Выбрать главу

Мефістофель

                               Я не пярэчу.

(Піша і аддае.)

Вучань (чытае)

Eritis sicut Deus, scientes bonum et malum.{34}

(Пачціва складвае альбом і развітваецца.)

Мефістофель

Парадай цётухны-змяі кіруючыся, ты Адкінеш цырымоніі і німб святы.

Уваходзіць Фаўст.

Фаўст

Куды ж ісці?

Мефістофель

                А гэта не сакрэт. У свет малы, пасля ў вялікі свет.{35} Скажу — набытак будзеш мець вялізны, Са мной прайшоўшы курс карысны.

Фаўст

Куды ўжо мне з сівою барадой У гэтым мерацца з табой, Тут спроба пойдзе надарма. Адзін бы я не вытрымаў ярма, Бо я губляюся, людзей баюся І сам сабе нікчэмнасцю здаюся.

Мефістофель

Адвага прыйдзе з вопыту жывога, Абы меў веру ты ў сябе самога.

Фаўст

А як жа нам мае пакінуць нетры Без слуг, без коней, без карэты?

Мефістофель

Нічога! Толькі плашч раскіну гэты — І мы, васпане, у паветры! Адно прашу: пакінь ты на зямлі Куфэркі, клункі, хатулі. Агнём дыхну на развітанне — І паляцім у неба тым хутчэй, Чым будзе на плячах лягчэй! Ну, з новым вас жыццём! Маё вітанне!

Піўніца Аўэрбаха ў Лейпцыгу{36}

Гуляе вясёлая кампанія.

Фрош

Што з вамі, хлопцы? Ўцяміць не магу! Ні ў скач, ні ў плач, гарэлка вас не грэе; Бывала, кожны чортам ходзіць і дурэе, І раптам — на! Што куры ў катуху!

Брандэр

Ты сам спаганіў гумар свой, Быў зух, а стаў свіння свіннёй.

Фрош (вылівае яму на галаву шклянку віна)

Дык вось табе!

Брандэр

                      Дурны свінтух!

Фрош

А каб табе язык апух!

Зібель

Зноў гвалт? Няма на вас халеры! Заткніцеся, бо выпру ў дзверы! Чым так, за дзякуй горла драць, Давайце песеньку спяваць! — Маэстра! Гоп-ля-гоп!

Альтмаер

                     А хай ты трэсні,— Аж вушы рвуць твае мне песні!

Зібель

Ха-ха! Каб тут я ўзяў на поўны бас, Скляпенне рухнула б на вас.

Фрош

Каму не ў лад, таго ганіце ў карак! А-тара-лара-там!

Альтмаер

                         А-тара-лара-там!

Фрош

Цяпер пачну без лішніх сварак!

(Спявае.)

Свяшчэнны Рым{37}, чаму ты Не заняпаў ад смуты!

Брандэр

Цьфу! — дрэнь.                       Палітыка не для карчмы! Далоў яе! Каму якая справа, На чым трымаецца дзяржава. Падзякуемце лепей мы, Што па ласкавай волі бога Не нас датычыцца трывога За канцлерскі, за папскі трон. З нас кожны папа, кожны ўдалы: Давайце ж выберам, адно каб ён Меў пры сабе святыя прычындалы!{38}

Фрош (спявае)

Узвіся, салавейка, ранкам рана, Сто тысяч прывітанняў занясі каханай.{39}

Зібель

Вітаць каханак? К чорту! К богу ў рай!

Фрош

І пацалунак! — Не перашкаджай!

(Спявае.)

Замкі далоў! Прыйду я ноччу. Замкі далоў! Вазьму красу дзявочу. Замкні пад ранак на пацямочкі, Бывай, каханка! Бывай да ночкі!