Выбрать главу

(Разгортвае фаліянт і пачынае перакладаць.)

Напісана: «Было спачатку Слова{21} Ці так? Ці ясна? Ці не памылкова? Лічу, для Слова гонару зашмат,— Перакладу я лепш на іншы лад, Натхнёны згадкаю магічнай. «Была спачатку Думка!» — Так лагічней. Але без спеху толькі, з першых фраз Каб я ў бяссэнсіцы не ўграз,— Бо хіба ж Думка што-небудзь тварыла? Скажу ясней: «Была спачатку Сіла Пішу, а сэрца кроіць пачуццё, Што не, не Сілай творыцца быццё. Чакай, — мо Воля, Розум, Дзеянне, Парыў? Так, «Дзеяннем сусвет пачаты быў!»
Пудзель, калі застаешся са мною, Не скавычы, дай спакою; Не пераношу сабачай скуглы — Вельмі настырны ты, хоць і малы. Ты дакучаеш мне ў часе работы. Я, хоць і без асаблівай ахвоты,— Мушу сказаць — не хавайся за печ, Дзверы адчынены — прэч!
Што раптам бачу тут? Нібыта здань залезла ў кут. ЦІ праўда гэта? Сон? Расце мой пудзель, страшны ён! Ён пухне ўгору, у бакі. Ён велізарны стаў такі, Што бегемота перарос! Паслаў мне ваўкалака лёс! У зрэнках — вогненная злосць. О! Я пазнаў цябе, мой госць! Пабачым, спадабаецца ці не Ключ Саламона{22} напаўсатане!

Духі (на калідоры)

З нашай хеўры чорт У пастку ўлез, як хорт! Мы ж каля дзвярэй стаім: Нельга нам ісці за ім. Пільна сочым мы! Тут снуём і там, Каб хітругу нам Выбавіць з турмы, Каб дапамагчы Сябруку ўцячы; Ён таксама нас Вызваляў не раз!

Фаўст

Скручу я злыдня ў рог Замовай Чатырох{23}! Саламандра — палай! Ундзіна — віруй! Сільфіда — лунай! Гном — працуй!
Той, хто ліхія Чатыры стыхіі Не заклінае, Той і не знае Ні ў духаў пакоры, Ні ў свеце апоры.
Агнём згары, Саламандра! Круціся ў віры, Ундзіна! Зоркай ляці, Сільфіда! У дом свяці, Incubus! Incubus! Выходзьце, — змацуем саюз!
Ніводная не выйшла З праклятага выжла. Ляжыць ён, ашчэрыўшы іклы, Здаровы, жывы, непаніклы. Усцішу ўсё роўна Я сілай чароўнай.
А ці не з пекла, Пачвара, ты збегла? Што ж, тады, можа, Знак гэты паможа{24},— Біч вашай хеўры!
Шчэцце тапырыцца, вырачыў зеўры! Пахіба, страшыдла, Пякельнае быдла! Той знак — Хрыстовы, Той знак — суровы, Знак божае ўлады, Святое спагады!
Думаў, што пудзель, аж ён Вырас, раздаўся, як слон, Кут засланіўшы і печ, Хоча туманам расплыцца, Сіліцца вырвацца прэч. Не, я прымушу пачвару скарыцца! Гнеў мой — магутны, пагрозы — не жарты! Полымем знішчу, шаленец упарты! Не чакай — Агню, небам тройчы ўладарна ўславёнага!{25} Не чакай — Пакуль буду вымушан я да сабакі шалёнага Найлепшы з усіх маіх сродкаў ужыць!

Туман рассейваецца, і з запечка выходзіць Мефістофель, апрануты вандроўным шкаляром.

Мефістофель

Навошта гвалт? Я рады вам служыць!

Фаўст

Дык вось дзе сутнасць пса! Шкаляр Вандроўны! Казус смеху варты!

Мефістофель

Салют, васпане! Проста ў жар Мяне кідаюць вашы жарты.

Фаўст

Скажы імя сваё.

Мефістофель

                        Як можа той, Хто пагарджае думкай, словам, Хто зазірае ў сутнасць, верачы замовам, Цікавіцца такой лухтой?

Фаўст

Імя звычайна добра кажа, Дзе крыецца ўся сутнасць ваша: І вельзевул, і загубіцель душ, мой пане, І проста шарлатан з яго прагляне. Дык хто ж ты?

Мефістофель