Выбрать главу

Мефістофель

Я ў справах смерці вам не радца.

Фаўст

Шчаслівы той, каму ў зіхценні славы Акрые скроні лаўр крывавы, Хто з перамогаю закончыць бой Альбо ў любові скон прымае свой! Чаму ж, чаму, як дух з’явіўся, Я не памёр і не спыніў пакуты.

Мефістофель

Але, здаецца ж, нехта не рашыўся Прыняць смяротнае атруты.

Фаўст

А ты шпіён, чужыя любіш тайны.

Мефістофель

Хоць не ўсёведны я, але цікаўны.

Фаўст

Калі жуду ліхой хвіліны Царкоўны звон з душы адвёў, Мае пачуцці і ўспаміны Міраж падсунулі мне зноў. Кляну я ўсё, што спакушае, Душой кіруючы пахілай, Што светлы розум заглушае Прывабнаю, падманнай сілай; Кляну сляпую нашу пыху, Якой сябе дарэмна губім, Амбіцыю, якую любім, З якой жывём без зроку й слыху. Праклён таму, што цешыць снамі, Што песціць мару аб узлёце, Праклён таму, што разам з намі,— Сям’і, маёмасці, рабоце! Пракляты будзь і ты, Мамон{29}, Што сэрцы нам забрудзіў сажай, За тое, што распусце нашай Падушкі падкладаў спакон! Праклён гаючым сокам гронаў, Праклён любоўнаму ўтрапенню, Надзеі, веры — сто праклёнаў І больш за ўсё — майму цярпенню!

Хор духаў (нябачна)

О гора! О гора! Ты знішчыў яго, Разбурыў яго — Прыгожы, прыемны, Свой свет патаемны. Паўбог, ты яго Праклёнам паверг. Мы хочам Узнесці руіны наверх! Мы плачам. Наймагутнейшы З мужных сыноў, Найцудоўнейшы, — Зладзь яго зноў! Новы свет узвядзі У сэрцы сваім! Ідзі Новым шляхам па ім! Уваскрэсні У лепшым жыцці, Мы новаю песняй Паможам ісці.

Мефістофель

Малая малеча, А клёку паўнеча! — Чуеш, завуць да прыгоды, Радасці і асалоды. З гэтай нары, Дзе чэзнуць сокі, Выйдзі, стары, У свет шырокі. Даволі няньчыцца з сваёй журбою, Што каршуном твае вантробы рве; Адкрыта ўсё перад табою, Цябе Наступнае заве, Табе цяпер з быдлячым збродам, Што называецца народам, Дзяліць няма чаго зусім! Я не герой, не стану ім, Але ж, калі на тое будзе згода І выйдзеш ты з каморы шэрай, Служыць пачну я праўдай, верай, Парадай добрай пасабляць, Варожы націск паслабляць, Плаціць табе за згоду поўнай мерай.

Фаўст

А чым жа я сплачу табе?

Мефістофель

Дарэмны клопат, пачакаю.

Фаўст

Карыслівасць чарцей я добра знаю — Не зробіць ласкі мне ваш брат. Якая ўмова? Балазе, Даверыцца гатовы я слузе, Які нікому не наробіць страт.

Мефістофель

Хачу быць тут табе слугою, Тваіх загадаў слухацца заўжды, Калі ж мы там спаткаемся з табою — Дык там паслужыш мне ўжо ты.

Фаўст

Што будзе там, мне клопаты малыя. Калі жыццё зруйнуецца, тады я Перасялюся ў новы свет. Тым часам мне зямля падорыць радасць, А сонца абагрэе старасць; Калі ж Яна на мой натрапіць след, Ёй і ўручу сябе і запавет. Навошта ведаць, кім я стану, Ці ёсць каханне там, ці залячу там рану, Нашто мне знаць, цікаўны госць, Ці ёсць там верх і ніз ці ёсць.