Выбрать главу

Фаўст

Бяжыць па руні цюцька чорны!

Вагнер

Няхай сабе. А што ж у тым такога?

Фаўст

І не сабака, не! Прыгледзься да яго!

Вагнер

Звычайны пудлік, больш, бадай, нічога — Згубіў, відаць, гаспадара свайго.

Фаўст

Ды не — пятляючы, да нас бяжыць. Я нават бачу хіжы выскал, І з поўсці сыплюцца пад ногі іскры, І ўвесь ад хцівасці дрыжыць.

Вагнер

Вас змрок падманвае заўчасна — Сабака чорны — бачу ясна.

Фаўст

Здаецца мне, вядзьмарскі круг Ён робіць, бегучы па полі.

Вагнер

Блазнуе, скачучы ў сваволі — Гаспадароў угледзеў двух.

Фаўст

А можа, праўда — бачу я сабаку?

Вагнер

Дальбог! Тут прывідаў — ні знаку! Усё звычайна, як вядзецца — Хвастом віляе, лашчыцца, кладзецца!

Фаўст

Ну што ж! Цю-цю! Хадзі да нас!

Вагнер

Пацешны цюцік, толькі чый? Стаіш спакойна, ён цікуе, А загаворыш — добра чуе, Згубі што, адшукае ўраз, З вады табе дастане кій!

Фаўст

І праўда ж — плоцкая натура, Ні звання духу тут, усё — дрэсура.

Вагнер

Калі прайшоў сабачыя навукі, Мужам вучоным дасца ў рукі; Відаць адразу: гадунец шкалярскі, Бадай што, варты нашай ласкі.

Ідуць пад гарадскую браму.

Кабінет{20}

Уваходзіць Фаўст з пудзелем.

Фаўст

Пакінуў нівы я, паляны У цемрыве глухой начы, Каб, жудасным адчаем гнаны, Самому ад сябе ўцячы. Усе спакусы і ўсе звады З сваёй я вытруціў крыві, Любві нябеснай зноў я рады І рады зноў зямной любві.
Пакінь скуголіць, пудзель, супакойся! Чаго ты ўздыбіў хіб, грызеш парог? Ідзі за печ прыляж, не бойся, Пазбудзься й ты сваіх трывог. Калі за горадам дарэчы дужа Твая была мне весялосць, Дык тут, няўрымслівы мой дружа, Будзь як жаданы і спакойны госць.
Калі ў пакоі цесным гэтым Праменьчык цемру разграбе, Узняты ў высі духам светлым, Ты быццам спазнаеш сябе,— Выходзіць розум з укрыцця. І я тады, цяплом сагрэты, Няўтольна п’ю з крыніц жыцця!
Дык не скуголь, прашу! Святыя гукі, Якія сэрца грэюць, не павінны Заглухнуць у выцці звярыным. Мы ведаем, што людзі ад дакукі З вялікіх ісцін строяць кпіны І вельмі часта могуць самі На іх накідвацца ліхімі псамі.
Ой гора мне! Хоць маю сілу волі, Але ці ж гэтага даволі? Чаму павінна высахнуць крыніца? Чаму, сасмяглы, мушу адступіцца? Не! я дасведчаны няблага: Каб недастачу ў шчасці замяніць, Мы звышзямное вучымся цаніць; Наканавана ж нам да чыстай праўды прага, Што выяўляецца на гэтым свеце — І толькі ў Новым Запавеце. Дык разгарну ж той кнігі першароднай Святы арыгінал І, ўклаўшы ў працу ўвесь запал, Яго ўключу ў здабытак мовы роднай.