Выбрать главу

Ёган Вольфганг Гётэ

Фаўст

Трагедыя

Прысвячэнне{1}

Вы зноў са мною, дарагія здані, Зноў вабіце ў мінулае мой зрок, Яно мне мроіцца, нібы ў тумане,— Але ці здольны я на дзёрзкі крок? Ці мне даступны вашыя ўладанні? Смялей плывіце да мяне здалёк — Сустрэча з вамі абуджае штосьці З былых надзей, з парываў маладосці.
Юнацкіх дзён вы асвяжылі краскі, І вось я ўгледзеў колішняе зноў, Перада мной цяпер, нібыта з казкі, Паўстала дружба, першая любоў, Успомніў скруху зноў я, слодыч ласкі І тых з маіх няўдачлівых сяброў, Хто, шчасце ловячы, растраціў сілы І ўжо не вернецца назад з магілы.
Майго не ўчуюць голасу ніколі Сябры, якіх калісь мой лашчыў спеў,— Распаўся цесны наш гурток паволі, Які мяне так добра разумеў. Сярод чужых я — птушачка ў няволі, Іх воплескі страшнейшыя за гнеў — А тых, каго я часта цешыў лірай, Няма са мной, даўно зляцелі ў вырай.
І зноў душа мая нястрымна рвецца, У край маўклівых вобразаў імкне, І ціхі шэпт няяснай песняй льецца, Уторачы эолавай струне; Хоць душаць слёзы, страх сціскае сэрца, Але пяшчота грэе грудзі мне. Што маю — мроіцца нібы здалёку, Што страціў — тое зноў навідавоку.

Пралог у тэатры{2}

Дырэктар. Паэт. Камічны акцёр.

Дырэктар

Абодва вы, што ў часе сумятні Са мной дзялілі скруху і нягоду,— Скажыце, што павінен даць народу Тэатр нямецкі ў нашы дні? Хачу людзей пацешыць: жывучы, Яны і мне, і вам даюць дарогу. Пара! Гатова сцэна, дзякуй богу,— Збіраюцца на свята гледачы. Садзяцца моўчкі і, падняўшы бровы, Дзівосы нашы спажываць гатовы. Каб дагадзіць іх густу, сродак ёсць — І ўсё ж баюся іхніх лаўраў, кветак: Хоць не распесціла іх прыгажосць, Аднак начытаны — дай, божа, мне так! Што ж нам прыдумаць, каб гучала І кожнаму да густу каб прыпала? Душа і сэрца цешацца не ў меру, Калі я ўгледжу, як людскія хвалі, Што двор аблогай шчыльнаю абклалі, Да нас прарвацца хочуць на прэм’еру, Або калі на золку ў самы холад Натоўп аматараў чакае каля кас, Як жабракі каля пякарні ў голад, Каб толькі той білет купіць да нас. Ствары мне цуд! Так абуджаць імпэт Умееш толькі ты, мой друг, паэт!

Паэт

Маўчы пра тлум; калі прызнацца шчыра, Ён мне натхненне тушыць у душы, Ён мне здаецца небяспечным вірам — Схавай мяне, укрый і зберажы, Таемны свет, дзе быў бы я кумірам, Дзе радасна паэту — пакажы, Дзе дружба і любоў чаруюць сэрца, Дзе шчасце прыгажосцю адгукнецца. Што ў глыбіні сардэчнай прарастае І што на вусны просіцца з нутра — Усё ў будзённай марнасці растане, Як толькі-толькі выйдзе з-пад пяра. Хай лепш гадамі думка выспявае — На ўсё павінна быць свая пара, Наносны бляск нашчадак можа сцерці, А прыгажосць не падуладна смерці.

Камічны акцёр

Мне, смертнаму, ахвоты больш няма Перад нашчадкамі выслужвацца дарма — Сучасніку саступім месца! — Яму не трэба вечнасці і славы: Няхай павесяліцца, пасмяецца, Бо ён не ў меру ласы на забавы! Хто смеху, жарту ведае сакрэт, Таму не страшны чэрні перасуды, Ён мае поспех у натоўпу і як след Паспее дагадзіць усім і ўсюды. Няхай жа смеласць добры прыклад дасць, Няхай фантазія нас не пакіне, Хай розум з адчуваннямі, і страсць, І пал юнацкі ў сэрцы не астыне.

Дырэктар

Давайце болей дзеяння, падзей, Бо толькі гэтым мы збяром людзей. Калі, разявіўшы ў здзіўленні рот, Натоўп усмак нагледзіцца, дасыта І прывітае ўголас фаварыта, Дык п’есу, значыцца, прызнаў народ. Патрэбы масы задаволіце вы масай, З яе хай кожны свой кавалак рве. Што ж тут мудрыць разумнай галаве — Падшпорвай толькі рэзвага Пегаса! Крышыце п’есы! Рэжце без разліку! Навошта цэласць тая гледачу? Я збыць тавар, пардон, ваш твор хачу — З разумным лёгка збіцца з панталыку. Бо ўжо ўвайшло ў характар чалавечы Усё вымерваць па сабе: Глядач не разумее цэльнай рэчы — Яе на шмоцце паскубе.