Выбрать главу

Але ў гэтым, калі прыгледзецца, ёсць глыбокі філасофскі сэнс. Бо ўсё, што адбылося са мной, — толькі пераход з адной турмы ў іншую. Жыццё, якое мы прывыклі лічыць вольным, насамрэч такім не з’яўляецца. Свабода — гэта як вялікі крэмавы торт, і яго немагчыма з’есці ў адзіночку — метафара не мая, але ж дужа трапная.

Пакуль несвабодны нехта адзін — несвабодныя ўсе мы. І адзінае, што нас між сабой адрознівае, хіба што рэжымы ўтрымання.

Вясна 2017

ЗАКАНЧЭННЕ

Ці шкадую я аб тым, што адбылося? Сёння, як мінуў час, можна адказаць на гэта пытанне адназначна: не. Я ні аб чым не шкадую. І калі б можна было павярнуць час назад, тады, на першых допытах, дзе вызначыўся мой лёс, я зрабіў бы ўсё гэтак сама.

Я абавязаны турме многім. Для тых, хто ставіць перад сабой мэту самаўдасканалення, турма — сапраўдная школа барацьбы са сваімі слабасцямі, школа разумення чалавечай псіхалогіі, школа пазнання меж сваіх магчымасцей, прасцей кажучы — школа жыцця. Такой яна стала і для мяне. Да таго ж, калі быць шчырым — сядзець у турме і трываць пакуты няцяжка, калі ведаеш, чаму і навошта ты сядзіш. Не за тое, каб прывесці да ўлады новага прэзідэнта, а потым скардзіцца, што ён здрадзіў народу, не за тое, каб дзяржава змяніла прарасейскую бюракратыю на празаходнюю, не за тое, каб працоўныя беларускіх прадпрыемстваў змянілі гаспадара з дзяржаўнага на прыватнага, і не за тое, каб справаводства ў карных установах КДБ і МУС замест рускамоўнага стала беларускамоўным, а дзеля таго, каб унесці свой, хай і мізэрна малы, унёсак у пабудову грамадства, у якім адна чалавечая асоба ніколі не будзе пазбаўляць волі, правоў і чалавечай годнасці іншую.

Анархісцкі лад, у якім знікнуць самі перадумовы для структурнай няроўнасці, забабонаў, іерархіі і эксплуатацыі чалавека чалавекам, саступіўшы месца роўнасці розных, талерантнасці, сапраўднай — прамой — дэмакратыі і вызваленню ад любога прыгнёту, многім здаецца ўтопіяй. Асабліва ў давядзенні «ўтапічнасці» анархізму ўпарцяцца дзяржаўныя прапагандысты. Але як па мне, то толькі такая мэта, як дасягненне гэтага ладу, можа стаць годнай прычынай для таго, каб паставіць на кон сваю свабоду, здароўе і нават жыццё. Усе астатнія мэты, кшталту пералічаных вышэй, — гэта паўмеры, якія вядуць да касметычнага рамонту Сістэмы, якая працягне ствараць вязняў і наглядчыкаў, эксплуататараў і эксплуатуемых, гаспадароў і халопаў. Сутнасць застанецца, зменіцца толькі фасад.

Сядзець за ідэю няцяжка, калі прыгадаеш барацьбітоў мінулага. Народнікаў царскай Расіі літаральна хавалі жыўцом у каменных сутарэннях турмаў — яны праводзілі там дзесяцігоддзі, і далёка не ўсе выходзілі жывымі. Белагвардзейцы ў грамадзянскую вайну смажылі на металічных лістах анархістаў-махноўцаў, захопленых у палон. У 1906 годзе дваццацідвухгадовую эсэрку Марыю Спірыдонаву, што страляла ва ўтаймавацеля сялянскіх паўстанняў, пры затрыманні збілі і згвалтавалі, а потым прысудзілі да пажыццёвай катаргі. У 1941 годзе венгерскіх анархістаў — «Гайдукоў Катоўскага», што сталі на абарону яўрэйскіх кварталаў ад пагромаў, — легіянеры, катуючы, забівалі на бойні, падвесіўшы на крукі для туш. Памяць пра тых, хто перажыў нашмат больш цяжкія выпрабаванні, чым ты, не давала ўпасці духам і знізіць патрабаванні да сябе. Яшчэ і таму не варта лічыць, што ты — адзіны ў свеце пакутнік за справядлівасць і пераацэньваць сваю ролю ў гэтай вайне.

У адным з твораў Карласа Кастанеды Дон Хуан кажа свайму вучню: «Галоўная перашкода на шляху воіна — лічыць сябе цэнтрам Сусвету». Сапраўды, свядомасць нас падманвае, прымушаючы ў пэўныя моманты адчуваць толькі свой боль і толькі свае цяжкасці. Прыроджаны эганцэнтрызм падштурхоўвае нас да таго, каб лічыць сябе нейкім унікумам, вартым вялікага спачування, учынкі якога — найгалоўнейшыя, а пакуты — найцяжэйшыя. Але гэта не так. Ты — толькі звяно ў ланцужку тысяч і мільёнаў, якія пакутавалі да цябе: у іх таксама былі сем’і, сябры, яны таксама хацелі дыхаць вольным паветрам і бавіць час з сябрамі замест сядзення ў сырых казематах. Твой боль нічым не большы за іхні. Гэта натхняе, бо дае табе, без перабольшванняў, прыналежнасць да Гісторыі, і гэта ж прымушае больш крытычна і патрабавальна ставіцца да сябе самога: пачынаеш разумець, што ў маштабах планеты ты толькі цагліна, якая мусіць быць скарыстаная Гісторыяй для будоўлі новага свету…