, палову канвертаў, паштовак і стрыжняў пакінуў Грыню — ён не грэецца, яму патрэбней.

Выводзяць з ПКТ, ідзём на КПП (прапускны пункт паміж рознымі сегментамі зоны). Па дарозе яшчэ раз цікаўлюся у рэжымніка: куды?

— Дамоў, — кажа.

Вядома ж, не веру, наадварот, нарастае злосць: з такім нельга жартаваць.

Прыходзім на прапускны пункт, падымаемся на другі паверх. Я бачу — усе мае клункі, пакінутыя ў атрадзе (тое, што ў ПКТ «не положено»), стаяць тут. Мент кажа мне, што я вызвалены і зараз мяне выведуць за межы калоніі.

Гэта было як удар па галаве. Мне падавалася, што вакол мяне адбываецца нейкі спектакль, што зараз з-за дзвярэй выскачыць опер у касцюме клоуна і пачне рагатаць: «Падманулі дурачка на чатыры кулачка!» Але нічога не адбывалася. Я сеў і, напэўна, змяніўся ў твары. Рэжымнік, пабачыўшы мой стан, расхваляваўся, нават хацеў выклікаць доктара.

— Як вызвалены? На падставе чаго? Дзе дакумент? — я паспрабаваў прыйсці ў сябе і зразумець, што адбываецца.

— Нічога не ведаю, слухай… Мне сказалі цябе вызваліць — я вызваляю!

На КПП прыходзіць казёл, бярэ мае сумкі (усе я не выцягну) і даводзіць да КП на выхадзе з зоны. Мянты пасмейваюцца — для іх тое, што адбываецца, таксама нязвычны выпадак. На КП, што вядзе на волю, некалькі кодавых дзвярэй. Прайшлі адну. Перад другой у акенцы сядзіць яшчэ адзін лягавы, які пачынае правяраць маю асобу. Пытаецца імя, прозвішча, год нараджэння, адрас. На годзе нараджэння пачынаю блытацца ў месяцах і днях, перапытваць яго — мозг зусім іншым заняты. Мент барзее — пачынае на мяне пакрыкваць:

— Нармальна можаш казаць ці не?! Цябе пытаюся! Што незразумела?!

— Голас не павышай на мяне! Я на цябе не крычаў! Як узгадаю, так і скажу! І ўвогуле, у дакументах сваіх глядзі, што табе трэба!

Сварка цягнецца паўхвіліны, пакуль не ўмешваюцца мяты, што мяне выводзілі. Але на мой настрой гэтае хамства мусара ніяк не паўплывала — дзіўна, што яно ўвогуле засталося ў маёй памяці. Даюць даведку аб вызваленні. У графе «Нагода вызвалення» — «Указ Прэзідэнта “Аб памілаванні”». Ну, вось пазл і склаўся…