Выбрать главу

(Смела садзіцца ў скураное крэсла каля ложка.)

Прымі ж мяне! Як і другіх прымала На трон бацькоўскі з радасцю, з журбой! Як часта дзетвары гарэзны рой Сваволіў колісь тут, бывала! Дзядулю тут каляднаю парой За шчодрыя дары дзяўчына цалавала. Я знаю, мілая, душой спрыяла Ты гэтаму парадку; не дакор Матулін тут кіруе, не прымусам Ты засцілаеш стол абрусам, Ты прыцярушваеш пясочкам жоўты двор З руплівасцю сапраўднай гаспадыні! О мілая рука! Рука багіні! Ты здольная у хатцы цеснай Зрабіць сапраўдны рай нябесны! А тут?

(Падымае палог ложка.)

        Святы мяне сцінае страх! Як тут спакойна, як тут міла! Прырода! У чароўных лёгкіх снах Анёлка ты ўскарміла! Яна! Яна — мая дзяўчына На гэтым ложку спала тут; — У гэтай хатцы дабрачынна Саткаўся чысты божы цуд!

(Сам сабе.)

Што ж ты прынёс, нязваны госць, Сюды? Любоў, пашану, злосць? Чаго тут прагнеш? Што ў душы пануе? Цябе, о Фаўст, ужо не пазнаю я!
Мо проста выпадак занёс Цябе на шлях такой прыгоды, Калі аж млееш ты ад асалоды? — Няўжо так лёгка намі правіць лёс?
Каб раптам увайшла, дык што было б? Чым апраўдаў бы дзёрзкі свой учынак? — Ты, як нікчэмны асталоп, Укленчыў бы перад дзяўчынай!

Мефістофель (уваходзячы)

Яна ідзе! Бяжым адгэтуль прэч!

Фаўст

Далей з чароўнага прытулку!

Мефістофель

Вазьміце гэтую шкатулку — Патрэбная, скажу вам, рэч. Пастаўце ў першую шуфляду. Даю вам голаў без закладу, Што, ўбачыўшы такую лусту, Любая дзеўка з’едзе з глузду,— Расчуляць цацачкі да слёз.

Фаўст

Ці зручна мне?

Мефістофель

                      Вы што, ўсур’ёз? Мо самі возьмеце? А дзеўцы — чары? Пры вашым вытанчаным спрыце Лепш розумам сваім жывіце І не рабіце мне турбот, Каб я праз прыхамаці скнары Не надрываў сабе жывот…

(Ставіць шкатулку ў куфар і замыкае.)

Цяпер мы лататы дамо! Дзіцятка ж хай сабе само Тут спакушаецца для вас. Ды нешта ў пана кіслы выгляд, Нібы на лекцыю вам час Рабіць метафізічны выклад Перад дзесяткамі вачэй. Аднак бяжым адсюль хутчэй.

Выходзяць.

Маргарыта (уваходзячы з лямпай)

Тут горача і душна так…

(Адчыняе акно.)

А на дварэ — не тое, што ўжо ў хаце. Мне неяк так… не знаю як… Чаму няма так доўга маці, Глядзі, і немарасць прысніцца. Якая ж я, аднак, дурніца…

(Раздзеючыся, спявае.)

Уладца Фулы слаўнай{51} Меў кубак для бясед, Каханай дар, што рана Сышла у лепшы свет.
З яго гаючы трунак Піў на пірах кароль, Глядзеў на падарунак,— Стаіўшы ў сэрцы боль.
Усім зычліўцам трона Раздаў ён гарады, А пры сабе да скону Меў кубак залаты.
Сазваў на пір наказам Ён рыцараў зямлі І ў зале продкаў разам Апошні раз пілі.
І прывітаў гасціну Сардэчна валадар, І выпіў і ў пучыну Ён кінуў мілы дар.
Прыбой у золкім змроччы Той кубак падхапіў. Кароль заплюшчыў вочы І больш ужо не піў.

(Адчыняе куфар, каб пакласці адзежу, бачыць шкатулку.)

Адкуль шкатулка тут? Я ж зачыніла куфар на замок. Якія рэчы ў ёй? Ды гэта ж цуд! І хто яе паставіць мог? Нашто тут доўга варажыць — Прынеслі, пэўна, залажыць, А мама — ў скрыню даччыну! Ах! Вось і ключык! Адчыню? А божа, колькі тут аздоб! А божа, колькі тут акрас! А ўсё-такі чый гэта скарб? Любой дваранцы ў самы раз Не сорамна насіць было б!
полную версию книги