Выбрать главу
                  Частка сілы той ліхой, Дабро ўтвараецца з якой.

Фаўст

А сэнс які! Утойваць недарэчна!

Мефістофель

Я — дух, што адмаўляе вечна! І маю рацыю, бо ўсё жывое ў свеце Ператвараецца ж у смецце, То лепш няхай яго б і не было. А што для вас — грахі ліхія, Знішчэнне, страта, проста зло — Ёсць родная мая стыхія.

Фаўст

Назваўся часткай, а стаіш тут цэлы.

Мефістофель

Сказаў вам праўду я;                               ваш свет здурнелы, Ваш недарэчны чалавечы род Вы лічыце за цэласць і аплот. Я частка часткі, што калісь Усім была, Я частка цемрадзі — прычыннасці святла, Святла пыхлівага, што з самага пачатку Перамагчы імкнецца цемру-матку, Ды ўсё ж не знае, колькі б ні хацела, Адмежавацца як ад цела; Яму заўсёды цела стрэміць шлях, Паверхня цел і іх адбітак — Яго аснова і здабытак, А цела смерць — ягоны крах.

Фаўст

Цяпер мне прынцып твой даволі ясны: Скрывавіўшы дарма на цэлым дзясны, Пачаў кусаць кавалкамі яго.

Мефістофель

І праўда, ў цэлым не здабыў свайго. Дурное Нешта — свет і людзі ў ім,— Спрадвек ваюючы з Нічым, Зважаць не хоча на ліхоты, жахі, Пад корань рэжа ўсе мае замахі. Пажары, буры, перуны грымяць, А мора і зямля стаялі і стаяць! Праклятаму людскому зброду Усе мае наскокі не на шкоду. Здаецца, столькі я ў магілу звёў, Ды новыя народжваюцца зноў. Жыццё цячэ! (А я дрыжу ад шалу!) І парасткі жыцця растуць памалу З зямлі, з паветра і з вады, Ім на карысць і холад, і цяпло. Калі б агню ў мяне і пекла не было, Прапаў бы я зусім тады.

Фаўст

На свет гармоніі, які Кіруе ўсім жывым здаўна, Дарэмна, чэрствы сатана, Узносіш грозна кулакі! Шукаў бы іншае задачы, Хаосу выпладак лядачы!

Мефістофель

Падумаю над вашым сказам, Але пра тое іншым разам! Цяпер дазвольце кінуць вас.

Фаўст

Нашто пытацца, ў добры час! Знаёмства я не пазбягаю. Наведвай, маючы патрэбу, Акон, дзвярэй не замыкаю — А не — і комінам не грэбуй!

Мефістофель

Прызнацца мушу — не пускае Мяне з пакоя вашага ніяк Чароўны на парозе знак.

Фаўст

А, пентаграма сыну тла{26} Балюча кіпці апякла? Тады скажы мне, калі ласка, Як сатану ўшчаміла пастка?

Мефістофель

Прыгледзься сам, накрэслен тут Няроўна ў пентаграме кут. Прадзерціся — не трэба спрыту многа.

Фаўст

То ж бач! — нянаджаная ўдача! Злавіў я раптам духа злога — І ў пастцы хітры д’ябал скача!

Мефістофель

Не ўбачыў пудзель анічога; Лічы, так склаліся ўжо рэчы, Што д’яблу з дома нельга збегчы.

Фаўст

Чаму ж тады не скарыстаць акон?

Мефістофель

У зданяў і чарцей такі закон: Як увайшоў, так выйсці абавязан. У першым вольны, у другім я скуты.

Фаўст

Ты бач!             І ў пекле ёсць свае статуты! Дык мо, дарэчы, змацаваць указам Мне з вамі пакт, шаноўны пане?

Мефістофель

Трымацца пакта д’ябал абавязан, Умоў ніколі парушаць не стане; І з вамі я параіцца гатоў, Сустрэйшыся асобна дзеля справы. Цяпер жа я хачу, мой пан ласкавы, Сказаць: «Дабранач, будзь здароў!»

Фаўст

Пастой, спяшацца, чорт, няма куды — Хачу спытаць што-колечы сам-насам.

Мефістофель

Пусці, вярнуся зноў я лепшым часам, Распытвай — колькі хоч тады!