Выбрать главу

З цягам часу набіраешся досведу: заходзячы ў камеру, залепліваеш акно туалетнай паперай (хоць няма свежага паветра, зато цяплей), знаходзіш месцы, дзе спаць зручней за ўсё (я вылічваў іх па сцёртасці фарбы на падлозе: дзе фарба самая сцёртая, там і трэба класціся спаць, бо гэтая сцёртасць кажа аб тым, што там спалі ўсе да мяне), запраўляеш штаны ў шкарпэткі, каб зберагчы кропелькі цяпла, а таксама робіш са сваіх тапачак і скрутку туалетнай паперы выдатную падушку.

У любым выпадку прачнецеся вы разбітым, і ўвесь дзень вам будзе хацецца спаць. Нарэшце, паддаўшыся гэтаму памкненню, вы прыляжаце на падлогу, і кантралёр з радасцю напіша на вас акт аб парушэнні. (Яшчэ не забылі? Спаць удзень забаронена!) А праз колькі дзён адчыняцца дзверы, і вам паведамяць: «Такого-то числа во столько-то осужденный такой-то спал на полу камеры номер такой-то штрафного изолятора, чем нарушил пункт такой-то Правил внутреннего распорядка». І прапануюць распісацца яшчэ за дзесяць сутак. Асаблівым шыкам у мянтоў лічыцца прынесці такую паперу ў апошнія гадзіны, нават хвіліны, да вызвалення, калі ты ўжо наперад смакуеш, як вось-вось пап’еш у атрадзе гарачай кавы з шакаладкай і будзеш спаць гэту ноч у цёплай і мяккай пасцелі.

Колькі ж можна трымаць вязня ў штрафным ізалятары? Да 2008 года гэты тэрмін складаў пятнаццаць сутак. Потым з чарговай хваляй «гуманізацыі» яго знізілі да дзесяці, але дэ-факта гэта нічога не змяніла, бо гаворка ідзе аб «аднаразовым» пакаранні, за адно парушэнне. А за «парушэнні ў ШІЗА» вязня могуць утрымліваць там колькі заўгодна доўга. «Спаў на падлозе» — не адзіная нагода. У кожным лагеры свая тыповая адпіска, якая фабрыкуецца на арыштанта, каб прадоўжыць яго тэрмін у ШІЗА. Дзесьці гэта «не произвел уборку», дзесьці «расстегнутая пуговица»… Ніколі не забуду, як у ПК-17 у Шклове, дзе трапіў у ШІЗА праз дзве гадзіны пасля таго, як прыехаў у калонію, вырашыў: ну, зараз не дам ім нагоды, буду рабіць усё па статуце! Не будзе чаго прычапіцца, і выпусцяць праз дзесяць сутак! Малюсенькай анучкай вычысціў усю камеру: прыбраў павуцінне, пыл, бруд, нават у тых месцах дзе, упэўнены, яго не прыбіралі з моманту будавання барака. Вячэрняя праверка. Адчыняюцца дзверы. У цесную камеру літаральна ўрываюцца адразу тры кантралёры ды яшчэ і ДПНК і пачынаюць азвярэла матляць галавамі па баках, праводзіць рукамі па паліцах, рэбрах нараў, батарэі, століка, нахіляцца, залазіць пад столік і ледзь не на карачках поўзаць, вышукваючы пыл і хоць якую часцінку бруду. Усё беспаспяхова — камера «зіхаціць». Тады адзін з кантралёраў, той, што перад гэтым праводзіў рукой па паліцы, на якой часткова аблупілася старая фарба, націснуў рукой і расцёр яе, часцінкі фарбы засталіся на ягоных руках:

— О! А вот и пыль! Составляем на тебя документ!

Што я ім адказаў, ужо не помню. Але той выпадак канчаткова пахаваў веру ў тое, што палітвязню ў зоне можна «жыць-каб-цябе-не-чапалі».

Іншы выпадак з ПК-9 (Горкі). Хлопец, які ведаў, што мянты на яго злыя і хутчэй за ўсё захочуць працягнуць ягоны тэрмін знаходжання ў ШІЗА, наўмысна паводзіў сябе прыкладна — зашпільваў кліфт на апошні гузік, не спаў удзень і гэтак далей. І вось чарговы дзень. Прайшоў абед. Некалькі хлопцаў, што сядзелі з ім у хаце (ён быў не адзін), разлягліся на падлозе і «даюць храпака». Адчыняюцца дзверы, у хату заходзіць ДПНК. На тых, хто спіць, ён не звяртае аніякай увагі. Паміж ім і «прыкладным зэкам» адбываецца такая размова:

— А ты чего не спишь?

— А я не нарушаю распорядок дня!

— Не нарушаешь, да?.. Ну тогда бумага на тебя, бумага!

І потым на дысцыплінарнай камісіі арыштант можа колькі заўгодна даказваць, што ён не спаў ці яшчэ нешта не парушаў. Я не чуў і не бачыў аніводнага выпадку, каб гэтыя тлумачэнні хоць раз дапамаглі камусьці хаця б знізіць пакаранне, не тое што пазбегнуць яго.

У ПК-17 (Шклоў) яшчэ ў былыя часы, калі ў зоне часта можна было сустрэць мабільныя тэлефоны, аператыўнікі даводзілі да зэкаў: за валоданне мабілай — трыццаць сутак ШІЗА! А як жа трыццаць, калі законам дазволена максімум пятнаццаць? Атрымліваецца, чалавек яшчэ не трапіў у ШІЗА, а мянты ўжо ведаюць, што ён зробіць там «парушэнне рэжыму» і прыйдзецца дакінуць яму яшчэ пятнаццаць сутак!

Нахабнасць мянтоў і звыкласць да беззаконнасці ў зэкаў даходзяць да камічнага абсурду. Адзін з былых прабывальнікаў ПК-8 (Орша), распавядаў мне, як дадавалі суткі ў ШІЗА там. На праверцы ў камеру заходзіць ДПНК, звярае колькасць людзей у камеры па спісе. Глядзіць, хто ў камеры па раскладзе дзяжурны, і калі гэта той самы, каго аператыўнікі загадалі «адстрэліць», кажа, нават не падымаючы галавы ад спіса: «Иванов, паутинка!» — і выходзіць. Гэта значыць, што ў камеры пад столлю вісіць павуцінне (ці ДПНК лічыць, што вісіць — а есць яно сапраўды ці не, не іграе ніякай ролі), і ў гэтым вінаваты дзяжурны па камеры, які дрэнна ў ёй прыбраў. Гэта значыць, што на яго складуць акт аб парушэнні, які будзе разгледжаны начальнікам калоніі на дысцыплінарнай камісіі, дзе супрацоўнікі калоніі, у сваю чаргу, будуць вырашаць пытанне аб накладанні на Іванова дысцыплінарнага спагнання. Але вязню такое доўгае тлумачэнне без патрэбы. Слова «паутинка» пасля яго прозвішча азначае адно: ягонае прабыванне ў ШІЗА працягваецца як мінімум на дзесяць сутак. Але падчас гэтага спектаклю ніхто нават не задае пытанняў, поўнае ўзаемаразуменне!