Выбрать главу

Паэт

Дык гэта ж, пане, рамяство й падман, Яны мастацтву добраму на шкоду! У вас, відаць, партач і графаман Пашану заслужыў, стаў выбівацца ў моду.

Дырэктар

Не крыўджуся, хоць думаю не так, Бо толькі той сапраўдны майстар і мастак, Хто дагаджае публіцы заўжды. Адзін да нас прыходзіць ад нуды, Другі, укормлены, паважны пан, Ідзе шукаць духоўнага наедку, А трэці — крытык-шарлатан — З гатовай думкай прыхапіў газетку; Збіраюцца да нас, як на пацеху, Цікаўныя да плётак, шуму, смеху. Спектакль у зале, дзе радамі Сядзяць адзетыя па модзе дамы І, пышныя паказваючы ўборы, Бясплатна йграюць лепей, чым акцёры. Вам эмпірэі толькі ў галаве? — Вам ложы перапоўненыя любы? Хто вашыя мудроты спажыве? Той абыякавы, а гэты — грубы. Адзін пасля ідзе на прэферанс, Другі шукае ласнае спакусы. Навошта ж дзеля гэтага у транс Уводзіць светлыя, святыя музы? Скажу: пішыце многа, складна, важка — Тады і дойдзеце хутчэй да мэты, Смялей ашуквайце людзей, паэты, Бо задаволіць іх заўсёды цяжка! Ды што такое з вамі? Зноў надрыў? Ці ў сэрцы свежы боль загаварыў?

Паэт

Ідзі шукай сабе другіх рабоў! Не на паэта ваша паняверка, Паэту бо вышэйшае з правоў — З народам быць — не голая паперка. Скажы, чым сэрцы ён кранае? Стыхіі чым перамагае? Гармонію бароніць хто ад бед? Чыя душа змяшчае цэлы свет? Калі прырода круціць часу калаўрот І раўнадушна нітку вечнасці прадзе, Калі бязладны гурт жывых істот Рознагалоса навакол гудзе, Хто ж у хаосе, у стыхійным моры Парадак стройны навядзе, Каб загучалі ў маналітным хоры Усе адзінкі сілаю з’яднанай? Хто буру выявіць у страсці апантанай? А зладнасць дум — у сполахах зары? Хто кветкі пакладзе да ног каханай? Хто за каханне згіне без пары? Хто сімвалам геройскіх перамог Зрабіў нязначных лаўраў вецце? Хто аб’яднаць багоў Алімпа змог? — Паэт — пясняр вялікіх спраў у свеце!

Камічны акцёр

Няхай тады ўсіх чарадзеяў сілы Натхняць твае, паэце, крылы. Мой прынцып вось: любоўны хмель, Залёты смелыя, дуэль, Сардэчны боль, пажадлівы падман, Пакуты рэўнасці — і ёсць раман. Спектакль павінен быць такім, Каб бушавалі вірам страсці ў ім, Бо ў п’есе важна толькі тое, Што слухачоў хапае за жывое. Дык прыгатуем жа, сябры, піццё, Якое б нам падкрасіла жыццё! Хай дзеянне пануе ў п’есе, А праўда ў выдумцы й мане Імгненнай іскаркай мільгне — І гэта лепш людзям у сэрца ўлезе. Тады спектакль прывабны наш Рассуне моладзі у свет шырокі межы, Папоўніць вопытам яе багаж, Пяшчоткам дасць меланхалічнай ежы, Яшчэ і вочы кожнаму адкрые На той інтым, што ціха ў сэрцы ные. Яны прымаюць мішуру на «брава», Іх вабяць подзвігі, любоў і слава. Хто вопытны — таму не дагадзіць, Падзякуе — хто пачынае жыць.

Паэт

Вярні ж, вярні мне тыя леты, Калі я быў зусім другі, Спяваў вясёлыя куплеты І ад любоўнай млеў тугі, Калі я жыў у свеце казкі, Калі ў бутоне бачыў цуд, Калі збіраў на лузе краскі І верыў толькі ў божы суд, Калі ў грудзях я сэрца меў, Да праўды прагаю кіпеў; Вярні, вярні мне парыванні, І жар нянавісці ў крыві, І моц юнацкую ў каханні, І шчасцем зноў мяне спаві; І летуценніцкія дні, І пэўнасць у сябе вярні.

Камічны акцёр

Калі, здараецца, прыцісне У лютай бойцы супастат Альбо на шыі дзеўка вісне, Тады юнацтва ў акурат,— І для парываў на прыволле, І для застолляў у шынку, Для танцаў, славы і сваволля, Для славы гордай у вянку. А струны ціхія гітары Перабіраць і лашчыць слых, Аплакваць страчаныя мары — Хай будзе доляю старых, Пачэсным абавязкам вашым, А мы заўсёды вас уважым; Не верце, ў старасці наш розум не здае, Нас толькі старасць дзецьмі застае.