Выбрать главу

Вучань

Лічу ўсё гэта зразумелым І бачу ўжо карысць умоў: Усё, што чорным запішу на белым, Спакойна панясу дамоў.

Мефістофель

Дык выбірайце ж факультэт!

Вучань

Юрыспрудэнцыя мяне не вабіць.

Мефістофель

Я дастаткова ведаю прадмет, Каб у віну вам гэтага не ставіць. Законы прававой маралі Мы ад эпох мінулых атрымалі У спадчыну, нібы хваробу, Што з роду ў род усім грызе вантробу. І мы чужыя сплачваем падаткі, Грахоў бацькоўскіх кволыя нашчадкі. Дурнота мудрай стала, зло — з дабра, А што прыродным правам жыць пара, Забылі мы пра гэта, ані згадкі.

Вучань

Умацавалі вы мяне ў агідзе. Шчаслівы той, хто ў школу вашу прыйдзе! За тэалогію, магчыма, лепш узяцца?

Мефістофель

Баюся, тут я вам не лепшы радца. Прадмет складаны і славуты, Дзе заблудзіць за ўсё прасцей — Адрозніць лекі ад атруты Ніхто не ўмее між людзей. Вы слухайце настаўніка свайго І прысягайце словамі яго, Бо толькі слову адамкнецца брама Таго загадкавага храма, Дзе ёсць і пэўнасць і аплот.

Вучань

Аднак ва ўсякага жывога слова Павінна быць рэальная аснова!

Мефістофель

Магчыма! Толькі — што шукаць турбот! Бо, зрэшты, там, дзе сэнсу мала, Мы круцім словам дасканала; Са слоў складаюцца ідэі, тэмы, Са слоў будуюцца сістэмы, Нам слова трэба паважаць, Ні ў якім разе не скажаць.

Вучань

Даруйце, што настырна прыстаю, Але прасіць асмельваюся вас Мне думку выказаць сваю Пра медыцыну — пару фраз. За тры гады збярэш няшмат — Не абысціся, знаю, без парад, Тут без падказкі не ўладкуеш справы, Наперад ні на крок не рушыш.

Мефістофель (сам сабе)

Ну, годзе, у мараль залезлі мы па вушы ж, Вярнуся да будзённае забавы.

(Уголас.)

Дух медыцыны просты, ясны: Вялікі і малы спазнайце свет, І хай усё ідзе на лад уласны, На богам вызначаны ступіць след. Свой арганізм навукаю глуміць Няма чаго, дапытлівы мой друг, Хто ўмее момант ухапіць — Той і мастак і зух! У вас пастава ёсць, манеры, Вы храбры, спрытны, далікатны, А хто ў сябе паверыць здатны, Той стане ідалам чужое веры. Адметны такт патрэбен да кабет — Жанчынам трэба ж кавалеры! На ўсе іх «вохі», «ахі», енкі Заўсёды медык знойдзе лекі: Ім дапаможа тытул ваш, дыплом, Хоць будзьце вы асёл аслом. А ў вас ёсць нейкі ўсё ж запас. Тут нават дурню карты ў рукі: Вы возьмеце сваё за раз І з пацыенткі і з навукі — Праверце пульсік у паненкі, Пасля абстукайце каленкі, А там, прыветлівы, паслужлівы, прывабны, Абвіце спрытна станік зграбны: «Ах, ясачка, анёл нябесны, На вас гарсэцік ці не цесны?»

Вучань

Якраз, што трэба мне. Наш брат умее…

Мефістофель

Тэорыя — сухая, дружа мой, а дрэва Жыцця заўсёды пышна зелянее.

Вучань

Я нібы ў сне! То ж гэта трэба! А ці не можа пан згадзіцца, Каб я прыйшоў яшчэ раз павучыцца?

Мефістофель

Усім, што маю, рады падзяліцца.

Вучань

Я не магу пакінуць гэты дом, Не папрасіўшы, мне ў альбом, Каб лепш адзначыць першую сустрэчу, Што-колечы ўпісаць.